Чорная дама
Маладая сям’я - Фларыяна і Лукаш Бараны - шукала сабе дом. У газеце “Наша доля” яны прачыталі абвестку, што ў Зарэччы за касцёлам Святога Барталамея ёсць дом, які гаспадары выставілі на продаж. У канторы, што займалася продажам таго дома, Лукаш і Фларыяна ўзялі ключ. Супрацоўнікі канторы расказалі пра сваю вялікую занятасць рознымі неадкладнымі справамі і з пакупнікамі ў Зарэчча не пайшлі, маўляў, сям’я Бараноў і сама зможа дом паглядзець.
Лукаш і Фларыяна хутка знайшлі і лёгка адчынілі пусты дом. У прасторных і светлых пакоях яны пабачылі чорную даму. Яна скінула з сябе ўсю вопратку і кінулася да Бараноў. З крыкамі Фларыяна і Лукаш павыскоквалі на вуліцу і пабеглі з гары праз Зарэчча ў бок святой Вострай брамы. Каля брамы яны, змораныя і задыханыя, спыніліся і азірнуліся: ці не бяжыць голая дама за імі? Яе нідзе не было.
Лукаш пакінуў жонку каля Вострай брамы і вярнуўся ў Зарэчча, каб зачыніць дом. Баран быў на сто працэнтаў упэўнены, што ніякай голай дамы ён больш не спалохаецца. Чорнай дамы нідзе не было. Лукаш зачыніў пусты дом і вярнуў ключ у кантору. Прадаўцам нерухомасці Баран сказаў, што перадумаў купляць дом у Вільні, бо яны разам з жонкай вырашылі вярнуцца ў бацькоўскі маёнтак пад Наваградкам. Што тут скажаш?.. Не адзін ён пабойваўся спаткаць на віленскіх вуліцах голую чорную даму.
Ружовы сад
Шмат хто ў Вільні садзіць і даглядае ружы, але кветкі з Ружовага саду мелі непараўнальна моцны водар і невыказную прывабнасць. Ружовы сад рос за ружовым домам. Даглядалі ружоўнік жанчыны, што жылі ў тым незвычайным доме. Трэба сказаць, што там жылі толькі жанчыны. Дом, як і сад, быў па-сапраўднаму казачным: там было заўсёды светла, як удзень, і цёпла, як улетку. Там заўсёды быў год нулявы, месяц нулявы, тыдзень нулявы і дзень, адпаведна, нулявы. У Ружовым садзе ніхто ніколі не старэў і не змяняўся. Калі нейкая з віленчанак жадала вечнага жыцця, яна ішла ў ружовы дом і даглядала Ружовы сад. Жанчыны з Ружовага саду казалі, што смерць абмінае іх дом. Так яно і было насамрэч, але ў водары Ружовага саду заўсёды прысутнічала выразная нота смерці. Можна нават сказаць, што ружовы дом і Ружовы сад пахлі салодкай смерцю. Так было, пакуль адны жанчыны прыходзілі ў Ружовы сад, а другія сыходзілі з яго. Так было, пакуль апошняя з даглядальніц казачнага ружоўніка не пакінула ружовы дом. Як толькі яна выйшла з яго, ён пацямнеў, пачарнеў і разбурыўся. Разам з домам знік і чароўны сад. Віленчукі часам згадваюць Ружовы сад і вечнае жыццё ў ім, але не моцна шкадуюць, што ён знік.
Сінявус і жаночыя душы
Здарылася ўсё гэта ў даўнія напаўгалодныя савецкія часы. Мінай Глыж працаваў шафёрам на хлебазаводзе. Штораніцы Мінай развозіў па крамах боханы чорнага і белыя батоны. Раз, а то і два разы на тыдзень Глыжу даводзілася вазіць свежы хлеб у далёкія вёскі. На доўгіх маршрутах Мінай любіў падабраць на адхоне спадарожніцу, каб павесяліла сваімі расказамі пра жыццё-быццё. Адна такая спадарожніца весяліла Глыжа байкамі пра ненармальны секс. Мінай распаліўся і прапанаваў жанчыне любошчы. Тая спалохалася, пачала адмаўляцца і крычма крычаць. Бабская істэрыка яшчэ больш усхвалявала шафёра. Мінай задушыў бабу, згвалціў нябожчыцу і выкінуў у лесе труп.
Глыжу спадабаўся гвалт. Ён адчуў смак і задушыў у сваім хлебавозе яшчэ шэсць жанчын. Маньяка-душыцеля шукалі сваякі замардаваных жанчын. Гвалтаўніка-некрафіла шукалі міліцыянеры. Яны нават мянушку яму прыдумалі - Сінявус. Кепская была мянушка, бо непраўдзівая. Ні сініх вусоў, ні сіняй казачнай барады Мінай Глыж не насіў. Ён быў шыракаплечым, шэравокім, заўсёды чыста паголеным бландзінам. Прывабная знешнасць Глыжа не замінала яму маньячыць у віленскім краі.
Невядома, колькі б яшчэ людзей ён задушыў, каб не душы забітых. Яны і спынілі віленскага маньяка Сінявуса. Штоночы ў кватэру Міная Глыжа пачалі прылятаць душы забітых жанчын. Яны ляталі над ложкам забойцы і спявалі. Іх спевы былі такімі пранікнёнымі і ў іх было столькі жальбы, што Мінай Глыж не вытрываў. Ён узяў вяроўку, зрабіў пятлю і задушыўся. Міліцыянеры знайшлі ў кватэры самазабойцы сем жаночых кашалькоў: так раскрылася і закрылася справа з віленскім гвалтаўніком Сінявусам. Дарэчы, стары хлебавоз, на якім працаваў Мінай Глыж, спісалі, бо ніхто не захацеў садзіцца за яго руль.
Зялёны кашалёк
Будаўнік Кастусь Грыб хадзіў вакол Вільні. Ён шукаў пясок для будоўлі. У лесе пад адным з пясчаных адхонаў Грыб спыніўся на беразе невялічкага балота. Будаўнік набраў жменю пяску і пачаў перасыпаць яго з далоні на далонь. З балотца вылез чорт і запытаў у будаўніка, чым гэта ён займаецца.