Выбрать главу

Потым кажуць: «Выйшлі патроны...» Добрая рэч! Значыцца, засталіся толькі гранаты і рэвальверы...

Настрой адразу апаў...

Гэта быў самы крытычны момант.

«І чаму ж так неэканомна стралялі? Хто гэта мусіў за гэтым сачыць? Хто вінават? Пэўна, Тарас», — лезлі мне ў галаву прыкрыя думкі.

І забірала злосць.

«Вось, каб былі патроны, мы б яшчэ доўга не падпусцілі б іх да сябе блізка... А што цяпер будзе?» — Так думаў я, і вяласць апанавала мяне.

Патронаў няма ні ў кога. Кобак схаваў сабе адзін патрон і жартуе:

Гэта недатыкальны запас: або для самога пана Вэйткі, або для самога таварыша Кобака...

Дом Памарнацкіх аддалі...

Па-першае, не было патронаў. А па-другое, калі б яны і былі, дык падносіць іх туды ўсё роўна было ўжо немагчыма.

Трымаліся толькі ў клубе, а дом Антановіча быў ужо як бы нічый... Усе сцягнуліся бліжэй адзін да аднаго, людзей нібы пабольшала, але што ж, калі без патронаў — як без рук...

Мусіць, каля гэтага, прыблізна, часу дзядзька Туркевіч, таварыш К. і таварыш А. пабеглі глядзець, што на Вароняй робіцца. Польская застава іх затрымала. Пазналі К. — арыштавалі. І А. арыштавалі.

Дзядзька Туркевіч быў адзеты так, што не пазналі. Каўнер падняў, шапку насунуў... І калі ён бег адтуль, дык якаясьці дзяўчына з Вароняе вырвалася. Кажа, што там — страшэнная паніка...

Нашы не хочуць здавацца. Бундаўцы і другія хочуць здацца...

Дзядзька Туркевіч пабег шукаць Чырвоную Армію. Пайшоў ён Ашмянскім трактам.

Бацька мой выйшаў раней, гадзіне а 9-й раніцы. І пайшоў Свянцянскім трактам, на Немянчын.

Мусіць, усю дарогу лаяў ён бальшавікоў, што заселі на Вароняй, а ў тым ліку і мяне. І мяне лаяў, пэўна, больш чым каго, што нарабіў я яму столькі клопатаў.

Лаяў, але паддаваў ходу, каб хутчэй прывесці Чырвоную Армію.

На жаль, было ўжо позна...

Гадзіне аб адзінаццатай бундаўцы пачалі шушукацца. Сабралася іх цэлая група, — аб нечым гамоняць, раяцца...

Гляджу: прыцягнулі знедкуль кій і прывязваюць на яго белую шмаціну...

Ніхто іх не спыніў. Ніхто ім нічога не сказаў. І яны пайшлі — не азіраючыся... Затопалі ўніз, адчыняюць дзверы, нясмела вытыркаюцца на вуліцу...

З акна з-за вушака відаць было, як палякі ім нешта крычаць, махаюць рукамі, але ўстаць баяцца.

Бундаўцы, чалавек трыццаць, панурыўшыся, сагнуў­шыся, плятуцца па вуліцы бліжэй да іх, і пярэдні нясе на кійку белую шмаціну...

VI. БАКОВАЧКА

Левинсон глубоко верил в то, что движет этими людьми не только чувство самосохранения, но и другой не менее важный инстинкт, скрытый от поверхностного глаза, неосознанный даже большинством из них, по которому все, что приходится им переносить, даже смерть, оправдано своей конечной целью и без которого никто из них не пошел бы добровольно умирать в Улахинской тайге.

А. Фадзееў

І калі яны пайшлі і здаліся, ніхто ў пас нічога не сказаў, усе маўчалі, быццам і не заўважылі.

Каля мяне былі два мала знаёмыя мне таварышы — рускія, з былых нямецкіх ваеннапалонных. Яны не размаўлялі, стаялі моўчкі і ўвесь час пільна сачылі ў акно за ворагам з гранатамі напагатове.

Я пайшоў паглядзець, што робіцца ў другіх пакоях. У першым пакоі ўбачыў Ракоўскага. Некалькі гранат ляжала перад ім у кутку. Ён уважна пераглядаў іх, адну па аднэй. Агледзіць і адложыць, агледзіць і адложыць... І тут каля акна стаяла двох былых ваеннапалонных.

У другім пакоі, каля балконных дзвярэй, стаялі Арон і Шэшкас. Яны стаялі з двух бакоў пабітых шкляных дзвярэй і прыглядаліся з-за вушакоў на вуліцу.

— Арон! — аклікнуў я свайго брудзяніскага друга.

— А, Мацей! Ну як, братка, маешся? — зусім спакойна адгукнуўся ён і падышоў да мяне. Але ў вачах у яго быў сум. Ён паклаў сваю вялікую руку мне на плячо і як бы не ведаў, што сказаць.

— Нічога, — кажу, — як ты?

— А таксама, тым часам, нічога, — усміхнуўся ён.— Ваюем не кепска... Бывае горш.

— Бундаўцы здаліся, — сказаў я ціха.

— Ну, мы яшчэ патрымаемся! Ты куды ідзеш?

— Так... Хачу пахадзіць, паглядзець...

— А! Ну добра, добра! Нічога, Мацей! Яшчэ вывернемся!

І мне здалося, што нам абодвум павесялела.

Ідучы па калідоры, я ўбачыў Рома, Вяржбіцкага, Шымілевіча, Кунігас-Ляўданскага. Яны ціха размаўлялі, сабраўшыся ў кутку ў пакоі нумар 20. Там жа падышоў да мяне Кобак і кажа мне такім сваім заўсёдным тонам, нібы радасць якую паведамляе:

— Ачышчаем першы паверх. Хадзі загароджваць дзверы.

Я пайшоў за ім. Тут ужо некалькі таварышаў, пад камандаю Тараса, валачылі сталы, крэслы, табурэткі, — рабілі барыкаду каля ўваходу...