Выбрать главу

Юрась шукаў жонку тры месяцы, тры тыдні і тры дні, а потым убачыў каля дома на сваім кветніку незвычайную рудую кветку і пазнаў у ёй страчаную жанчыну. Ткач ажно заплакаў ад шчасця, што нарэшце знайшлася яго прыгажуня. Хай кветка, хай зусім не такая, як была, але ж яна ёсць, яна знайшлася, і яна тут! Сляза з мужавага вока выцякла і ўпала на рудую кветку, а тая ўзяла дый ператварылася ў рудавалосую жанчыну. Маладыя вырашылі кінуць старую Ткачыху ў Вільні, а самі назаўжды з’ехалі жыць на бераг Нёмана ў Друскенікі.

Белая вада

Праграміст Валодзя Воўк жыў адзін. З-за самоты ён пачаў карміць птушак. Купляў крупы ды семкі, сыпаў іх на брук і радаваўся разам з галубамі. Сярод птушак знайшоўся голуб, які завёў праграміста да чараўніка. У яго Валодзя і навучыўся шматлікім фокусам і цудам. На развітанне чараўнік падараваў праграмісту маленечкую бутэльку белай вады.

Ідучы па вясновай Вільні з бутэлечкай у кішэні, Валодзя Воўк сустрэў старую жанчыну, якая была падобна да ягонай маці-нябожчыцы. Воўк спыніў старую і прапанаваў ёй выйсці за яго замуж. Тая адмовілася, спаслаўшыся на ўзрост, але пагадзілася працаваць у Валодзі ў якасці кухаркі і прыбіральшчыцы. Воўк, пачуўшы пра згоду, абліў старую белай вадой - і жанчына памаладзела ўтрая... Праграміст і яго маладая жонка яшчэ доўга-доўга кармілі птушак на віленскім бруку.

Месяц і залацістая зорка

Воля Дол ішла на кірмаш, калі пачула голас прыдарожнага валуна: “Ты дастанешся небу..” Вяртаючыся, дзяўчына зноў пачула той самы голас і тыя ж словы пра неба. Дома яна расказала бацькам пра здарэнне. Маці і бацька моцна перапалохаліся. Яны так спужаліся, што вырашылі ўцячы з Вільні і схаваць дачку ў якім іншым месцы.

Пакінуўшы горад, уцекачы паехалі праз лес. Калі пачало цямнець, сям’я Долаў убачыла замак, абнесены высознай цаглянай сцяной. Воля зайшла ў адчыненую браму, каб папытаць у каго-небудзь дазволу заехаць у замак і пераначаваць. Тут вароты ўзялі ды зачыніліся. Колькі бацькі ні грукалі ў жалезную браму, ніхто ім не адчыніў. Воля чула грукат і крыкі бацькоў, але, як ні спрабавала, не змагла адчыніць браму.

Дзяўчына пайшла па замку шукаць дапамогі. У бязлюдных пакоях Вольга знайшла маладога нябожчыка. Побач з ім на каменнай падлозе ляжаў кавалак папіруса з надпісам: “Выцягні меч з сэрца забітага! Хай ён вернецца ў свет святла! Хай дапаможа табе знайсці сваю дарогу!” Воля выцягнула меч з сэрца прыгожага нябожчыка. Малады ваяр устаў і зрабіўся ясным месяцам, а Воля Дол зрабілася залацістай зоркай. З таго часу па-над начной Вільняй паўсталі светлатвары месяц і ягоная залацістая зорка. Бацькі Волі пабачылі на небе залацістую зорку, пазналі ў ёй сваю дачку і суцешыліся.

Залатыя рогі

Маладой віленчанцы Антаніне Сініцынай спадабаўся анёл. Жанчына так закахалася, што лётала за ім неадчэпна. Куды анёл - туды і Сініцына. Заляцанні жанчыны скарылі крылатага прыгажуна. Яны пачалі цалавацца і любіцца. Антаніна дзвюма рукамі ўчапілася ў анёльскі німб. Анёл ускінуў галаву. Німб хруснуў. У руках жанчыны застаўся вялікі кавалак бясцэннага ўпрыгожання, а на анёльскай галаве ўзніклі залатыя рогі. Так у нашай Вільні і з’явіўся першы чорт.

Чытацкі білет

Журналістка Валя Цвік нават сярод калег вызначалася эксцэнтрычнасцю. Яе жыццё складалася з розных трагікамічных сцэнак, таму мала хто ўслухоўваўся ў яе словы. Што б ні казала Валя, усе чулі адно “вух!” ды “ах!” Нават яе каханак кінадраматург Макс Дубатоўк не надаў увагі яе маналогу пра забойства... “Я цябе заб’ю! Дубатоўк, ты мяне чуеш? Я цябе заб’ю, калі прыдумаю, як пазбавіцца ад твайго паганага трупа. Ты мне надакучыў! Я цябе ненавіджу! Ты займаеш усе мае думкі з раніцы да вечара. Як толькі я вынайду спосаб схаваць нябожчыка, ведай: прыйшоў твой канец!”

Макс быў далёка не дробным чалавекам. Росту ў ім было пад метр дзевяноста, важыў ён больш за сто кілаграмаў. Але памеры не ўратавалі Дубатоўка. Валя Цвік закалола каханка нажом, а цела парэзала на кавалкі бензапілой. Папілаванага Дубатоўка Цвік расфасавала ў чорныя мяшкі для смецця. Потым звезла іх на гарадскі сметнік. Здзічэлыя сабакі паразрывалі мяшкі. Шафёр віленскага смеццявоза адшукаў не толькі галаву Дубатоўка. У мяшку з галавою ён знайшоў і чытацкі білет, выпісаны на імя Валі Цвік.

Як білет для наведвання ўніверсітэцкай бібліятэкі трапіў у мяшок з галавою, Валя не захацела тлумачыць. На пытанне, чаму яна так жорстка абышлася з каханкам, адказала проста: “Забіла, бо гуляць гуляў, а замуж не браў!”

Дзяўчыну пасадзілі за краты. Па дарозе ў турму паліцэйскія малявалі перад Валяй самыя змрочныя перспектывы. Дарэмна стараліся, бо Валя Цвік выйшла з камеры ў калідор, а потым і з турмы на вуліцу - праз сцяну. Так! Яна магла праходзіць праз сцены, а свой чытацкі білет Валя падкінула да адрэзанай галавы каханка дзеля забаўкі.