Шэрае неба
Горкі п’яніца Энцяляхій Бохан прадаў сваё адлюстраванне. Вось як гэта адбылося.
Энцяляхій прапіў усё да ніткі. Папрапіваў ён і ўсе пазыкі, якія толькі мог зрабіць. Грошы ў п’яніцы скончыліся, а выпіць усё яшчэ хацелася страшэнна. Нутро гарэла пякельным полымем. Ледзь жывы Энцяляхій павалокся да Святой брамы, каб у Маці Божай папрасіць паратунку. Па дарозе да брамы Бохан мінаў прывакзальны базар, там ён і пабачыў чарнавусага д’ябла. Элегантны, у чорным палітоне, князь цемры стаяў пад светлафорам і праз чорныя акуляры пазіраў на базарную мітусню. Энцяляхій пераадолеў страх і падсунуўся да нячыстага:
- Дружа, купі маю душу!
- Праз пару дзён твая душа, горкі п’яніца Энцяляхій, і так будзе маёй. Я пачакаю, - д’ябал павярнуўся да п’яніцы спінаю.
- Купі мой цень. Я чуў, што ты купляеш у людзей іх цені, - слёзна папрасіў п’яніца.
- Каб мы былі ў Афінах ці ў якім Іерусаліме, можна было б і пра цень пагаварыць. Мы на поўначы, мы ў Вільні. Колькі тых сонечных дзён на балтыйскай поўначы? Раз-два - і няма. Зноў дождж. Зноў шэрасць. Зноў лужыны кругом. Так што і твой цень, спадар Бохан, мне зусім не патрэбны!
- Лужыны, лужыны, лужыны... Чорт, як жа мне хочацца выпіць! Хоць ты падай на карачкі і з лужыны пі... Слухай, дружа, купі маё адлюстраванне. За бутэльку віна я прадам табе сваё адлюстраванне...
- Адлюстраванне, кажаш? Яго, здаецца, я яшчэ не купляў. Я шчодры, таму дам табе бутэльку гарэлкі. Дам такую бутэльку, у якой гарэлка ніколі не скончыцца для цябе.
П’яніца ўзрадаваўся. Ён пайшоў разам з д’яблам у зацішны двор. З- пад крыса свайго чорнага палітона князь цемры дастаў вялікае круглае люстэрка. Ён прымусіў Бохана трымаць люстэрка, на якое наліў трохі гарэлкі. Праз пластыкавую кактэйльную трубачку д’ябал выпіў разлітую па люстэрку гарэлку. Ён яе засмактаў разам з адлюстраваннем горкага п’яніцы Энцяляхія Бохана. Недапітую бутэльку разам з круглым люстэркам д’ябал пакінуў нікчэмнаму чалавеку, які прапіў усё, нават сваё адлюстраванне.
Бохан вырашыў неадкладна праверыць, ці не падмануў яго д’ябал. П’яніца пачаў заліваць у сябе гарэлку наўпрост з рыльца. Ён заліў яе столькі, што памёр тут жа, у зацішным двары, лежачы тварам на люстэрку, у якім не было ягонага адлюстравання, але выдатна адлюстроўвалася спакойнае нізкае шэрае неба.
Металічныя шарыкі
Сантэхнік Рыгор Карапет спраўна рамантаваў унітазы, а яшчэ ён выдатна труціў мышэй і пацукоў. Карапет карыстаўся ў Вільні вядомасцю і быў запатрабаваны, але Рыгору было сумна рабіць звычайныя і добрыя справы. Ад іх ён не атрымліваў задавальнення. Радасць прыносілі розныя дробныя злачынствы. Разам з пацукамі і мышамі Карапет труціў сабак і катоў. Душа паскудніка трыумфавала, калі гучаў плач гаспадара забітага сабакі. Весяліўся Карапет і на могілках, дзе завальваў крыжы і разбіваў малатком твары на партрэтах нябожчыкаў.
За мярзотным заняткам яго і заспеў аднойчы стары вартаўнік могілак. “Што ж ты, скаціна бязрогая, вырабляеш? Каб табе самому цяжкім малатком ды па твары гваздануць! Прэч пайшоў з нашых могілак!” - стары крычаў здалёк, бо пабойваўся наблізіцца да ўзброенага малатком вар’ята.
Вартаўнік баяўся, і Карапет сам рашуча пайшоў на яго. Рыгор узняў руку з малатком, каб абрынуць удар на старога. У гэты момант вартаўнік схапіў Карапета адной рукой за доўгі нос, а другой за вялікае вуха. Вартаўнік крутануў галаву паскудніка так, што скура на яго шыі луснула. З вялікай ірванай раны на зямлю пасыпаліся бліскучыя металічныя шарыкі. Усё нутро Карапета было запоўнена дробнымі сталёвымі шарыкамі. Яны высыпаліся, задыміліся і хутка пазгаралі на свежым паветры. Скуру сантэхніка Карапета вартаўнік выкінуў на сметнік да звялых і пасохлых букетаў.
Чырвоны тур
Здарылася тое дзіўнае ў часы, калі на землях нашых уладарылі князі. У Полацку кіраваў князь Полацкі, у Тураве - князь Тураўскі, а ў Вільні - князь Віленскі. Князь Віленскі меў найпрыгажэйшую жывёлу з тых, што вяліся ў тутэйшых краях, - чырвонага тура. Ні ў князя Тураўскага, ні ў князя Полацкага тура не было. Казалі, што ва ўсім белым свеце засталася адна асобіна - чырвоны тур князя Віленскага. Хто толькі не прыязджаў у Вільню, каб палюбавацца на тура! Натоўпы цікаўных збіраліся паглядзець, як рэдкую жывёлу купаюць у рэчцы.