* * *
Кобак жа мне апавядаў, што сядзелі яны ў баковачцы доўга — можа, гадзіны дзве ці нават болей.
Перакідаліся кароткімі сказамі:
— Чаму рабочыя не выручалі?
— Чаму ў горадзе спакойна?
— А з Парубанка так чамусьці і не прыехалі...
Раптам — ідуць... Увайшла ў дом група з капітанам Дамброўскім на чале. Прыйшлі з вобыскам.
— Ёсць хто? — пытаюцца.
— Не, не, няма нікога! — адказалі жонка і дзеці Вяржбіцкага.
Яны ў бакоўцы замёрлі. Ляглі на падлогу. Зрыхтаваліся даць залп у дзверы, а потым канчаць з сабою.
Ідуць... Прайшлі міма, у бакоўку не паглядзелі... Пайшлі назад... Выйшлі з кватэры...
Праз хвілін пяць ідзе ізноў група, большая, больш людзей. Ізноў з вобыскам... Ідуць з кухні ў пакой, падходзяць да бакоўкі, бяруцца за дзверы...
Што думаў і перажываў у гэты момант дзядзька Баніфацы Вяржбіцкі? Пэўна, прымірыўся ён з тым, што жонка і дзеці будуць жыць без яго. Але ці мог ён прымірыцца з тым, што справа павярнулася так няўдала? І, мусіць, пацяшаў сябе тым, што смерцю сваёю завершыць усё як належыць...
А Юліус Шымілевіч? Можа, усміхнуўся ён апошні раз — і цвёрда і ўпарта зрабіў па-свойму...
Кунігас-Ляўданскі... Можа, успомніў ён апошні раз сваю бедную літоўскую вёску, вечных труджэльнікаў бацьку і маці і сурова і назаўсёды замкнуў у сабе ўсё...
Таварыш Аз... Ці не да канца пазнаў ён усе глыбіні, каб прыняць смерць як патрэбу? Праца цяжкая, нястаткі, голад, хваробы, паніжэнні, знявагі, і вечны пратэст у думках, і вечны агонь змагання ў сэрцы... ці не яны далі яму нязмерную моц?
Усе чатыры: і Вяржбіцкі, і Шымілевіч, і Кунігас-Ляўданскі, і Аз — усе чатыры праз хвіліну назаўсёды выйшлі з той вялікай, з той прыгожай лабараторыі, дзе дослед свой рабілі, з той фабрыкі шумнай, той фабрыкі няўмоўчнай, дзе яго рэалізавалі... Ламаюць дзверы... Выламалі... Шэсць рэвальвераў спаткалі іх з падлогі залпам. Яны адхінуліся назад... Хто лез наперад, той упаў...
Тады ў бакоўцы пачалі страляцца. Ром і Кобак ляжалі побач. У Рома засталося ў памяці: ляжаў на левай руцэ, навёў сабе рэвальвер у сэрца, кароткі міг мільгануў, стрэліў... У гэты момант Кобак усхапіўся... У грудзях стукнула, абпаліла, усё закруцілася іскрамі, і страціў прытомнасць...
Кобак, калі трэба было страляцца, усхапіўся на ногі і рынуўся на ворага, як люты звер... Некаму паспеў-ткі даць кулаком з шалёнай сілай... Схапілі, пацягнулі... Ірваўся, адбіваўся ў ярасці і ўжо ў бяссіллі...
* * *
Вяржбіцкая ўварвалася ў бакоўку і пала на грудзі мёртваму мужу. Ён страляў сабе ў горла, кроў заліла яго з шырокае раны. Дзеці загаласілі страшэнна. Іх адкідалі прэч.
Легіянеры заўважылі, што адзін бальшавік яшчэ дыхае — гэта быў Ром. Хтосьці з іх навёў на яго карабін, каб прыкончыць...
Дамброўскі затрымаў за руку:
— Bedzie spiewal!
«Бэндзе спевал», значыцца — яшчэ заспявае, дасць паказанні.
Выклікалі вазок, каб адвезці яго ў шпіталь. Выцягнулі за рукі на двор і ўкінулі ў вазок галавою ўніз. Легіянер сеў на яго. Павезлі ў шпіталь святога Якуба.
Трупы забралі ў морг пры шпіталі.
VIII. РАСПРАВА
Vае vісtіs.
(Гора пераможаным.)
Лацінская прыказка
Бундаўцы стаялі на вуліцы, недалёка ад клуба, з адзінаццатае гадзіны раніцы, калі здаліся. Яны адубелі, стоячы на марозе, без руху, галодныя, прыгнечаныя.
Ні рухацца, ні размаўляць ім не дазвалялі. Здзекваліся з іх. Штурхалі. І ўсё дапытваліся: «Хто там яшчэ ёсць? Многа яшчэ там засталося?»
Але ніхто не прагаварыўся.
Нарэшце, калі было ўжо цёмна і зноў прывялі Тараса, нас усіх пагналі па Вароняй на Юраўскі праспект. Завярнулі налева і пагналі па Юраўскім. Куды нас гоняць, мы не ведалі і не маглі зразумець. Гналі, абняўшы з усіх бакоў, навёўшы на нас карабіны, як на самых страшных злачынцаў. Працэсія расцягнулася... На тратуарах стаялі з злараднымі ўсмешкамі патрыёты, трыумфавалі перамогу... Так мне здавалася, і было прыкра, і брала злосць.
Але давялі нас па Юраўскім толькі да дома нумар 8, дзе раней змяшчаўся Зямельны банк. Гэта — вялікая белая камяніца.
Пагналі ў дом...
* * *
Гналі па сходах знізу ўгару, потым ізноў згары ўніз, то туды, то сюды,— некалькі разоў. Быццам звар’яцелі і не ведалі, куды нас, нарэшце, пагнаць.
І, прапускаючы міма сябе — штурхалі, білі і лаялі: «Большэвіцы! Жыдзі! Пся крэў! Холера!»
Кроў ліла ў мяне з носа, у галаве ў мяне гудзела, але прытомнасці я не страціў. А некаторыя таварышы самі ўжо ісці не маглі...
Але ж і самы лепшы спорт, і спартсмену самаму тупому, калі ж небудзь, а дакучыць. Відаць, і ім дакучыла вучыць нас гэтай простай маршыроўцы. Загналі-ткі ўсіх нас, чалавек сто, у залу. І тут зараз перайшлі на фізкультуру фігурнага характару: загадалі стаць на калені і рукі падняць угару, а трымаць проста і без руху: замры!..