Тур выйшаў з турмы і пайшоў праз летнюю Вільню. Ён ішоў праз свой родны горад доўга, ажно пакуль не пабачыў на беразе рэчкі чорную хату. На яе чорным ганку стаяла прывабная жанчына, прыбраная ў чорную сукенку. Тодар прыпыніўся каля чорнага плота і папрасіў у жанчыны кубак вады. Тая пачаставала Тура з чорнага кубачка смачнай, як свабода, вадой. Тодару так спадабалася вада, што ён вырашыў затрымацца і пагаварыць з жанчынай.
Ён даведаўся, што ў яе памёр муж. Жанчыну, як і яго, спрабавалі абвінаваціць у забойстве, але справа ў судзе развалілася. Следчыя не назбіралі патрэбную для абвінавачвання колькасць доказаў. Жанчына выйшла з суда і вярнулася дамоў. Уночы да яе прыйшоў нябожчык-муж, ён і ператварыў яе светлую хату ў чорную. Усе рэчы, што ў той момант былі ў хаце, набылі глухі, як смерць, чорны колер. Нябожчык вярнуўся на могілкі, але цяпер кожная рэч, якая пераначуе ў чорнай хаце, робіцца нязменна-чорнай, нават малако і вада чарнеюць. Таму жанчына не пакідае ў хаце на ноч ні ваду, ні малако, ні яйкі...
Тодар Тур паабяцаў жанчыне выгнаць з яе хаты чарнату. Ён застаўся ў хаце на ноч. Тур ведаў, што яму можа дапамагчы залатая свечка. Калі Тодар выйшаў за турэмную браму, яго пераняў начальнік турмы. Ён сказаў:
- Ведаю, ты, браце, змарнаваў у маёй турме дзесяць гадоў маладога жыцця. Ведаю, што цябе абвінавацілі ў забойстве, якога ты не рабіў. Ведаю, што вярнуць табе дзесяць гадоў не змагу. Але я дам табе, браце, залатую свечку. Ты пойдзейш па Вільні і ўбачыш нешта надзвычайнае. Сустрэнеш некага, каму спатрэбіцца дапамога. Тады спыняйся і запальвай залатую свечку. Агонь яе прынясе табе шчасце...
Пасярод ночы Тур запаліў выратавальную залатую свечку. Са свечкай у руцэ Тодар тройчы абышоў чорную хату, і яна з чорнай зрабілася белай. Усе рэчы, на якія падала залацістае святло свечкі, страчвалі чарнату і вярталі свой натуральны колер. Раніцай на беразе рэчкі віленчукі пабачылі на месцы чорнай хаты белую. У той шчаслівай хаце Тодар Тур разам з новай жонкай дажыў да ста гадоў.
Час махаонаў
Пайшла ў Вільні мода на ўпрыгожванне сцен зашклёнымі скрыначкамі з рознымі матылямі. У сувенірныя крамы панавезлі розных экзатычных матылёў з трапічнай Афрыкі ды бразільскай сельвы. Сінякрылыя і смарагдавыя, рубінавыя і пярэстыя - яны нагадвалі пра вечнае лета і захапляльныя вандроўкі. Мясцовыя падлеткі пачалі лавіць, высушваць і прадаваць тутэйшых матылёў. З тутэйшага добра куплялі паўлінава вока, але найбольшай папулярнасцю карыстаўся жоўта-чорны махаон. Лавіць і прадаваць махаонаў забаранялася, бо матылька запісалі ў Чырвоную кнігу. Вядома ж, усё забароненае заўсёды і самае салодкае, і самае патрэбнае, і самае дарагое, ліха на яго. Толькі і ахоўнікі прыроды не спалі ў шапку. Яны высачылі чалавека, які прыносіў у крамы зашклёныя скрыначкі з махаонамі. Звалі затрыманага браканьера Апалінар Жмут.
Ахоўнікі прыроды запатрабавалі ад мужчыны неадкладных тлумачэнняў. Ён сказаў, што ў ягоных скрыначках не сапраўдныя махаоны, а намалёваныя алоўкамі на паперы. Ахоўнікі не паверылі Жмуту. Тады той сказаў, што можа на вачах у прысутных намаляваць яшчэ аднаго вялікакрылага махаона. Яму прынеслі паперу і каляровыя алоўкі. Апалінар Жмут намаляваў жоўта-чорнага матылька і пстрыкнуў па ягоным крыле пазногцем. Намаляваны матыль паварушыў крыламі, махнуў імі і ўзняўся ў паветра. Пакуль махаон ляцеў да адчыненага акна, спадар Жмут выйшаў з крамы праз дзверы. Больш ніхто не бачыў у Вільні малявальшчыка жывых матылёў і больш ніхто не прадаваў засушаных махаонаў у зашклёных скрыначках. Так у Вільні прайшла мода на матылёў і скончыўся час махаонаў.
Залаты сом
Неверагодную гісторыю пра Тасю Келб расказвалі не толькі ў Вільні, але і ў Друскеніках, і ў Вілейцы. Мне падаецца, што больш пераканаўча яна гучала ў Друскеніках, на беразе Нёмана, але гэтым разам я спынюся на віленскім варыянце.
На ўскрайку горада жыла ў невялічкім дамку Тася Келб. Яна трымала коз. Жыла з таго, што прадавала малако і сыр. Жыла бедна, але не гаравала. Сваіх коз Тася пасвіла на беразе рэчкі.
Аднойчы яна стаяла каля самай вады і разглядала арэшнік, што зелянеў пасярод ракі на востраве. “Каб апынуцца мне на востраве і нарваць там вялікіх і салодкіх арэхаў!” - сама сабе сказала Тася і цяжка ўздыхнула. Яна ўздыхнула так цяжка, што яе пачуў залаты сом. Ён падняўся на паверхню вады і прапанаваў Тасі Келб сваю дапамогу: “Я завязу цябе на востраў і вярну на бераг столькі разоў, колькі ты пажадаеш. Такую прыгажуню я згодны катаць на сваёй спіне ўсё жыццё...”
Тася Келб села на спіну залатога сома і пераплыла на востраў. Там набрала цэлы кош салодкіх арэхаў і папрасіла залатую рыбіну перавезці яе на бераг, дзе чакалі ўстрывожаныя козы. Сом перавёз Тасю праз рэчку і прапанаваў выйсці за яго замуж і жыць разам у падводным рачным каралеўстве, дзе ён, залаты сом, з’яўляўся каралём. Тася Келб схітравала: яна паабяцала прывесці на бераг рэчкі сваю старэйшую сястру, прыгажуню Зосю, якая, маўляў, абавязкова пагодзіцца стаць каралевай у падводным каралеўстве.