Цётка Зося, пэўна, усцешылася мужу і ўсім ім, што жывы-здаровы прыйшлі з клуба. Ні яна, ні дзеці не ведалі, чаго яны прыйшлі. І Вяржбіцкі нічога ім не сказаў. Думалі, што прыйшлі схавацца.
Зачыніліся ў невялікай баковачцы. Сядзелі. Чакалі. Высылалі дзяцей глядзець. Дзяцей у Вяржбіцкага было тады чатыры: дзве дзяўчынкі і два хлопчыкі. Большай дзяўчынцы было тады ўжо гадоў трынаццаць.
Час цягнуўся... Яшчэ і яшчэ раз высылалі большага хлопчыка глядзець, каб улучыць момант і прарвацца. Прарвацца нельга было... На вуліцах было ўжо нібы спакойна, але ўсюды былі палякі.
VII. «БЭНДЗЕ СПЕВАЛ»
Когда подоспевшие казаки тащили Метелицу за ноги, он еще цеплялся за траву, скрипел зубами, стараясь поднять голову, но она бессильно падала и волочилась по земле...
А. Фадзееў
Вайнштэйн і Новікаў, як мне пасля апавядалі, залезлі на вышкі і схаваліся там. І схаваліся, нібыта, у дымаходах.
Не ўяўляю, як ім удалося разламаць дымаходы, і як яны ў іх улезлі, і на чым там селі. Хіба ляглі дзе пад ворагам?
Сядзелі яны там, схаваўшыся, ноч ці нават дзве, а потым вылезлі і неяк уцяклі. Ці праўда гэта?
Рэшта людзей адчынілі дзверы на вуліцу і выйшлі з белым флагам — здаліся. Палякі далучылі іх да бундаўцаў, якія ўсё яшчэ стаялі, абкружаныя вартаю, недалёка ад клуба.
Пайшоў быў і я ўслед за Аронам, але ўбачыў, што Тарас пабег па падворак. Дык і я завярнуўся назад, пабег за ім...
Прыбеглі мы да плота, што на Газавы завулак, і палезлі праз яго... Толькі не ў тым месцы, дзе адзін труп вісеў па дошках, а другі валяўся на зямлі. Мы палезлі троху правей, — бліжэй да флігеляў і дроў.
Мы і ўзлезці не паспелі, як над намі засвісталі з усіх бакоў кулі, і так блізка, што Тарасу здалося, быццам яму і вус адсеклі і твар абсмалілі... Мне здалося, што кулі ляцелі над самаю галавою — не прыгніся, дык і шапку саб’юць...
Тарас — назад... І я адарваўся і шмякнуўся на зямлю. Кінуліся назад. Тарас наперадзе, я за ім. І так уляцелі на кватэру да пані Кандрацкай, што была касіркаю клуба.
Кандрацкая, здаецца, прабавала плакаць і ўсё тулілася да мураваных сцен, каб кулі не дасталі. А Тарас з ёю жартуе, просіць люстэрка — паглядзецца.
— Мне, — кажа, — на плоце кончык вуса куля адсекла і абпаліла...
— Здаецца, вус як вус, — кажу я. А ў горле ў мяне суха, і голас запаў.
Прасядзелі мы там, у Кандрацкай, з добрую гадзіну. Ніхто не ішоў забіраць нас... Нарэшце мы не ўцерпелі і папаўзлі назад у клуб... Там пуста... Адчынена...
Ужо цямнела... Не ведаю і не разумею, што намі кіравала, але накіравала нас на вуліцу. А толькі мы высунулі нос за дзверы,— адразу пасыпаліся стрэлы з-пад касцёла святога Якуба. Па сценах, па вокнах: пук! пук! пук! дзынг!..
Мы — назад. Стаімо... Сэрца ў мяне калоціцца. Тарас дастаў з кішэні белую хустачку, выйшаў, памахаў. Я — за ім. Ідзём да ворага ў палон...
Да нас падскочыў паручнік Хвастуноўскі.
— Хто там яшчэ ёсць? — крыкнуў ён злым, хрыпатым голасам.
— Нікога ўжо там няма, — спакойна адказаў Тарас.
Тараса завярнулі, каб вёў іх у клуб, а мяне пагналі па вуліцы. Бачу: стаяць усе нашы кучкаю, мерзнуць... А палякі — на тратуары, навёўшы на іх карабіны, сцерагуць...
* * *
Тарас апавядаў пасля, што палякі гналі яго перад сабою, а самі ішлі за ім з карабінамі напагатове. І паручнік Хвастуноўскі загадаў:
— Страляйце ў яго (гэта, значыцца, у Тараса), калі яшчэ там каго знойдзеце.
Убачыўшы, што дзверы адчынены і ўсё вакол пуста, пакінута, яны рынуліся, як дзікі ў шкоду... Рассыпаліся па пакоях, усё ламалі, разбівалі, раскідалі паперы, кнігі, ірвалі партрэты, тапталі іх нагамі...
Яго прывялі ў пакой нумар 20.
Калі паручнік Хвастуноўскі некуды адлучыўся, адзін легіянер схапіў штаны з кручка, што віселі ў кутку на сценцы, і круціцца, не ведае, як яму іх на сабе схаваць...
Другія таксама разбягаліся вачыма па рэчах, і кожны хапаўся ўсунуць сабе што-небудзь у кішэню. І на яго зусім забыліся. Ён стаіць ля дзвярэй...
Раптам усе выбеглі... Ён паціхеньку пачаў прабірацца ізноў на кватэру да Кандрацкай. Аж убачыў зводдаль Падлеўскага і зараз схіснуўся ў пакой, за дзверы. А Падлеўскі ў гэты пакой і ўскочыў. Кінуўся хапаць рэчы: цапне, памацае, ножычак са стала схапіў ды ў кішэню, шуфлядку адчыняе...
— А што ж ты гэта робіш? — сказаў Тарас.
Падлеўскі ўбачыў яго, засаромеўся. Кажа, як быццам апраўдваючыся:
— Усё роўна бальшавікі, як прыйдуць,— забяруць...
Набеглі і другія. І паручнік Хвастуноўскі з’явіўся.
— Дзе схаваўся Рэўваенсавет?
— А што?.. Няма? Уцёк? — усміхнуўся Тарас.
Зараз яго пагналі назад, да нас, а самі ўсе там рассыпаліся, мусіць, шукаць правадыроў.