Выбрать главу

І я прыцягнуў нейкае ламаччо, кінуў у груд. Калі работа была скончана, зрабілася мне раптам цяжка. Ішоў я назад, валочачы ногі. Нагнаў мяне Кобак.

— Ты што цягнешся, як сонная муха? Есці хочаш? Давай з’ямо троху чаго.

— Давай... — прамовіў я такім слабым голасам, што мне аж самому зрабілася брыдка. — Давай, будзем есці! — крыкнуў я наўмысля голасна і дужа.

Мы зайшлі ў невялічкі пакойчык, дзе, мусіць, была яго пазіцыя, і ён зараз некуды збегаў і прынёс цэлы бохан хлеба і дзве бляшанкі кансерваў. Селі мы на падлогу пад акном, разаслаўшы між сабою газеціну.

Пачаў ёп адчыняць сваім добрым складанчыкам і зараз зламіў яго. Мне было вельмі шкода такога добрага складанчыка. І ён пачырванеў, але жартліва буркнуў: «Ну, глупства... Тут не такое ламаецца...»

Тады пачаў адчыняць я гэтым яго зламаным ножыкам. Скрэмсаў усю крышку,— толькі сок пацёк, папэцкаў я сабе рукі і штаны.

— Ты не адчыніш, — кажа ён, — дай-ка я зноў. — Бярэ і лоўка і хутка адразае перада мною пакрыўленую крышку. — Во як трэба! — кажа.

А ў гэты момант некалькі куль у наша акно — дзынг! дзынг! дзынг! — І ў столь, у штукатурку. Зазвінелі, пасыпаліся шыбы; паляцела нам на галовы вапна са столі, і ў кансервы...

— Чаго іх там халера хапае? — насцеражыўся Кобак. Але ізноў усё сціхла. Толькі зрэдку дзесьці шпокне стрэл, і зноў ціха.

Пачалі мы спакойна сілкавацца. А які смак! Мяса кавалачкамі, з белым застыглым тлушчыкам, і лаўровыя лісткі. З’елі адну банку, ён адчыніў другую. Мне сорамна, што я накладаю болей, чым ён.

І я еў і разважаў, што, мусіць, ён заўсёды есць патрошку, і вось — такі здаровы, чырвоны. А я заўсёды з’ем усё датла, што пападзецца, і мне заўсёды хочацца есці, і я худы і бледны. Чаму гэта так? Прырода такая ці ў страўніку што-небудзь не ў парадку?

— Аб чым задумаўся? — кажа ён. — Кінь журыцца. Справы нашы не кепскія. Па-першае, мы іх усё ж ткі добра праўчылі. А па-другое, «пралетарыям няма чаго губіць, апрача сваіх ланцугоў».

— Аднак жа лепей жыць, чым паміраць, — запярэчыў я, от так сабе, дзеля свае прывычкі казаць «але» або «аднак» наўпроціў сказанага.

— Чаго нам паміраць? Вось пакуль што не забілі. А прыйдзецца памерці — дык што такое? Дзвюм смерцям не бываць, аднэй не мінаваць! — прамовіў ён прыказкаю і засмяяўся.

З’елі мы і другую банку. Прынёс яшчэ дзве. З’еў я і тыя. Тады прынёс ён адразу іх штук дзесяць. «Бяры, — кажа, — у запас. Ты, як відаць, любіш кансервы». А сам ужо стаў пры акне.

Напіхаў я сабе банак у кішэні. Хлеба адшматаў добры кавалак і таксама пайшоў на сваё месца. І хрыпкі ў горле ў мяне ўжо не было, з’явіўся сыты голас. І быў я вельмі здаволены, што так наеўся.

* * *

Я не ведаю, каму з іх першаму прыйшла думка скончыць самагубствам. Яны ж нам нічога не сказалі. Сабраліся кучачкаю і пастанавілі. Якія матывы былі ў іх, мне таксама невядома.

Хтосьці пазней успамінаў, што Шымілевіч нібыта казаў:

— Не дамося жывымі, бо яны скуру будуць з нас здзіраць.

А Ром нібыта заўважыў:

— Гэтае самае лепшае, што мы можам цяпер зрабіць.

Я не ведаю, хто, што і як тады казаў з іх, але думаю, што калі што і было імі казана, дык, мусіць, для другіх, для тых, для каго ім трэба было так казаць.

А імі самімі кіравала толькі тая лінія, якая была ім уласціва, якая праяўлялася ў некаторых з іх можа толькі падсвядома, але здавалася самай правільнай лініяй.

Тарас пазней апавядаў, што ён рукі ў Шымілевіча цалаваў, прасіў, каб не рабілі самагубства. Аднак жа яны стаялі на сваім. Ром сказаў яму:

— Кінь, Тарас, умаўляць. Мы павінны гэтак зрабіць, калі прарвацца нам не ўдасца.

Згаварыліся: Ром, Шымілевіч, Кунігас-Ляўданскі і Вяржбіцкі. Ведаў Тарас. Як даведаўся Кобак, мне невядома.

Калі яны пайшлі да ўмывальніка, мыліся, абціраліся і гутарылі, да іх падышоў і гутарку іхную пачуў таварыш Аз.

Яго я ведаў вельмі мала. Быў ён нізенькі, шчупленькі, непрыгожы, з рыжымі калматымі навіслымі вусікамі, рабочы-яўрэй, гадоў сарака.

Казалі мне потым, што быў ён раней анархіст, у кампартыю перайшоў улетку 1918 года.

Быў ціхі, непрыкметны. Жыў дзесьці ў Звярынцы. Там у яго была сям’я.

Ён пачуў іхную гутарку і сказаў:

— І я з вамі пайду...

Яны ж умаўлялі яго, каб не ішоў. Казалі:

— Не ідзі. Табе нічога не будзе.

А ён пайшоў.

На падворку прыгнуліся і шыбка перабеглі каля дроў да дашчатага плоту, што адгараджаў падворак Антановіча ад клубнага падворка. Выламалі дошку, пралезлі ў дзірку і кінуліся на кватэру да Вяржбіцкага.

Наперадзе быў, пэўна, Вяржбіцкі як гаспадар. За ім — Ром, Шымілевіч, Кунігас-Ляўданскі. Адзаду, але не астаючыся, — Аз. А ля дзвярэй кватэры нагнаў іх яшчэ Кобак. Усяго шэсць чалавек. Ішлі на смерць...