Сом паверыў жанчыне. Ён тры гады чакаў, пакуль Тася Келб прывядзе на бераг сястру Зосю. Тым часам Тася хадзіла пасвіць сваіх коз на лясныя паляны. Келб зусім забылася пра абяцанне, дадзенае залатому сому. Каб яна помніла пра яго, яна б яшчэ тры гады не хадзіла з козамі на бераг рэчкі. І вось прыгнала Тася Келб свой статак на бераг, дзе некалі сустрэлася з залатой рыбінай. Тут з вады і з’явіўся залаты сом. Ён праглынуў увесь статак і знік пад рачнымі хвалямі. Так залаты сом адпомсціў Тасі Келб за падман. Бедная жанчына праплакала тры дні і тры ночы, а потым прадала дамок і з’ехала на возера Свіцязь, на беразе якога і зараз пасвіць адну белую казу.
Чырвоная палачка
Юзэфа Чабор вярнулася з гіпермаркета і пачала разбіраць торбу з набыткамі. У ёй было шмат чаго смачнага: шэры хлеб з алівамі, прашута, зялёная салата, запраўленая алеем морква, дробныя памідоркі, бутэлька мінеральнай вады. На сподзе торбы Юзэфа знайшла чырвоную палачку. Яна не купляла яе і не клала ў сумку. “Мабыць, касірка выпадкова ўсунула!” - падумалася Юзэфе. На касах у гіпермаркеце ўвечь час раздаюць нейкія цацкі ды сувеніры. Жанчына пакруціла чырвоную палачку ў руках і выпадкова дакранулася ёю да крыху звялай салаты. Здарылася дзіва: завялыя лісты раптам паразгортваліся і парабіліся пругкімі ды свежымі. “Мабыць, гэтая чырвоная палачка чароўная! - такая здагадка мільганула ў галаве Юзэфы Чабор. - Мабыць, яна зможа вяртаць свежасць не толькі звялай салаце?” Жанчына згадала, што па дарозе з крамы бачыла прысыпанага снегам замерзлага голуба. Яна апранулася, схапіла чырвоную палачку і пабегла шукаць мёртвую птушку. Знайшла. Дакранулася да пакрытага шэранню голуба чырвонай палачкай - і ён ажыў. Птушка абтрэсла з крылаў шэрань, узнялася ў начное неба і там знікла. Узрадаваная Юзэфа па дарозе дамоў зайшла на сметнік, дзе за кантэйнерам ляжаў здохлы сабака. Чырвоная палачка і сабаку ажывіла.
Раніцай Юзэфа Чабор выправілася ў крэматорый, каб яшчэ раз праверыць моц чырвонай палачкі. Сярод падрыхтаваных да крэмацыі людзей жанчына выбрала забітага ў перастрэлцы маладога злодзея. Ёй стала шкада хлопца, бо малады ж зусім, пажыць не паспеў, бо чалавек мусіць мець шанец на выпраўленне. Чырвоная палачка лёгка падняла хлопца з труны. Той моцна перапужаўся, пабачыўшы вакол сябе труны з нябожчыкамі. Ён, як быў у адным летнім касцюмчыку, так і пабег у ім праз засыпаную снегам Вільню.
Пасля крэматорыя Юзэфа Чабор вырашыла выправіцца на неба і ажывіць чырвонай палачкай пагаслую зорку. Жанчыну праводзілі ў падарожжа ўсе сваякі і знаёмыя. Некаторыя нават спрабавалі ўгаварыць Юзэфу застацца, але яна не пагадзілася і пайшла шукаць сваю мёртвую зорку. Мала хто верыць у тое, што Юзэфа Чабор вернецца ў Вільню, але ёсць такія, хто ўсё яшчэ спадзяецца з ёй сустрэцца. Сярод тых, хто спадзяецца, можна знайсці і мяне.
Шэрае дрэва
Уся Вільня памятала, што аднойчы ў ноч перад Дзядамі чорт звёў з горада сем дзяўчатак. Дзе хто ні шукаў, знайсці іх так і не змаглі. Шмат гадоў прамінула з тых злашчасных Дзядоў, а Вільня ўсё ніяк не магла забыць пра сваіх зведзеных чортам дачушак. Прыватны дэтэктыў Яраслаў Дол вырашыў адшукаць зніклых дзяцей. Ён сабраўся і выправіўся на пошукі.
Ішоў мужчына дзень, ішоў месяц, ішоў год і прыйшоў да шэрага дрэва. Па тым высозным дрэве Яраслаў залез на неба. Там, ходзячы па аблоках, ён пачаў распытваць пра зніклых з Вільні дзяцей. Ніхто з сустрэчных нічога карыснага сказаць не змог. Яраслаў ужо сабраўся вярнуцца на зямлю, калі да яго падышлі жанчыны ў жалобных строях. Яны папрасілі Яраслава Дола пайсці на могліцы, дзе жанчыны пазакопвалі мёртванароджаных немаўлятак. На могліцах яны хавалі не толькі мёртванароджаных, але і ўсіх сваіх нехрышчоных дзетак. Такіх немаўлятак жанчынам было асабліва шкада, таму і папрасілі яны Яраслава Дола выкапаць дзяцей з магіл, ажывіць іх і прывезці ў Вільню, а там сказаць, што і гэтых дзетак некалі звёў з горада бессардэчны чорт. Яраслаў спытаў, як яму вярнуць да жыцця нябожчыкаў. Жанчыны далі мужчыне біклагу жывой вады.
Дол павыкопваў дзяцей з магілак на могліцах і чароўнай вадою паліў іх. Тыя ажылі. Яраслаў завёў усіх у горад і сказаў віленчукам, што гэта дзеці, якіх некалі пазводзіў чорт. Вільня паверыла Яраславу Долу і сабрала сродкі на іх утрыманне.