Выбрать главу

Цяпер працуе Тарас дзесьці ў СССР, здаецца, у Мінску. Далей робіць камуністычную работу.

* * *

Дзядзька Туркевіч сядзеў на Лукішках з красавіка 1919 года да пачатку 1920 года — вясну, лета, восень і палову зімы — у вельмі цяжкіх умовах, і за гэты час значна падупаў на здароўі. Бо марылі яго ў турме голадам, а перадач ніхто не насіў.

Узімку 1919—1920 гадоў яго таксама выменялі, і калі ехаў ён у Савецкую Расію, трапілася мне з ім бачыцца. На дарогу не прасіў ён у мяне хлеба, а папрасіў даць яму, калі маю, «Жалейку» Янкі Купалы. Здзівіўся я, але схадзіў у беларускую кнігарню на Занальную вуліцу, купіў яму гэтую кніжку, занёс, перадаў.

І з’ездзіла з ім «Жалейка» ў Оршу. Там ён працаваў да лета 1920 года, а як толькі Чырвоная Армія забрала Вільню, зараз вярнуўся на сваю старую, вельмі ўбогую, кватэру на Пагулянцы.

Жыла там без яго толькі жонка, а дзеці былі ў прытулку «Беларускага таварыства помачы ахвярам вайны». [...]

Праз колькі год эміграваў дзядзька Туркевіч у СССР. Жыў у Мінску. Вельмі стараўся аднавіць сябе ў кампартыі, нават ездзіў, казалі, у Маскву, да таварыша Антановіча. Але так і застаўся па-за партыяй. Прычына: яго нейкія былыя каншахцікі з беларускімі нацыяналістамі ў Вільні. Як той казаў: «Коготок увяз — всей птпчке пропасть...» Сям'я яго цяпер таксама ў Мінску. Толькі не ўся. Старшую дачушку яго, Стасю Туркевіч, засудзілі ў Вільні на катаргу. Хоць і расла Стася нейкі час пад апекаю ксяндза Адама, але вырасла камуністкаю.

* * *

Бацька мой перайшоў у кампартыю і добраю работаю загладзіў свае памылкі. У 1922 годзе пад час выбараў у сейм агітаваў ён за спіс № 5 («Саюза пралетарыяту гарадоў і вёсак») і быў арыштаваны. Каля года праседзеў у розных польскіх турмах, — нарэшце, выпусцілі без суду... Увосень 1923 года эміграваў у СССР і жыве ў Мінску. Спярша працаваў на гарбарні, а потым перавялі яго на пенсію.

Піша, каб мы ехалі да яго. А я думаю: «Не ўсім жа туды ехаць. Трэба ж некаму і тут заставацца, пакуль можна...»

І ўсё жаліцца, што рэдка яму пішам.

А мне ж часу бракуе, бацька ты мой мілы! «Віленскіх камунараў» пісаў я пяць гадоў. І вось мушу скончыць хоць так ужо, як ёсць...

Канец. 31. XII. 32 г.

Дый хіба ж у лістах напішаш тое, што думаеш? Каб нейкі пан прачытаў ды згроб за шкірку... Дудкі! Мы ўжо троху вучаны...

* * *

А Ромусь Рабэйка даслужыўся да афіцэрскага чыну. Усё ваяваў на Савецкім фронце, за тую Польшчу, якая цяпер ёсць... Надавалі яму чыноў, ардэноў. А калі вайна скончылася і легіянерам давалі зямлю, ён таксама атрымаў надзел — як на малога афіцэра, гектараў пяцьдзесят, дзесьці каля мястэчка Брудзянішак.

Зрабіўся асаднікам, зажыў панком. З Юзяю, з дазволу найсвяцейшага папы, развёўся. І пабраўся з польскаю патрыёткаю з Варшавы. Ды не доўга потым пракрасаваўся на свеце...

У 1926 годзе беларускія сяляне спалілі яго двор. Ён навёў карную экспедыцыю і ў блізкім часе быў забіты невядомымі ў дарозе, калі ехаў з свайго дварка ў Брудзянішкі.

Арон цяпер дзесьці па Урале, дырэктарам завода. І Ева з дзяцьмі даўно ўжо паехала туды да яго. А Брудзянішкі за гэты час ні каліва не змяніліся. Як і ў гады майго ма­ленства, так і цяпер там — крывыя вулачкі з пылішчаю і смуродам улетку, з гразёю па калена ўвосень і вясною, пакрыўленыя набок хаткі, сарваныя з крукоў вароты, пало­маныя тратуарчыкі ў адну-дзве дошкі. І сохленькія дрэўцы, што яшчэ ў гады майго маленства тырчэлі ўздоўж гэтых тратуарчыкаў там-сям пры хатках, — за ўвесь час не падраслі, тырчаць, як і бывала, нікім ніколі не абгароджаны і вечна абгрызены табуном галодных местачковых коз.

Уся змена — што замест аднаго царскага ўрадніка цяпер — шмат паліцыянтаў і шпікоў, а замест адной царскай манаполькі — дзесяткі «рэстарацый» з моцнымі трункамі, «распівачна і на вынас»... Але ж пільнуюць — не ўпільнуюць, спойваюць — не спояць...

* * *

Не змянілася і вёска маіх продкаў Жабракоўка, трапіўшы ў кіпцюры панскае Польшчы. І тыя даўныя паны, як Хвастуноўскія, і тыя новыя панкі, як Ромусі Рабэйкі — усю яе абселі, абкружылі і смокчуць з яе сокі...

Гібее Жабракоўка і цяпер таксама, як гібела і пяцьдзесят, і сто, і хто ведае колькі год таму назад. Але ж не сядзіць ужо так ціха, як бывала, не сядзіць...

* * *

У Вільні крызіс, безрабоцце, фашысцкая рэакцыя. Усё болей робіцца наша жыццё пад польскімі папамі вельмі падобным да нашага мінулага жыцця пад нямецкай акупацыяй.

Толькі ёсць і розніца: цяпер-то мы ўжо троху вучаны, і Прыклад, Вялікі Прыклад, стаіць у нас перад вачыма, ад нас недалёка...

* * *

Юзя радзіла сына Баніфацыя і дачку Яніну. Яны ўжо вучацца і ўжо ўмеюць пяяць «Інтэрнацыянал». І ўжо просяць мяне як ветэрана: