- Збіраюся засыпаць пяском тваё чортава балота! - пажартаваў Грыб.
- Не трэба засыпаць балота! Там жа мае чарцяняткі жывуць. Ты ж не хочаш, каб мае дзеткі зрабіліся бежанцамі?
- Што прапануеш? - запытаўся Кастусь.
- Ёсць у мяне зялёны кашалёк. У ім ніколі не заканчваюцца грошы. Я табе яго падару!
З вялізным зялёным кашальком у руцэ Кастусь Грыб вярнуўся ў Вільню. Будаўнік паверыў, што зараз у яго добра пойдзе жыццё. Ён паверыў, што вялікія грошы дапамогуць рабіць вялікія справы. Грыб памыліўся. Усё купленае на чортавы грошы імгненна псавалася. Усё пабудаванае на чортавы грошы хутка разбуралася. Усе пазыкі, параздаваныя чортавымі грашыма, ніколі не вярталіся.
Тры гады Кастусь Грыб змарнаваў на заняткі з зялёным кашальком. На чацвёрты год ён вырашыў вярнуць яго гаспадару. Пайшоў у лес, стаў пад пясчаным адхонам на беразе балота і гукнуў чорта. Той з’явіўся, заўсміхаўся і спытаў:
- Няўжо, Кастусь, ты не задаволены зялёным кашальком?
- Так. Я не задаволены тваім падарункам і вяртаю яго!
- Дарагі дружа, я не магу ўзяць назад падарунак. Ён твой на ўсе часы...
- Ведаў, што ты, чарцяка рагатая, адмовішся. Таму я заплачу. Падару табе свой залаты заручальны пярсцёнак, каб ты толькі забраў свой зялёны кашалёк!
Чорту спадабаўся залаты бляск пярсцёнка. Ён забраў зялёны кашалёк і ўпрыгожанне. Калі чорт схаваўся ў балоце, Кастусь Грыб дастаў мабільнік і патэлефанаваў на нумар бомбы, схаванай у зялёным кашальку. Выбух быў такім моцным, што на месцы балота ўтварылася глыбокае возера. Вада ў ім мае прыемнае зялёнае адценне, а таму і стала называцца возера Зялёным. Варта сказаць, што пярсцёнак, на які спакусіўся чорт, быў танным. Кастусь Грыб купіў яго на прывакзальным базары ў старой цыганкі за тры еўра.
Чорныя жукі
Ліцэіст Люцыян Руды вырашыў стаць пярэваратнем-вампірам. Ён прачуў, што на Лукішках у крывабокім дамку з маленечкай вежай жыве старая вампірка Паўліна. Люцыян пазнаёміўся з жанчынай і пачаў насіць ёй розныя каштоўныя падарункі накшталт скальпеляў, бутэлек для крыві і кубкаў Эсмарха. Старая прымала падарункі, але не спяшалася ператвараць ліцэіста ў крыважэрнага монстра. Руды ўжо стаў думаць, што дарма дорыць Паўліне дарагія рэчы. Тут яна і прапанавала Люцыяну з’есці пячонку яго малодшай сястры Мілавіды. Ліцэіст крыху павагаўся, але пагадзіўся на сваяцкі канібалізм.
Паўліна перавярнула сябе і Люцыяна ў чорных жукоў. Яны паляцелі да Мілавіды, якая салодка спала ў сваім дзіцячым ложку. Чорныя жукі развязалі ў дзяўчынкі пуп і вокамгненна з’елі яе пячонку. Мілавіда памерла. Жукі прыляцелі ў крывабокі дамок і там вярнулі сабе чалавечае аблічча.
За няпоўны месяц чорныя жукі забілі і з’елі ажно шэсць чалавек. Акрамя пячонкі Мілавіды яны з’елі сэрца Люцыянавай маці, высмакталі кроў з ягоных абодвух дзядоў і абедзвюх бабуль. Невядома, колькі яшчэ шкоды нарабілі б у Вільні чорныя жукі, каб не Люцыянаў бацька Фларыян. Ён, як толькі пабачыў чорных жукоў, адразу пазабіваў іх гумавай мухабойкай. Пасля тых страшных здарэнняў Фларыян Руды цяжка хварэў, але выкараскаўся з хваробы, завёў новую сям’ю, доўга жыў і ў ясным розуме адсвяткаваў сваё дзевяностагоддзе.
Салодкі грыб і ружовая ягада
Казімір Карп узяў сабе за жонку маладзенькую Міраказу. У шлюбную ноч дзяўчына даведалася пра Казіміраву нямогласць. Яна паплакала і паабяцала знайсці лекі для мужа.
Маладая жонка абышла ўсіх віленскіх дактароў, ведзьмакоў і вядзьмарак. Ніхто не ведаў надзейных лекаў ад мужчынскай нямогласці. Нешта раілі, штосьці прапаноўвалі, але нічога не дапамагала. Міраказа была настойлівай, упартай і зацятай, таму паехала ў Гародню і пачала абход тамтэйшых дактароў. Стары лекар падказаў ёй шукаць салодкі грыб, які вырастае ў месячным святле на гудагайскіх балотах. Міраказа абышла і аблазіла ледзь не ўсе балоты вакол Гудагая. Тройчы яна ледзь не ўтапілася ў чорнай багне. Жанчына ўжо зусім апусціла рукі, калі знайшла салодкі грыб. Ён вярнуў Казіміру Карпу мужчынскую моц.
Праз тры месяцы пара Карпаў высветліла, што адной Казіміравай моцы не дастаткова, каб завесці дзіця. Трэба яшчэ вылечыць Міраказу ад бясплоддзя. Гэтым разам спадар Казімір пачаў абыходзіць дактароў, ведзьмакоў і вядзьмарак. Старая лекарка з Рыгі параіла яму знайсці ружовую ягаду, што выспявае ў лясах пад Краславай. Казімір цэлае лета прашукаў у краслаўскіх лясах патрэбную ягаду. Знайшоў. Яна вярнула Міраказе здольнасць нараджаць. Пара Карпаў так узрадавалася папраўленаму здароўю, што завяла ажно дваццаць сем дзяцей. Гэта была самая вялікая шматдзетная сям’я ва ўсёй Вільні, і ўсе яе любілі і дапамагалі парадамі, рэчамі і грашыма.