— Ты тут? — здзівіўся Тарас.
— Працую там, дзе болей плацяць, — цынічна адказаў ён Тарасу, але адказаў ціханька і папрасіў, усё ж, не гаварыць тут пра яго нічога.
А потым сеў сабе пры століку па табурэтку, паставіў карабін між ног і ў найлепшым гумары замурлыкаў сваю ўлюбёную песеньку.
Раз у дзень, а ўсяго тры разы за час нашае няволі, прысылалі пам з нейкае бальніцы супу. Суп, амаль увесь, пажырала наша верная старожа. Відаць, былі там усе людзі — як на падбор...
Трое сутак былі мы там на гэтай чэсці: з вечара 2 студня да вечара 5 студня. Усім нам абвясцілі: «Бэндзе вырок!» — значыцца, будуць судзіць нас, будзе прыгавор. Мы і чакалі. Я ж думаў, па наіўнасці, што суд будзе як суд: выведуць мяне наперад, будуць слухаць, а я там закачу гарачую прамову і кіну ім у твар:
— Гэй вы, каты! Не прызнаю вашага класавага суду! І прыйдзе час, калі мы самі будзем вас судзіць!..
Аж дарэмна чакаў я такога прыгожага суду. Судзілі нас без нас. Першую партыю: Тараса, маскоўскага таварыша, Арона і яшчэ некалькіх, хто быў, на іх погляд, больш выдатным, судзілі ўночы з 4 на 5 студня...
Не ведаю, дзе тыя суддзі збіраліся і хто яны былі. Прыйшлі якіясь чэрці, паднялі нас усіх на ногі, дзеля пашаны перад судом, і прачыталі прыгавор, што «імем Польскай рэспублікі» такія-то, тады-то, за збройнае паўстанне супроць гэтай рэспублікі засуджаны на кару смерці праз расстрэл...
Хацелася мне думаць, што можа гэта ізноў жарцікі... Дзе там! Усё па форме і ўсур’ёз. Пытаюцца: можа ксяндза прывесці, рабіна? Абвяшчаюць: час кароткі, да наступнае начы...
Якая талеранцыя!
* * *
5 студня быў дзень чакання: цяжкога, панурага і поўнага надзей... Або прыйдуць і выведуць, або прыйдзе, падаспее вызваленне — Чырвоная Армія...
Наступіў вечар. Хвіліны цягнуцца бясконца і пралятаюць, як незваротны міг... Раптам — зашумеў аўтамабіль... Мусіць, пад’ехаў грузавік. Глядзім адзін аднаму ў вочы, слухаем... Ну чаму ж не ідуць?..
— Не, — пастаяў, папыхцеў, падрыжаў, ізноў зашумеў моцна, і завыў, паехаў!
І, быццам з яго шуму, даляцелі, далёкія, глухія — стрэлы! Няўжо, няўжо? Страляюць: тах, тах, тах! О, радасць, радасць! Ужо няма памылкі: ідзе бой за Вільню! Чырвоная Армія наступае!..
І радасць, і страшная трывога: што ж яны, усё-ткі, зробяць з намі? Можа, вывезуць з сабою? А можа... можа, прыйдуць і пастраляюць тут, на месцы?
Ні ўстаць, ні падысці аднаму да аднаго, ні прамовіць слова, хоць бы шэптам — нельга. У мяне мільгае думка: «Калі што — не трэба выходзіць адгэтуль... Не давацца да апошняе магчымасці... Калі што — можна кінуцца на варту хоць з голымі рукамі... Нас многа. Каб толькі дружна...»
З’яўляюцца шэсць новых легіянераў, з патранташамі, у паходным знараджэнні. Усе — пазнанцы. З гутаркі чуваць, што яны некага чакаюць. Каго? Як быццам — віленскіх легіянераў.
Думка рэжа нажом: няўжо прыйшлі браць? У чым жа затрыманне? Стаяць, чакаюць... А шум бою далятае ўсё мацней. Тах-тах-тах! — стукаюць вінтоўкі. Та-та-та!.. — стракоча кулямёт. І раптам, першы раз: бу-у-ух! — гармата! А чыя? Шыбы ў вокнах трасуцца, хоць зіма. І яшчэ раз: бу-у-ух! і бу-у-ух!
Нас, нікога, усё яшчэ не бяруць. Пазнанцы ўсё стаяць. Вось пачынаюць ціханька змаўляцца... І пайшлі за дзверы. Былі — і няма іх. «Чаго яны прыходзілі?» — думаю і не магу ўгадаць.
Хвіліны — і бягуць шыбка і цягнуцца страшэнна марудна. «Дзе мой спакойны розум? Трэба ляжаць і слухаць шум бою...» Спачатку было ў нас шэсць вартавых, потым тры, цяпер астаўся адзін. «Можа кінуцца на яго, прыдушыць, і разбегчыся? Чакай, яшчэ троху чакай... » — так разважаю сам з сабою.
Вартавы трымаецца неспакойна. І ён — чакае. Азіраецца — на вокны, на дзверы, на нас... Падыходзіць да дзвярэй.
— Можна ўстаць вады напіцца? — пытаецца ў яго Тарас.
Можна...
Тарас напіўся, вярнуўся на сваё месца і не лёг, сядзіць.
У горадзе кіпіць бой. А вакол нас усюды ўсё ціха. «Дакуль мы будзем ляжаць?» — думаю.
Гляджу: таварышы сядзяць. Ракоўскі з сваім суседам размаўляе. Я адразу ўстаю на ногі...
Вартаўнік нічога не кажа. Дзе ж ён? А, некуды выходзіць... Мы — адны. Усе заварушыліся. Большасць па нагах... Ракоўскі смела ідзе да дзвярэй і піхае. Не замкнута! Выйшаў і бяжыць назад:
— Таварышы, выходзьце!..
На вуліцы цёмна, і нічога не разабраць, дзе што дзеецца. Страляюць дзесьці далей. Мы тулімся кучкамі да сцен, пакуль не разгледзімся.
Бачым: сунецца ад катэдры нейкая чорная маса людзей. Не ведаем, хто.
— Кто идет? — крычаць адтуль па-руску.
— Свае, свае!! — адгукаецца Тарас зычным голасам.
— Гэта, здаецца, Тарасаў голас... каменданта з Вароняй, — гаворыць там хтосьці, як быццам бы мой бацька.
Яны ідуць, мы ідзём... Сходзімся... Наперадзе ў іх адзін вайсковы, другі — у «вольным».