Выбрать главу

Галоўным «фізкультурнікам» быў у іх тут нейкі чалавечак у цывільным, але, відаць, вайсковы, бо называлі яны яго «пане капітане».

Ён усімі камандаваў. З выгляду быў злы, крываморды.

Капітан Ёдка і паручнік Хвастуноўскі і з выгляду і па спосабу трымання ў параўнанні з ім былі — як херувімчыкі ў параўнанні з д’яблам.

Яны абодва нядоўга тут і пакруціліся. Ён нават і на іх разоў колькі гыркнуў так, што скора змыліся і больш не паказалі носа.

Усе трасліся перад ім. Вядома, апрача нас. Ён напусціўся быў на Тараса, што кепска трымае рукі. А Тарас і зусім іх апусціў. За Тарасам і ўсе мы. І ўсе селі, а некаторыя ляглі. І нічога нам не ўскурыў, як ні скакаў.

Па яго загаду ў зале паставілі доўгі стол, накрылі чорным жалобным сукном з кутасамі. За стол, усе з аднаго боку, селі: пасярод сам гэты д’ябал, а з ім побач, па правай руцэ і па левай, па тры д’яблы меншага рангу.

Выклікалі нас да гэтага сямісвечнага свяцільніка — па адным. Казалі здзець з сябе ўсё дагала, застацца у чым матка на свет нарадзіла. І потым пачыналі споведзь...

Пакуль паны спавядалі, легіянеры-чорнарабочыя шворыліся ў бруднай бялізне грэшніка. І ўсякую рэч, якую ў кішэні знаходзілі, клалі на стол, запісвалі ў свае кнігі і ў пакеты хавалі.

Каля голага грэшніка стаяў кат, вярзіла, у вольным адзенні і з кольтам у руцэ. І калі агледжанаму казалі ўзяць адзенне і ён нахіляўся, — кат паддаваў яму адзаду нагою.

Мы ўсе, вядома, не сядзелі пры гэтым моўчкі, актыўна выконвалі ролю «масы»: шумелі, крычалі, пратэставалі... Абрыдла нам, аднак. Бо тэатр быў нецікавы — поўны прымітыўнай чалавечай пошласці з боку гэтых нашых малакультурных і ў большасці толькі яшчэ пачынаючых пастаноўшчыкаў... Чым маглі яны здзівіць нас — людзей вышэйшае культуры?

Мяне загрэлі па твары так, што кроў хлынула з носа... Гэта яшчэ — калі вялі па лесвіцы ўгару. Шчасце яго і маё, што я не бачыў, хто: бо хоць бы ён мяне забіў на месцы, а я даў бы яму, у роўнай меры, назад у морду.

Характар у мяне раздвоены: з аднаго боку я маю спакойны розум і без адуму на ражон ніколі не папру; з другога боку — у мяне заходлівае сэрца, і ўпопыху, з гарачкі, магу я нарабіць такога гвалту, што потым салі не рад...

Тарасу надавалі аплявух. Але добра, што выйшаў ён з усяе гісторыі з душою ў целе: яго маглі і расстраляць.

Арон нешта буркнуў каля столу, па-кавальску, з простым сэрцам, а яны, дурні, наваліліся на яго за грубіянства, адразу колькі чалавек, на падлозе пакацілі...

Гэта быў момант, калі ўсе мы дружна і грозна зарычэлі і пасунуліся з месца — ратаваць яго. І пасля гэтага д’ябал наш пачаў троху асядаць у сваёй зверскасці. Бо такі звер — заўсёды трус.

А таго таварыша з Масквы, яўрэя, бальшавіка, у кажушку, некуды вывелі...

Быў ён з выгляду чорны, суровы, у падраным кажушку страшны. І вось той панок, родам з-пад Оршы, што некалі выступаў на хадэцкім мітынгу, апынуўся нейкімчынам цяпер тут. І паказаў на маскоўскага таварыша:

— Ён у мяне ў маёнтку прамовы казаў, рабаваў, дачку маю, дзяўчынку дзесяці год, спалохаў. Я, — кажа, — мог бы яе прывезці, каб паказала, што гэта той самы, але баюся, што ізноў захварэе.

Прынеслі маскоўскага таварыша назад у залу на руках, ісці ўжо не мог...

«Усеначная» скончылася толькі а гадзіне сёмай раніцы.

Гэта была ноч!..

Думкі нашы ляцелі цяпер да аднаго ратунку — Чырвонай Арміі.

ІХ. ВЫВЕДКА

Бацька мой выйшаў з Вільні а дзевятай гадзіне раніцы 2 студня, калі мы яшчэ трымаліся на Вароняй, і ўвечары прыйшоў у Немянчын. Там ён спаткаў 33-ці Сібірскі полк. Наўперадзе палка, як казаў бацька, ішоў палкавы камандзір таварыш Махначоў. Бацька і падляцеў да яго...

Хацеў за адну хвіліну расказаць яму, што Вароняя абкружана, заселі там такія дурні, як яго сын Мацей, і перастраляюць іх там, як курапатак, калі не падысці хутчэй на дапамогу...

Так ён мне пазней апавядаў, але я думаю, што не назваў ён тады нас дурнямі і аб тым, што сам ён меншавік, напэўна, не пахваліўся, далікатненька памаўчаў.

— Хутчэй на дапамогу! Усяго ж 25 кіламетраў! Пад раніцу будзем там! — стараўся ён, казаў, «расшавяліць» таварыша Махначова.

Але яго спачатку павялі ў штаб. Там папрасілі расказаць ім падрабязна ўсё, што ён ведае аб становішчы ў Вільні. Потым яшчэ доўга ўдаваліся ў розныя драбніцы, Нарэшце адзін з чырвоных камандзіраў сказаў:

— Ну што ж... Зусім магчыма, што заўтра надвечар мы будзем наступаць на Вільню.

Толькі «заўтра надвечар»... Збянтэжыўся бацька. А потым з далейшых гутарак зразумеў ён, што ваююць не так хутка, як яму здавалася, і што наступ павядуць, як відаць, нават не ад Немянчына, а з другога боку, з Ві’лейкі , ад Бяздан. Нашто трэба так кружыць, калі там, на Вароняй, гінуць, не мог узяць ён сабе ў толк...