Ясь Доўгі не паверыў ніводнаму слову рыбіны, але злітаваўся і адпусціў яе ў родную хвалю. Праўда, кавалачак вуса хлопец адшчыкнуў і пакінуў сабе на ўсялякі выпадак.
Жыццё бяжыць хутка. Праляцела жыццё і ў Яся Доўгага. Ніякай вялікай бяды з ім так і не здарылася. Кавалак вуса, адшчыкнуты ў шэрага сома, праляжаў у яго ажно семдзесят сем гадоў. Стары Ясь вырашыў яго спаліць і паглядзець, ці праўду казала рыбіна. Як толькі попел спаленага вуса ўпаў на ваду, з Віліі паўстаў велізарны шэры сом і запытаў, чым можа дапамагчы.
- Можаш мяне зрабіць маладым? - дзеля жарту сказаў Ясь Доўгі.
- Магу!
- Зрабі!
Шэры сом зрабіў са старога Яся малога хлопчыка. Так Ясь Доўгі пражыў на беразе Віліі не адно, а цэлыя два жыцці, а ўсё таму, што ў адзін важны момант быў літасцівым.
Жаўтабокая калебаса
На Ратушным пляцы ў маленькай антыкварнай крамцы Алесь Верабей набыў жаўтабокую калебасу. Касавокі крамнік сказаў Вераб’ю, што калебаса чароўная і можа спяваць; толькі ён забыўся, што трэба зрабіць, каб паўднёваамерыканская біклага заспявала. Раней памятаў, а цяпер састарэў і забыўся. Не каб сесці і ўсё запісаць пра жаўтабокую калебасу. Паспадзяваўся на памяць, а яна, нягодніца, і падвяла.
Алесь купляў калебасу выключна для ўпрыгожвання інтэр’ера ў сваім начным бары з назвай “Амазонка”. У бары несупынна круціліся песні Боба Марлі, таму спевы жаўтабокай калебасы былі нібыта і непатрэбнымі, але ёсць такая рэч, як цікаўнасць. Алесю Вераб’ю стала цікава пачуць голас калебасы. Ён яе пагладждваў, ён па ёй пастукваў, ён яе трос. Калебаса маўчала. Ён наліваў у яе ваду, віно і ром. Ні гу-гу. Ён яе ўгаворваў, ён ёй пагражаў, ён на яе сварыўся і абяцаў выкінуць на лютаўскі мароз. Калебаса маўчала. Верабей ужо падумаў, што крамнік з Ратушнага пляца пажартаваў. Гандаль - мастацтва падманаў. Чаму не падмануць пакупніка, які сам хоча падмануцца? У выніку Верабей панёс жаўтабокую калебасу, каб паставіць на паліцу з бутэлькамі залатой тэкілы. Каб было больш зручна несці, Алесь засунуў свой вялікі палец у адтуліну калебасы, а яна ўзяла ды заспявала. Яе спеў быў цудоўным, такім спевам мог зачаравацца і сам Боб Марлі.
Пунсовы вецер
Вітальд Бобрык любіў Хрысціну Сойку. Хрысціна кахала Вітальда. Справа маладая. Закаханыя чакалі свайго прызначанага на верасень вяселля і штовечар прагульваліся па летняй Вільні. У час няспешнай прагулкі ў Нагорным парку на іх наляцеў пунсовы вецер. Ён быў такі жорсткі, што нават апісаць цяжка. Вецер адарваў нос і вуха з тварыка Хрысціны. Адарваў ёй нагу і руку. Паадрыванае пунсовы вецер узняў у неба і параскідаў па розных кутках цёмнага парку.
Вітальд адшукаў вуха і нос каханай. Знайшоў і прыляпіў на месца. Ён адшукаў яе нагу і гэтаксама спрытна прымайстраваў да цела. Руку Хрысціны Сойкі Вітальд знайсці не змог. Ён шукаў яе цэлую ноч, шукаў усю раніцу і наступны дзень. Усе думалі, што Хрысціна з’явіцца на ўласнае вяселле аднарукай. Усе клялі страшнымі праклёнамі пунсовы вецер і прасілі неба вярнуць нявесце руку. Здарыўся цуд: рука ў Хрысціны адрасла. Яна была крышачку меншай і танчэйшай за папярэднюю, але гэта, калі асабліва не прыглядацца, не кідалася ў вочы. Вяселле ў Бобрыкаў прайшло радасна.
Зорная птушка
Уліна Зёлка жыла адна. Кожную зіму яна карміла птушак чорнымі і белымі семкамі. Зёлка хварэла, атрымлівала мізэрную пенсію, грошай ёй увесь час не хапала. Аднойчы настаў такі чорны дзень, што ў яе нават не знайшлося капейкі, каб купіць тыя семкі. Сініцы прыляцелі раніцай на падаконне, але пачастункаў не знайшлі. Усе птушкі паляцелі далей, і толькі адна сініца засталася. Яна не паляцела разам з астатнімі, а ўзнялася ў яшчэ цёмнае і поўнае зорак неба. Там яна здзяўбла з густога і сіняга неба некалькі зялёных зорачак і са звычайнай сініцы зрабілася зорнай птушкай. Яна заззяла дыяментамі, смарагдамі і сапфірамі. Сініца вярнулася да хворай Зёлкі і павяла яе па Вільні, завяла ў яўрэйскі квартал, дзе паказала за старой напаўразбуранай дрывотняй закапаную ў зямлю скарбонку з золатам. Знойдзеных манет хапіла на новую кватэру і лячэнне. Уліна цалкам вылечылася, знайшла сабе мужа і пачала працаваць прадаўшчыцай бурштынавых і саламяных упрыгожанняў.
Палёты на спіне
Тамара Загорская прыйшла да доктара і папрасіла пілюль ад дэпрэсіі. Іх Тамара прасіла не для сябе, а для дачкі Вольгі. Доктар пачаў распытваць пра хваробу. Загорская расказала, што другі тыдзень дачка не ўстае з ложка, ляжыць тварам да сцяны, нічога не есць, толькі п’е падсоленую ваду. Доктар сказаў знерваванай маці, што Вольгу трэба лячыць не пілюлямі, а палётамі на спіне. Загорская не паверыла, што дачка яе зможа лётаць, а тым больш - лётаць на спіне. Доктар узяў Тамару за руку і паказаў, як трэба павольна ўздымацца ў паветра. Рабіць гэта трэба вертыкальна, а потым няспешна класціся на спіну і ляцець у вышыні. “Некалькі колаў над вечаровай жнівеньскай Вільняй - і дэпрэсія скончыцца!” - запэўніў усхваляваную палётам пацыентку вопытны доктар.