Падвёў — аж за касцёл Якуба. (І там залёг ланцуг пазнанцаў.) Далей ісці ён пабаяўся. Я горача яму падзякаваў — і рынуўся адзін... Толькі падбег да клуба — адзаду, з боку палякаў, пачалася страляніна...
Перад гэтым, каля дзевятае гадзіны, з’явіўся ў клуб, як мне тут зараз расказалі, нейкі студэнт, што раней хадзіў сюды як свой, а цяпер начапіў па шапку польскага арла, а на рукаў — белую павязку.
Прыйшоў, пытаецца:
— Гдзе комэндант?
І ўбачыў Тараса.
— А, прошэн пана, пане комэнданце! Естэм парлямэнтар!.. — І падае запіску.
Адрасавана яна была проста «ў пакой № 20». Пісаў яе палкоўнік Вэйтка. Прапанаваў палкоўнік: каб не было дарэмнага крыверазліцця з таго і з таго боку, няхай Вароняя здаецца да адзінаццатае гадзіны. Дзве гадзіны на размысленне...
Наўпрэкі ўсякай далікатнасці, ніякага адказу палкоўніку не далі. Наўпрэкі ўсякім раней пісаным законам, «парлямэнтара» арыштавалі і нават зняважылі словам... Бо Тарас, у злосці, назваў яго «не парлямэнтарам, а сабачым сынам».
— Як жа! — крычаў на яго Тарас. — Лічыўся ты бальшавіком, дзён колькі ў нашай казарме цёрся, па дзесяць рублёў у дзень браў, а цяпер — на табе: парламэнтар! Сабачы ты сын, а не парламэнтар!
Можа троху і штурхнуў бы, але не было часу ім займацца. Загадаў тушыць агні, займаць свае месцы, сядзець, чакаць нападу!..
Між іншым, я спярша падумаў: ці не Болеся часам з яго доўгім языком і сэрдабольнасцю прынясло сюды з запіскаю? Аж не. Як апісалі мне, які ён, гэты студэнт, дык быў не Болесь. А потым, як пачуў, што гэты і ў казарме цёрся, дык упэўніўся, што сядзіць цяпер «пан Болесь» у сваім цёплым пакойчыку.
Першымі ахвярамі з нашага боку ляглі: Лахінскі і Плахінскі...
Пачулі трывогу і не даеўшы кашы кінуліся ўцякаць з клуба. Але прарвацца ўжо не маглі. Тады яны пабеглі да плоту на Газавы завулак, палезлі там праз плот. І ў гэты момант насціглі іх абодвух бязлітасныя белыя кулі...
Лахінскі дык і завіс на плоце, і вісеў так, перавесіўшыся галавою на Газавы завулак, а нагамі на падворак клуба, цэлую ноч і другі дзень з раніцы да вечара. А дзядзька мой, па старасці, можа, і на плот не ўзглабаўся, прашылі праз дошкі, а можа, адваліўся і шмякнуўся па дол трупам.
Убачылі іх там толькі раніцою, калі развіднела. Але прыбраць іх не было як. Лахінскага, здаецца, нехта пазнаў ці неяк здагадаўся, што гэта ён. А хто ляжыць пад плотам, ніхто і не ведаў. І я даведаўся аб яго гібелі — толькі выйшаўшы на волю.
На свае перажыванні таго часу я ўжо забыўся. Даўно было. Патроху ўсякая вострасць прытупляецца. Усё патроху з памяці вылятае... Помню, абуяла мяне радасць, што вось, не думаўшы, не гадаўшы, трапіў я, крыварукі, на вайну... І на такую, дзе і галавы не шкода: калі трэба, дык і трэба!
А самае-то важнае, калі жыцця свайго для справы не шкадуеш. Тады нічога і не баішся. Тады і змагацца лёгка, і нават ісці па смерць — прыемна!
Пэўна ж, не было мне тады часу разважаць, як разважаю гэта... Трэба было рабіць, і я стараўся рабіць так, каб было добра. Спачатку ўся наша «работа» была ў тым, што мы сядзелі ды чакалі напагатове. Першыя пачалі страляць яны, спярша са стрэльбаў, а потым і з кулямётаў. Мы не адказвалі, пакуль яны не лезлі блізка.
І ўсё, помню, чакалі мы прыбыцця нашых атрадаў з Парубанка і з Звярынца. А іх — няма і няма...
Перад самым нападам палякаў атрад на Парубанку быў занят перавозкаю зброі на Варонюю. Пачуўшы, што Вароняя абкружана, яны паехалі адбіваць.
Парубанак знаходзіцца ў паўднёвай частцы горада, за вакзалам, і далёка за вакзалам. Там спярша Каміны, Радунскі тракт, потым Парубанак, аэрадром.
Яны ўехалі ў горад. А на Шпалернай ці на Радунскай вуліцы на іх папалі з засады немцы і палякі... Галоўнае, што адразу ранілі шафёра. Здаецца, ён потым і памёр ад ран. Грузавік адабралі. Атрад разбегся...
Атрад жа, што стаяў у Звярынцы, нават і сабрацца не паспеў...
Я быў у заставе ў доме Антановіча. Начальнікам заставы быў Кунігас-Ляўданскі. Жыхароў мы з кватэр павыганялі, загадалі ім ісці схавацца ў сутарэнні.
V. АБАРОНА
Скора палякі палезлі на заставу. Мы далі залп і закідалі іх бомбамі. Бачыць іх добра не бачылі, цёмна было, а толькі чулі, як яны там заякаталі: «Ясек! Стасек! Болі! Ой, болі! (баліць, ой баліць!) Значыцца, кагосьці троху падранілі...
Аб раненні па Вароняй пана Ромуся Рабэйкі і двух маіх былых «недаросткаў», братоў Пстрычак, даведаўся я толькі пазней, калі польскія патрыятычныя газеты прайзвялі іх у «героі».
Можа якраз куля з майго карабіна трапіла ў іхняе цела. Мне ад гэтага дапушчэння няма ніякае прыемнасці.