Калі ў пакой уварваліся іншыя жыхары інтэрната, там іх сустрэла дзіўнае відовішча. У адным кутку сядзеў і брахаў сабака, падобны да Каптура, а ў супрацьлеглым шчэрыўся і сіпеў кот, падобны да Мякіша. Першым з пакоя вылецеў кот, за ім у пагоню панёсся сабака. Больш ніхто ніколі не бачыў Каптура і Мякіша ні ў Вільні, ні ў якім іншым месцы.
Паветраны човен
Човен быў зусім маленькі, роўна на аднаго чалавека, і не больш. Здалёк ён выглядаў нават дзіцячым. Рэжысёр-дакументаліст Данат Зарэцкі знайшоў яго за дрывотняй. Рэжысёр быў у прастоі. Рэжысёры часта трапляюць у прастоі, і дакументалісты не выключэнне.
Беспрацоўны Данат гуляў па Вільні. Ён прамінуў сабор Святой Ганны і выйшаў на мост. Перайшоў праз яго і трапіў у Зарэчча. Там ён зайшоў у стары дворык доўгага двухпавярховага дамка. У двары над рэчкай стаяла дрывотня. За ёй Зарэцкі знайшоў паветраны човен. Сеў у яго, адштурхнуўся вяслом ад старой дрывотні і паплыў у паветры. Данат паплыў у белавоблачную вышыню, а чырвоныя і ружовыя вежы Вільні пазаставаліся ўнізе. Зарэцкі думаў, што некалі абавязкова здыме дакументальны фільм пра віленскае Зарэчча. Ён нават верыў, што вернецца і здыме фільм.
Жоўтыя мыліцы
Віленчукі не раз і не два бачылі, як па рачных хвалях плылі жоўтыя мыліцы. Пекар Леанід Пупка забіраў іх у інваліда Базыля Бязручкі, прыносіў на мост і з вышыні шпурляў у рачныя хвалі. Спярша Пупка намерваўся забіць бязногага Бязручку, але ў апошні момант перадумаў. Вырашыў іншым чынам караць нябогу. Пупка прыдумаў забіраць у маладога інваліда яго жоўтыя мыліцы і выкідаць іх у рачную плынь. Хай Вільня бачыць пакаранне, хай Вільня помніць пра забойства дзяўчыны- прыгажуні, дачкі пекара Валярыны. Інвалід Бязручка перарэзаў горла той прыгожай Валярыне. Уся Вільня ведала, што дачку пекара зарэзаў калека Базыль. Ведаць ведалі, але доказаў не хапіла, каб яго асудзіць. Купіў ён сабе алібі і сведак. Купіў, гад! Дзе толькі грошы знайшоў? Каб хто сказаў... Забіў, гад, чалавека і выкруціўся ў судзе. Ён перарэзаў дзяўчыне горла за тое, што яна яго падманула і скалечыла.
Малады садоўнік Базыль Бязручка некалі закахаўся ў Валярыну і днямі навылёт стаяў з букетамі пад яе балконам. Дзяўчыне надакучылі кпіны сябровак, якія пасміхаліся з Валярыны, маўляў, у яе мог закахацца толькі такі безграшовы садоўнік, як Базыль. Валярына паабяцала сяброўкам, што прагоніць кавалера ў ноч вялікай поўні. Дзяўчына сказала Базылю, што ў ноч поўні спусціць з балкона вяровачную лесвіцу - і ён зможа падняцца да яе ў пакой. Пакуль яе бацька будзе спаць, яны зоймуцца сапраўднымі дарослымі абдыманнямі ды прыцісканнямі.
Не толькі Базыль дачакаўся вяровачнай лесвіцы, скінутай з балкона, яе дачакаліся і прагныя да начных прыгод злосныя сяброўкі Валярыны. Яны бачылі, як у месячным святле садоўнік палез уверх. Ён ужо быў пад самым балконам, калі падступная дачка пекара вострым, як брытва, бацькавым нажом зрэзала вяровачную лесвіцу. Базыль грымнуўся з вышыні трэцяга паверха на брук і пераламаў косткі на абедзвюх нагах. Разбіты, пакрыўджаны і зняважаны садоўнік ляжаў на слізкім і халодным бруку, а Валярына і яе сяброўкі ажно заходзіліся мярзотным рогатам.
Гэты страшны рогат пад поўняй Базыль Бязручка не змог дараваць Валярыне. Ён тады яе люта зненавідзеў, а праз пару месяцаў падпільнаваў у бязлюдным завулку, спыніў і зарэзаў. Над труною любай дачкі Леанід Пупка абяцаў звесці са свету яе забойцу, а потым перадумаў і вырашыў пускаць па рачной вадзе жоўтыя мыліцы.
Чорная авечка
На ўскрайку Новай Вільні жыў спраўны гаспадар Рэпка. Ён трымаў авечак і прадаваў аўчыны, лой ды бараніну. Той Рэпка быў вялікім майстрам. Мог пашыць такі кажушок для дзяўчыны, што калі толькі раз зірнеш на яе ў гэтай вопратцы, то ніколі не зможаш забыць ні той кажушок, ні тую дзяўчыну. Казалі: Рэпка чараваў.
У нававіленскага чараўніка ў хляве чорная авечка нарадзіла крылатага цмока. Галава ў яго была змяіная, цела і лапы - сабачыя, на спіне цмок меў крылы, як у кажана, але вялікія, хвост быў доўгі і змяіны. Чорная авечка, як толькі нарадзіла пачвару, так адразу і здохла. Цмок падпоўз да каровы і высмактаў з яе вымені ўсё чыста малако. Ажно вымя пачарнела. Насмактаўшыся малака, цмок выпаўз з хлява і ўзняўся ў неба. Ён зрабіў вялікае кола над Новай Вільняй. Шмат хто з нававіленцаў бачыў крылатага цмока ў небе. Шмат хто расказваў, як пачвара ляцела пад нізкімі хмарамі, а пазней за тымі хмарамі і схавалася.