І нават калі ўяўляю, дык непрыемна, бо цела іхнае было мне заўсёды непрыемна.
Пэўна ж я чалавек значна культурнейшы, чым тыя князькі, што з чарапоў сваіх ворагаў рабілі сабе кубкі піць віно на ўрачыстасцях. Мне ўжо цяжка зразумець, як іх не вярнула ад гэтых кубкаў, хоць пацукоў, напрыклад, я прымусіў сябе есці.
Страляў я таму, што трэба было страляць. І можа, якраз, нікуды добра кулі мае і не трапілі, бо стралец быў з мяне ніякі... Навяду, злажуся, чакаю каманды ці прыслухаюся да суседаў, што яны робяць... І раптам, сам сабою, пацягну сабачку: бух! А карабін мне ў плячо: дзуг! Падхаплю санкі, каб не ўдарыла... І нібы задумаюся: ну, вось, разрадзіўся... што цяпер далей? І зноў хутчэй бяруся за справу.
Цяпер самому з сябе самога смешна, які я быў стралец. А вывад: вучыся страляць загадзя, каб не карміць сабак, едучы на паляванне...
Наступалі палякі з перадышкамі. Перадышкі ў іх цягнуліся часам па паўгадзіне, — абрыдла чакаць, калі яны ізноў пачнуць. Але наступу не спынялі яны праз усю ноч, — увесь час атака за атакаю.
Мы іх адбівалі. У нас былі гранаты і вінтоўкі. Але нават не ўва ўсіх!.. Вінтовак на ўсіх не хапіла. І як цяпер успомню, дык і дзіўлюся нашай бесклапотнай смеласці, а троху і абураюся, што не даставілі вінтовак і патронаў на Варонюю ў дастатковай колькасці загадзя да нападу.
Запасаў ежы было ў нас досыць па колькі дзён, аб гэтым не бедавалі. Бо сталоўка ж была пад бокам. Там на складзе досыць было поўных мяшкоў.
І ўсё чакалі дапамогі. А яе ўсё не было. Не ведалі, чаму.
* * *
Дзядзька Туркевіч пабег на кватэру да таварыша Эйдукевіча. Адчыніла жонка яго, таварыш Бурба.
— Дзе Францішак?
— Няма ўдому...
Сама охае, ахае.
— Што рабіць?
— Да Чырвонай Арміі, прандзэй!
Пабег ёп на вакзал. А ўжо позна. Ноч. Адклаў да рання.
А мой знаёмы Р., шавец, тады яшчэ зусім малады, нядаўна жанаты, у той дзень перад вечарам толькі вярнуўся ў Вільню (выязджаў разам з іншымі таварышамі на спатканне Чырвонай Арміі, для разведкі).
З’явіўся на Варонюю, з дакладам да таварыша Тараса. Зрабіў даклад. Схадзіў да касіра, атрымаў грошы. Прыйшоў дамоў, лёг адпачыць, паспаць.
Толькі лёг, прыходзяць жонка і маці.
— Вароняя абкружана!
— Не можа быць, я ж толькі адтуль...
З шваграм-манцёрам пайшоў па манцёрству, каб гэтым замаскіравацца, схавацца...
Так сам ён мне апавядаў праз колькі год пасля здарэння.
Мой знаёмы Х., добры слесар і гарачы чалавек, быў у гэты вечар, дзеля свята, выпіўшы. Пра яго казалі, што як учуў, што Вароняя абкружана, дык зараз кінуўся напранацца, схапіў жалезны ломік.
— Пайду біцца з панамі!
— Не пушчу! — загаласіла жонка і так учапілася, што рукаў адарвала.
Пакуль прышывалі ды лаяліся, ён троху астыў. Пакрычаў-пакрычаў, але абдумаўся ісці з голымі рукамі.
А мой знаёмы А. (той асенізатар з Пагулянкі, што наўчыў мяне абходзіцца з пацукамі), хоць і не быў выпіўшы, але, казалі, доўга цягаўся ад аднаго таварыша да другога, усё намаўляў ісці вызваляць Варонюю:
— Сабярэмся, нападзем з тылу.
А калі ніхто яго пе паслухаў, кажучы:
— Зброі няма... Як палезеш з голымі рукамі? — дык ён адзін, з нейкім ножыкам, папёрся на вуліцу, хацеў прабіцца на Варонюю, да клуба.
Завёў скандал з першым патрулём, пачаў лаяцца, у гарачцы загрэў поўху патрыёта...
Арыштавалі, вядома... Ножык адабралі і ў канаўку кінулі, як барахло.
Усё гэта потым, пазней, успаміналі, апавядалі з рознымі жартамі і прымасамі.
А начаваць па Вароняй, тым часам, засталіся мы адны. Усё чакалі з волі падмогі, а яна так і не з’явілася. Не ведалі, чаму.
* * *
Самыя моцныя атакі былі дзве. Першая а трэцяй гадзіне начы. Другая — пад раніцу. Цяпер у палякаў было больш забітых і раненых. І хоць атакі мы адбілі, але прасунуліся яны значна бліжэй. За намі заставаўся, апрача клубнага будынка, толькі дом Памарнацкіх і дом Антановіча.
Ну, усё ж ноч мы пратрымаліся.
Перад світаннем палякі троху аціхлі, і мы мелі даўжэйшы адпачынак. Але ўсякая надзея па падмогу з Парубанка была ўжо намі згублена. Мы ўпэўніліся, што таварышы пагінулі, не дабраўшыся да Вароняе.
Калі на дварэ пасвятлела, ізноў пачалася перастрэлка, і нам цяпер стала відаць наступаючых. Большасць іх была ў нямецкай вайсковай форме. І скажу пра сябе: хоць і ведаў, што гэта ж палякі, а не немцы, але форма нямецкая нібы палохала мяне...
Мы бачылі, як яны прабіраюцца, падбягаюць, тулячыся каля сценак, паўзуць канаўкамі... Мы па іх стралялі без промаху. Але, ізноў жа, скажу я пра сябе: было мне троху жудка, што іх многа, а нас мала.
Так прайшло гадзіны дзве, а можа тры, а можа і болей. Пачуццё часу нібы згубіла сваю яснасць. І не ведаю, хто першы заўважыў, хто першы сказаў, ад каго я першага пачуў — што ў нас мала патронаў...