Шэрае возера
Анэта Крыж з дзяцінства хадзіла ў ягады. Лясы вакол Вільні яна ведала добра, таму заўсёды вярталася дадому з поўным вядром. У той дзень Анэта выправілася ў маліны. Назбірала трохлітровы бітончык і пайшла на дарогу, каб спыніць спадарожную машыну і на ёй вярнуцца ў горад. Сцежка бегла каля Чорнага возера. Анэце захацелася змыць з сябе стому ў цёмнай, як ноч, вадзе. Яна распранулася і зайшла ў возера, памыла сябе знізу, памыла зверху і апаласнула з усіх бакоў.
Да Вільні Анэта Крыж даехала без прыгод, а дома ёй зрабілася кепска, ды так, што думала - памрэ. Доктарка шукала і не знайшла ў жанчыны прыкмет звыклай хваробы, а пачуўшы пра купанне ў Шэрым возеры, параіла пайсці да шаптухі. Анэта наведалася да знахаркі і расказала, як у Шэрым возеры памыла сябе знізу, зверху і з усіх бакоў. Шаптуха загадала жанчыне вярнуцца да возера і папрасіць у яго прабачэння. Перапрошваць возера Анэце Крыж давялося не за тое, што яна памыла сябе знізу, зверху і з усіх бакоў, а за тое, што насікала ў цёмную ваду. Шэрае возера выслухала прабачэнні Анэты, даравала ёй нахабства і адагнала ад яе насланую хваробу.
Трава вяртання
У Зарэччы некалі жылі паляўнічыя браты Рысі. Сымон - старэйшы, Язэп - малодшы і Віктар - сярэдні. Аднаго разу браты выбраліся на чарговае паляванне і ўсе як адзін забыліся на запалкі і запальнічкі. Сабраліся яны адпачыць у лесе, пагрэцца каля вогнішча, а раскласці агонь няма чым.
Пайшоў Язэп шукаць запалкі. Знайшоў у лесе крывы дамок. Зайшоў у яго і папрасіў у старой гаспадыні пазычыць запалкі або запальнічку. Старая пырснула на Язэпа атрутай. Мужчына сканаў, і людаедка пачала варыць яго ў медным сагане.
Тым часам Віктар выправіўся шукаць брата і агню. Сярэдні брат, як і малодшы, знайшоў дамок. Зайшоў у яго і таксама трапіў у медны саган. Старая ледзь паспела зварыць братоў Рысяў, як у яе дамку з’явіўся Сымон. Ён збіў старую на горкі яблык, прымусіў яе запарыць траву вяртання і абмыць чароўным зваротным узварам целы сваіх малодшых братоў. Старая абмыла братоў, выцерла іх ільнянымі рушнікамі - і мужчыны ажылі. Розгалас пра чарадзейную траву вяртання ў адзін міг абляцеў усю Вільню. Шмат хто хадзіў па тую траву ў лес, але ніхто больш не знайшоў ні крывога дамка старой людаедкі, ні чароўнай травы вяртання.
Залатыя дранікі
Самая смачная бульба ў нашым кутку зямлі, вядома, у Вільні. Бо паўсюль садзяць бульбу, якую некалі прывезлі з Амерыкі, а пад Вільняй расце бульба, якую ў даўнія часы даставілі з месяца. Здабыла яе князёўна Бірута.
Аднойчы ўначы князёўна сядзела на самай высокай віленскай вежы і пабачыла на месяцы індзейца, які ў гэты час на сваім невялічкім полі капаў бульбу. Бірута распранулася, абмазала цела лятучым бальзамам, села верхам на бярозавае памяло і выправілася ў зорнае неба. Князёўна прыляцела на месяц, дзе пазнаёмілася з маладым чырванаскурым селянінам. Ён пачаставаў яе маладой бульбінай. Біруце так спадабалася падсоленая вараная бульба з маслам і кропам, што яна выпрасіла ў індзейца цэлы мех з клубнямі. Князёўна распытала, як садзіць бульбу і калі яе трэба збіраць. Індзеец навучыў Біруту не толькі садзіць і капаць, ён паказаў ёй, як смажыць з бульбы хрусткія залатыя дранікі. Князёўна вярнулася ў Вільню, дзе загадала сваім сялянам вырошчваць самую смачную бульбу на белым свеце і смажыць з яе залатыя дранікі.
Сіняя цагліна
Усё найлепшае з таго, што пабудавалася ў старой Вільні, паўстала дзякуючы сіняй цагліне. Вежа Гедыміна, сабор Ганны, універсітэт, званіца каля кафедральнага сабора, яўрэйскі квартал, царква Параскевы і шмат іншых пабудоў маюць сувязь з той чароўнай рэччу. У даўнія часы цагліну падараваў віленскім дойлідам анёл. Ён прынёс з неба на зямлю нябесна-сінюю цагліну, на адным баку якой быў намалёваны залаты леў, а на другім - залаты алень. Анёл сказаў дойлідам, што, перад тым як пачаць нешта будаваць у горадзе, трэба прыйсці позна ўвечары на месца будучай будоўлі і пакласці на зямлю сінюю цагліну. Класці неабходна было менавіта львом да неба. Яна павінна была праляжаць так цэлую ноч. Раніцай трэба было паглядзець уважліва, ці не зрушылася цагліна, ці не перакулілася львом да зямлі, а залатым аленем - да неба. Калі зрушылася ці, крый бог, перакулілася, пачынаць будоўлю ў гэтым месцы было нельга, бо, што ні пабудуй, - стаяць не будзе, разбурыцца само ці нехта зруйнуе. Дойліды паслухаліся анёла. З таго часу ледзь не тысячу гадоў усё самае прыгожае паўставала ў Вільні згодна з прадказаннямі сіняй цагліны. Калі тая ляжала ноч нерухома, будоўля распачыналася, калі перакульвалася ці зрушвалася з месца, будоўля адкладалася.