Падчас апошняй вялікай вайны сіняя цагліна знікла. Кажуць, што ў час, калі Вільня апынулася ў Трэцім рэйху, сіняя цагліна трапіла ў кепскія рукі, ёй завалодаў архітэктар-вар’ят. Ён сашкроб з цагліны залатых ільва і аленя, а замест іх панамалёўваў срэбныя чарапы і свастыкі. Не паспела срэбная фарба высахнуць на чароўнай цагліне, як у Вільню зайшоў д’ябал. Ён наведаўся да вар’ята і забраў сінюю цагліну. Ухапіў і знёс пад зямлю.
Зялёны яблык і чароўны нож
Віленскі грузчык Адась Русак знайшоў на прывакзальным пляцы чароўны нож. Ім ён мог разрэзаць напалам зялёны яблык так, што потым яго можна было скласці - і ніякага следу ад разрэзаў не заставалася. Зялёны яблык натуральна зрастаўся. Цікава, што жоўтыя і чырвоныя яблыкі, разрэзаныя напалам чароўным нажом, не зрасталіся зусім, яны развальваліся, як ты іх ні складай.
Адась Русак аб’ехаў паўсвету са сваім фокусам пад назвай “Зялёны яблык і чароўны нож”. Ён бы і другую палову свету аб’ехаў, каб не ржа. У Пакістане чароўны нож раптам пакрыўся рудой іржой і перастаў працаваць, перастаў здзяйсняць дзівосы з яблыкамі. Давялося Адасю Русаку вярнуцца ў родную Вільню і зноў пайсці працаваць грузчыкам на чыгуначным вакзале.
Шэрая котка
Жыла ў Вільні шэрая котка. Гаспадароў у яе не было. Выглядала яна звычайна. Котка і котка, шэрая і шэрая, звычайная і звычайная. Паводзінамі яна вылучалася. Яны былі пачварныя, жахлівыя. Котка крала на базарах мяса і кілбасы. Яна задзірала малых і вялікіх птушак. Яна пачала загрызаць малых дзяцей. Заскоквала ў дзіцячую каляску і перагрызала немаўляці шыйку. Шэрую котку лавілі і забівалі. Яе секлі на кавалкі. Яе закопвалі жыўцом. Кожнага разу шэрая котка адраджалася, паўставала з мёртвых.
Была ў той шэрай пачварнай коткі чароўная іскра жыцця. Яна хавалася ў якой-небудзь часцінцы злоўленай жывёлы. Залазіла ў валасок ці кіпцік, а потым з яго аднаўлялася ўся як ёсць шэрая котка. Пра іскру жыцця віленчукам расказаў вядзьмар Фама Капуста. Яму і прынеслі ў драцяной клетцы палонную шэрую котку. Срэбнымі абцугамі Фама выцягнуў з коткі блакітна-белую іскру жыцця і пагасіў яе ў воцаце.
Чорны ордэн
Неяк у Вільні пачалі чэзнуць кветкі. Увечары кветнік быў сакавіты і свежы - вока радаваў, а раніцай на зямлі ляжалі адно пасохлыя пёры травы ды пажоўклыя скручаныя пялёсткі. Усё ішло да таго, што Вільня магла застацца зусім без кветак. Віленчукі захваляваліся. Пільнавалі. Сачылі адзін за адным. Нехта пабачыў цень чорта, які пасыпаў кветнікі чырвонай соллю ды паліваў ацэтонам. Пайшла пагалоска, што трэба з нячысцікам дамовіцца, пакуль ён не звёў усе чыста кветкі. На перамовы выйшаў сам мэр Вільні. Сустрэча адбылася на ганку ратушы. Чорт быў ветлівым і пакляўся не чапаць кветнікі, калі яго ўзнагародзяць ордэнам. Мэр не чакаў такога нахабства, але ордэн чорту паабяцаў.
Праз тры дні на ганку ратушы мэр узнагародзіў чорта Чорным ордэнам, які звычайна давалі герою, што абараняў горад ад ворагаў. Чорны ордэн спадабаўся Чорту. Ён больш не чапаў вазоны і кветнікі, але пачаў зводзіць віленскіх катоў і сабак. Штоноч у Вільні сталі знікаць сотні сабак і катоў. Давялося мэру даваць чорту яшчэ адзін Чорны ордэн, каб не чапаў катоў з сабакамі. Нячысцік спыніў вынішчэнне гаўкалаў і мяўкалаў, але звёў са свету некалькі малых дзяцей. Мэр паабяцаў чорту трэці Чорны ордэн, каб толькі той не чапаў віленскіх дзетак.
Чорт прыйшоў па чарговую ўзнагароду на ганак ратушы, дзе яго і забіў мэр. Бойка была цяжкай. Нячысты рогам прабіў мэру бок і выбіў вока, але той працяў чортава сэрца бліскучым кінжалам. Забітага чорта пасеклі на кавалкі і спалілі ў жалезнай бочцы, каб погань не адрадзілася. Скалечаны мэр памёр ад ран праз тры дні. На пахаванне героя выйшла ўся Вільня. З таго часу Чорным ордэнам больш ніколі нікога не ўзнагароджвалі, пра яго нават стараюцца і не ўспамінаць.
Залатая свечка
Тодар Тур адсядзеў у турме дзесяць гадоў. Яго абвінавацілі ў забойстве, якога ён не рабіў.
Жонку Тодара ахапіла рэўнасць. Жанчына ажно звар’яцела праз сваю беспадстаўную палымяную рэўнасць. Яна атруцілася, але зрабіла гэта так, што ўсё паказвала на тое, што яе забіў муж. Жанчына нават заплаціла лжывым сведкам, якія казалі на судзе, што на свае вочы бачылі, як Тодар сыпаў у жончын келіх з віном смяротную атруту.