Выбрать главу

*

Дзядзька Туркевіч апавядаў, што фільм ішоў не асабліва цікавы, нешта нуднае з даваеннага жыцця расійскай інтэлігенцыі, але так-сяк даседзеў ён да канца, а каля гадзіны восьмай з паловай выйшаў з кіно і памаленьку пацягнуўся на Варонюю, вячэраць.

Прайшоў троху і вельмі здзівіўся: нейкі новы патруль ходзіць па вуліцы, з белымі павязкамі на рукаве. Дзівіўся нядоўга, бо зараз крычаць яму па-польску:

— Стуй! Рэнцы до гуры!

Падняў рукі. (Ён мне не казаў, але я ўяўляю сабе, як ён ашчэрыўся, калі сваю мілую дзіцячую лагодную ўсмешку скрывіў на вялікую злосць.)

Падыходзяць да яго:

— Сконд? Доконд?

Паглядзелі дакументы. Быў у яго нямецкі пашпарт. Памуляліся, — пусцілі... Толькі сказалі — зараз ісці дамоў і да раніцы нікуды з хаты не паказваць носу.

Дваццаць крокаў прайшоў — ізноў патруль. Ізноў тое самае. Так-сяк прабіўся да Вароняе бліжэй, а на Варонюю не прапускаюць: і тут нельга прайсці, і там нельга прайсці. Абкружана Вароняя!

Ужо яго чуць не арыштавалі. Насілу вывернуўся. Пабег назад. Спяшаецца да таварыша А., што жыў тут недалёка...

Аж сам таварыш А. едзе на легкавым, зварочвае ў завулак. І вязе нешта цяжкое... (Зброю вёз.) Завярнулі яго каля Вароняй, не паглядзеўшы, што вязе.

— Быў ты на Вароняй? — пытаецца дзядзька Туркевіч.

А ён увесь трасецца ад нервацыі:

— Усюдых, — кажа, — абкружана: клуб, сталоўка, цэлыя гнёзды...

IV. НАПАД

Спаў я аж да восьмай вечара. Прачнуўся — думаў, што ўжо раніца. Айцоў нашых няма, толькі Юзя сядзіць кніжку чытае. Гэта мой бацька прынёс «93-ці год» В. Гюго.

Сам чытаў і ёй падсунуў.

Прачнуўся я, убачыў, што яна сядзіць, чытае, і думаю: «Вось за гэта бацька маладзец, што і сам часта чытае і Юзі кніжку падсунуў. А я і сам цяпер амаль што нічога не чытаю, а галоўнае — у голаў мне не прыйшло прывучаць да добрай кніжкі Юзю». Зрабілася мне сорамна.

Юзя мне сказала, што мой бацька пайшоў на меншавіцкі мітынг, а яе бацька — у сталоўку на Варонюю. І кажа, што ўжо позна, па вежы празванілі тры чвэрці восьмае. Я хутчэй падняўся, каб ісці.

— Чаму ж ты, — кажу, — мяне не будзіла? На Варонюю са мной пойдзеш? — А сам думаю: «Хоць бы ты лепей не пайшла, а то перашкодзіш мне пагаварыць з Аронам».

— Не, — кажа, — не пайду. І цябе сёння не пушчу туды. Кніжка дужа цікавая, давай чытаць разам... — Дый пажартавала: — Лепей, — кажа, — чытаць пра другіх, як яны галовамі наклалі, чым накладаць сваёю... — І ўстала, абвіла мяне за шыю рукамі і пачала цалаваць. — Не ідзі, — кажа, — Мацей, паслухай мяне, пабудзем удваіх дома...

— Ой, не, Юзічка... — і хацеў што-небудзь зманіць, ды не ведаў як. Мне хацелася пагутарыць з Аронам, а тут яна прычапілася з сваімі пяшчотамі. — Ой, не, — кажу, — абавязкова мушу схадзіць да папа Болеся, я даў яму слова...

— Маніш!

— Слова гонару, што не маню! — і зрабіў самы сур’ёзны выгляд, а маніў як найлепей, каб ашукаць яе.

— Ну, добра, да яго збегай, — паверыла яна, што не маню, дый «панам Болесем» кранулася. — Збегай, але зараз,— кажа, — назад. І глядзі, на Варонюю ні кроку... Бо ўжо і позна, цёмна... Чуеш? Дай мне слова!

— Даю, даю! — што мне значыць даць ёй слова, калі мне для маіх спраў патрэбна. — Але ж вось бацька твой, — кажу, — пайшоў туды.

— Ну, бацька... Бацька мой — іншая справа. Што ён каму? З есць сваю кашу і вернецца. А ты — не ідзі... Прашу цябе. Ты ж даў слова...

— Добра!

Вырваўся-ткі я з-пад яе апекі і хутчэй памчаўся. Да самага Юраўскага не заўважыў, ці на вуліцах стаялі паліцыянты-немцы ці ўжо палякі... Магчыма, што нікога не было.

І на Юраўскім, да Віленскай, здаецца, нікога не было. А там ужо, на рагу, супроць дома, дзе да апошніх дзён была тарыба, убачыў я першы польскі патруль. Ён мяне далей у бок Вароняй не прапусціў. І зразумеў я, што на Вароняй штосьці дзеецца...

Пачаў я кружыць. Забег ад Пагулянкі — патрулі... Кінуўся назад, бег-бег, праслізнуў-ткі на Газавы завулак, каб прабрацца ад Віллі, — і там патруль на патрулі, і бачу: залёг цэлы ланцуг пазнанцаў у нямецкай вайсковай форме...

Бегаў я, можа, з гадзіну. Нарэшце ўдалося падысці з боку Звярынца да самага Лукіскага пляца, і тут я выпадкова трапіў на патруль, у якім былі абодва браты Пстрычкі. Хоць было цёмна, але яны мяне пазналі і вельмі ўсцешыліся мне, свайму былому «дарэктару».

Я ж быў вельмі ўсхваляваны і прычыну вытлумачыў тым, што на Вароняй, у доме Антановіча, жыве мой добры прыяцель, да яго жонкі пайшла ў госці мая жонка, дык вось бягу ратаваць, каб там не заначавала, трывожны час...

Яны горача ўзяліся дапамагаць мне. Спярша, праўда, суцяшалі, што праз гадзіны дзве ўсё будзе скончана, спакойна, можна будзе прайсці туды і назад. А калі я не мог суцешыцца, яны параіліся між сабою, потым пагаварылі з некім з сваіх кіраўнікоў, і вось большы Пстрычка ўзяўся мяне туды падвесці.