Выбрать главу

А хто меншы — гуляў, як трапіцца. Найбольш гулялі ў карты на нарах. Адкрыта гулялі — на шчаўкі, а схаваўшыся ад пані Барбары — на грошы.

І мой бацька наўчыўся гуляць у карты, але каму які інтэрас быў з ім гуляць, калі ў яго не было грошай ні капейкі. А даваць яму адны пстрычкі па носе ці шчаўкі ў лоб — кожнаму абрыдла.

Тады малады майстар Васілеўскі наўчыў яго чытаць па-польску. І прывозіў яму з Вільні, калі ездзіў да брата ў госці, кніжкі ў польскай мове.

Бацька мой, патроху, вельмі ў чытанне ўеўся. Ужо і кніжак яму не хапала, — вязі і вязі. І па-руску наўчыўся чытаць лепей. Рускія кніжачкі Васілеўскі купляў яму па капейцы, па дзве, па тры.

На жаль, пані Барбара чытання вельмі не любіла...

— Што ты: пісарам хочаш быць ці ксяндзом? — крычала яна часта на бацьку.

А ў злосці — вырывала ў яго кніжку з рук, швіргала на падлогу і прымаўляла:

— Каб ты апруцянеў, холера, холера!

* * *

Аднойчы даў Васілеўскі бацьку рускую кніжачку і сказаў: «На, чытай. Гэта — Гогаля, надта смешна напісана».

Спадабаўся бацьку Гогаль незвычайна. Чытаў — не мог адарвацца. А па другі дзень вярнулася пані Барбара з Вільні — а злая, як ведзьма. Упусціла нейкі добры заказ.

Убачыла, што ён чытае, падышла, выхапіла, паглядзела: руская кніжка.

— Ты што чытаеш? — грозна спыталася яна.

— Гогаля... надта смешна напісана,— вінавата паўтарыў бацька словы Васілеўскага.

— Гогеляў-могеляў у маёй майстэрні чытаць! Смехі цябе надта разбіраюць! — раптам зараўла яна, як свіння, калі яе кепска рэжуць. Схапіла яго за валасы, прыгнула і пачала люта калашмаціць...

Нават самы добры кот, калі хто нечакана смаргане яго за хвост, — агрызнецца. І самы ласкавы сабака, калі хто раптам наступіць яму на лапу, аскаліць зубы.

У бацькі ж майго, апрача таго, было шмат розных прадпасылак у мінулым, каб пры раптоўнасці нападу не ўтрымацца. І ён, паддаўшыся інстынкту, джыгануў пані Барбару зубамі за лытку з усяе сілы...

Заверашчэла яна каротка, але такім высокім і тоненькім-тоненькім, не сваім голасам, што нават пан Халяўскі выскачыў з свайго пакоя — незвычайна спалоханы, хоць зазвычай ніколі не звяртаў увагі на яе крыкі...

Тую ноч бацька начаваў на кватэры ў Васілеўскага. Васілеўскі і яго жонка спакавалі ўжо ўсе рэчы — ехаць у Вільню. Спазніся бацька на адну ноч — паехалі б без яго.

Васілеўскі жыў у Свянцянах толькі часова, дзеля жонкі. Цешча хварэла па нейкую незлячоную хваробу, гады два чакала смерці, і Васілеўская жыла пры ёй. А за жонкаю — і Васілеўскі.

Цяпер цешча, якраз дарэчы, праставілася, Васілеўскі з радасцю кінуў Халяўскага і Свянцяны. І вось узяў з сабою і майго бацьку ў Вільню.

VII. «СТОЙ, ФАЛЬЦАР! НЕ ВАЛІСЬ!»

Ах, як стрэлка марудна ідзе.

Цішка Гартны

Вільня, як вядома, — самы прыгожы горад у свеце.

У самым цэнтры горада, там, дзе бурлівая Вілейка ўліваецца ў шырока-плаўную Віллю, стаіць высачэзная, круглая Замковая гара — як вялізарная зялёная капа сена.

На гары — старынная вежа, а пры вежы за рускімі стаяла гармата, і кожны дзень, роўна а 12-й гадзіне, яна грукала на ўвесь горад, аж прыезджы чалавек, як мой бацька, ад страху здрыгаўся і прысядаў на кукарэчкі.

Кожны князь, ці княгіня, ці хоць гетман, каб праславіцца, абавязкова будавалі ў Вільні прыгожую старынную царкву ці касцёл, пра які цяпер пішуць усе энцыклапедыі ва ўсім свеце.

Напрыклад, другая жонка Вітаўта, Ганна Святаславаўна, князёўна Смаленская, збудавала касцёл святой Ганны — у чыстым гатыцкім стылі, чырвоны, цагляны.

Усё вострае імкнецца ў ім угару, да неба. І здаецца ён лёгкім, невялікім, як цацка. Здаецца, узяў бы яго на далоньку і панёс.

Кажуць, што нават Напалеон разявіў рот на гэтае дзіва архітэктурнага мастацтва, калі ішоў ваяваць Маскву быў у Вільні і ў выхадныя дні цягаўся па горадзе.

Ён так залюбаваўся, што нібыта сказаў: «Каб мая сіла, узяў бы яго на далоньку і перанёс бы яго ў Парыж». Энцыклапедыі пра гэта нічога не пішуць, а ў Вільні гэта вядома кожнаму хлапчуку.

Кароль Ягела збудаваў у Вільні катэдру-касцёл святога Станіслава, што стаіць у самым цэнтры горада, пад Замковаю гарою.

Уся катэдра абстаўлена статуямі святых. І нават на даху, над франтонам, стаяць тры статуі — анёлаў, што распусцілі крылле і вось-вось сарвуцца і палятуць.

А на віленскім прадмесці Антокалі, якое цягнецца ўздоўж прыгожага берага Віллі ажно на шэсць кіламетраў, ёсць вялікі белы касцёл святых апосталаў Пётры — Паўлы.

Збудаваў яго вядомы вілянчук, пан гетман Пац, у італьянскім стылі, на ўзор сабора Пятра ў Рыме. Дык у гэтым касцёле — ажно дзве тысячы статуй і нават з гакам.