* * *
У Немянчыне начавалі (гэта — калі ўжо мы былі першую ноч на Юраўскім).
На другі дзень, 3 студня, ішоў бацька разам з палком да Бяздан (прыблізна 20 кіламетраў).
Прыйшлі ў Бязданы толькі каля паўдня. Паходным парадкам, цэлым палком, пакуль жа дайшлі... У Бязданах зрабілі прывал на абед.
Ад Бяздан да Вільні таксама яшчэ кіламетраў 20.
Бацьку не цярпелася. А камандзір палка, таварыш Махначоў, яму і кажа: «Пойдзеш з чырвонаармейцам у разведку?» — Бацька ахвотна згадзіўся: яму хацелася хутчэй даведацца, што там цяпер у Вільні.
Выйшлі яны (бацька мой і чырвонаармеец) з Бяздан пасля прывалу. Бацька быў у «вольным», а спадарожнік яго надзеўся як нямецкі палонны: на рукаве шынелькі — жоўтая перапаясачка нашыта. Вось, як быццам, брыдзе сабе чалавек з нямецкага палону да сябе на радзіму, кудысьці ў глуш Палесся.
Троху прайшоўшы, зайшлі яны ў вёску, каб напяць фурманку. Ішлі міма аднаго двара, глядзяць, а на падворку — селянін з запрэжаным канём. Падышлі да яго.
— Пахвалёны! — кажа бацька.
— На векі, амэн! — адказвае селянін, але і неахвотна і падазрона...
— Трэба нам да Вільні. Дай каня.
А ён толькі прыехаў з лесу, дровы прывёз, яшчэ не ўсе і скінуў.
— Не магу, — кажа. — У мяне ўжо, — кажа, — аднаго каня ў лесе бальшавікі забралі... (Маніў ці праўду казаў, хто яго ведае.)
— Бальшавікі ту-у-ут? — запытаўся бацька, удаючы спалох.
— А як жа ж!
— Напэвно веш? — раптам перайшоў бацька з беларускае на польскую мову. І ціха дадаў: — Я польскі шпіён. Ратуй мяне.
Том зараз скінуў рэшту дроў, пераапрануўся цяплей, паклаў на сані шмат саломы, каб польскім шпіёнам было мякчэй сядзець, і сена наваліў для каня, пасадзіў іх, павёз...
Каля вёскі Паспешак, здалёк, у вечаровым змроку заўважылі яны якуюсь конніцу... Паехалі гуськом, крокам на ўзлессе...
Бліжэй да хат вёз селянін на саначках дровы. Мусіць, быў бедны, не меў каня, што ўпрогся сам. Бацька пытаецца ў яго:
— Яке там вуйско?
— Ото ж наша, — кажа, — польска кавалерыя!
А селянін-фурман пачуў і ціханька пытаецца:
— Можа да іх? — і паказвае ў той бок, куды накіравалася конніца.
— О, не, не! — зашаптаў бацька.— Што ты! Мае справы сакрэтныя...
А каб не ўляцець з ім, заплаціў яму дзесяць рублёў і адпусціў дамоў. Той завінуў грошы ў анучку, схаваў у кішэню, пераклаў у другую, разоў колькі памацаў, ці добра схаваў, і завярнуўся-ткі і паехаў сваёю дарогаю назад.
Дайшлі яны да вёскі Тур.
Вёска Туры, потым Дварчаны, праз лясок — ужо і дачы, Антокаль. Але — цёмна, ноч, у горадзе ваенны стан, дык параіліся і пастанавілі заначаваць у Турах. І там, кіламетры за тры-чатыры ад Вільні, яны і заначавалі.
У вёсцы знайшліся ў бацькі даўныя знаёмыя — сваякі дзядзькі Туркевіча. Да іх і зайшліся. Свята, каляды, у хатах яшчэ гуляюць. А пра Вільню ведаюць мала... Кажуць, што нейкіх бальшавікоў палавілі, пастралялі... У бацькі ёкнула сэрца...
А ці здалася Вароняя, ці трымаецца яшчэ, так-такі нічога і не чулі нават. О, цямнота! Пытаюцца, ці далёка Чырвоная Армія, ці праўда, што яна ўсіх гоніць у камуну? Бацька маніць, што ён працаваў у лесе на пільні, адкуль яму што ведаць...
* * *
На другі дзень (4 студня) раніцою, гадзіне а дзевятай-дзесятай, прыйшлі яны на Антокаль. Бачаць: польскія патрулі стаяць. Усё больш — моладзь, вучні, панкі.
Зайшлі ў гарбацярню. Селі. За розныя столікі. Бацька за адзін, чырвонаармеец — за другі. Як быццам і не ведаюць адзін аднаго.
Скора — заходзіць легіянер з польскаю павязкаю на рукаве: белае з малінавым.
— Колего! А цо слыхаць? — незвычайна ласкава і прыветна загаварыў бацька. І запрашае яго выпіць гарбаткі.
— Ох, цала ноц на варце...
— То можэ вудкі?
Гаспадыня падала.
Развязалася ў легіянера губа. Быў ён сержант ці плютановы, меў свой аддзельчык.
— Ну, як жэ наша оброна? — пытаецца бацька. — Большэвіцы, пся крэв, блізко... Тшэба броніцься. Ці вялікую сілу маем?
Легіянер супакоіў яго, што сілы досыць і яшчэ падходзіць. Але бацька выказаў клопат, што аднымі стрэльбамі — не абараніцца: ці ёсць гарматы?
— О, юж цала батарэя пшыехала і стоі на Кальварыйскей уліцэ: тшы тшэхцалювкі і една шэсціцалювка!
Пра Варонюю спытацца бацька не адважыўся. Ішоў з вёскі, адкуль яму ведаць, што робіцца ў горадзе. А сэрца, казаў, замірала: трымаюцца яшчэ, жыве Мацей — ці ўжо?..
Развітаўся бацька з зюклівым ваякам, і хутчэй засігалі на кватэру: бацька наперадзе, а ззаду, воддаль, але не астаючыся, чырвонаармеец.
Дарогаю купіў бацька ў кіёску газету. Разгарнуў — і на першай старонцы прачытаў пра Варонюю... Не ўсё зразумеў, бо ўжо, відаць, пісалі аб галоўным раней, а гэта — толькі дадаткі. Але папікнуў духам: