Прачнуўся Радамір пасярод ночы. На дубе сядзелі сінія голуб і галубка. Голуб скардзіўся галубцы, што ўдарыўся крылом аб галіну так, што адно пяро ў яго ледзь трымаецца. Галубка суцяшала яго тым, што згубіць адно пяро нястрашна. Той адказаў, што гэта чароўнае пяро, якое можа адагнаць любую хваробу, узмахнеш ім - і хвароба ўцячэ. Стары Птах толькі падумаў, што добра было б яму атрымаць чароўнае пяро, як дуб захістаў галінамі, нібыта на яго моцны вецер наляцеў. Галубы спалохаліся і ўзняліся ў начное неба, а чароўнае сіняе пяро адарвалася ад галубінага крыла і апусцілася на траву
Радамір схапіў пяро і пабег у бальніцу ратаваць унучку. Сіняе пяро дапамагло! Потым Радамір Птах спрабаваў тым пяром дапамагчы і іншым хворым людзям, але не змог, бо было пяро чароўным, але ж аднаразовым, як высветлілася.
Чырвоныя кветкі
Жонка неяк папрасіла свайго Сымона Зыля паліць кветкі на балконе. Муж нават назваў тых раслін не ведаў, называў іх для сябе проста чырвонымі кветкамі. Ён набраў поўную лейку вады і выйшаў на балкон. Пачаў паліваць кветкі. Нахіліўся праз парэнчы. Галава закружылася і зрабілася цяжкай. Ногі, наадварот, сталі лёгкімі-лёгкімі. Зыль перакуліўся праз парэнчы і паляцеў з сёмага паверха на зямлю. Лейка вырвалася з рукі і ляцела асобна ад гаспадара. Яна вырвалася, бо рука Сымона Зыля зрабілася слабай і маленькай. Ён і сам увесь пачаў змяншацца і сціскацца. Калі даляцеў да зямлі, дык быў не большым за звычайнага чорнага мураша. Зменшаны Сымон апусціўся на пялёстак, які крыху раней абляцеў з іх чырвоных кветак. Зыль быў такі лёгкі, што прызямліўся мякка і зусім не пабіўся. Саскочыўшы з пялёстка, мужчына пачаў павялічвацца і хутка вырас да звычайных чалавечых памераў. Жонцы пра выпадковае падзенне Сымон расказваць не стаў. Сказаў толькі, што выпусціў лейку, а яна зусім не пабілася, бо пластмасавая і пустая.
Белая куля
Данута Салавей вярталася з крамы з важкім кошыкам у руцэ. На дарозе ёй трапіўся чарнавусы мужчынка, які прапанаваў дапамогу. Кош быў такі цяжкі, што Данута нават узрадавалася нечаканай прапанове.
Калі муж Дануты Ціхамір зайшоў у сваю кватэру, дык пабачыў на голай Дануце голага мужчынку з чорнай ад валасоў спінай. Раз’юшаны муж заскочыў на кухню, выцягнуў з-пад буфета сякеру, забег у спальню і паспрабаваў забіць мужчынку. Ціхамір хацеў секануць па валасатай спіне, а сякера замест гэтага перасекла белую шыю Дануты, бо спрытны, не раўнуючы, як малпа, мужчынка паспеў саскочыць з жонкі-здрадніцы і ўскараскацца на шафу. З яе чарнавусы скочыў на Ціхаміра. Ён не проста скочыў, ён заскочыў у яго.
Так у Ціхаміра Салаўя залез сам чорт. І Салавей ператварыўся ў гвалтаўніка і маньяка, які штоночы паляваў на адзінокіх віленчанак, каб згвалтаваць і забіць. Акрамя сваёй Дануты Ціхамір засек яшчэ шэсць жанчын, пакуль яго не высачылі і не застрэлілі белай куляй. Калі адмысловая куля прабіла Ціхаміраў лоб, дык паліцэйскія пабачылі, як з цела мёртвага маньяка вылецеў цень маленькага мужчынкі з вострымі рагамі над вузкім ілбом і доўгім хвастом над худым азадкам.
Шэры работнік
Гаспадар цацачнай крамы Адам Жур зайшоў у бар, які месціўся на другім паверсе гіпермаркета “Максіма”. Там выпіў чарку гарэлкі. Выпіў для сугрэву. На вуліцы сыпаў лютаўскі снег. Мароз хапаў за нос і вушы.
Хацелася цяпла і спакою. Жур моцна стаміўся за працоўны тыдзень. Гарэлка яго ўзбадзёрыла. Потым Адам набыў бутэльку віна, кавалак смажанай рыбы і пластыкавую каробку варанага рысу. Пятнічная вячэра абяцала быць смачнай.
На ганку “Максімы” Адам Жур паспрабаваў выклікаць па тэлефоне таксі. Усе нумары як на злосць былі занятыя. Пятніца, вечар - да таксі не датэлефанавацца. Адам не адчайваўся. Ён набіраў і набіраў розныя нумары, ажно пакуль да яго не падышоў шэры работнік.
- Выклікалі?
- Я таксі спрабую выклікаць... Хіба вы таксіст?
- Я не таксіст. Я шэры работнік. Я магу зрабіць усё, што вы, спадар Жур, пажадаеце. У вас ёсць магчымасць даць мне ажно тры загады. Папярэджу адразу: не магу любіць і забіваць людзей. Усё астатняе - калі ласка!
Адам паглядзеў на свой пакет з віном і рыбай і падумаў, што было б добра павячэраць з прыгожай жанчынай.
- Работнік, а ты можаш стварыць мне жанчыну?
- Няма праблемы. Якую жанчыну вы, пан Адам, хацелі б пабачыць?
- Такую, каб я ў яе закахаўся з першага позірку. Глянуў, на імгненне аслеп ад яе прывабнасці і закахаўся на ўсё жыццё! Можаш?
- Хвіліначку! - шэры работнік зняў скураныя пальчаткі, гучна пляснуў у далоні, і на ганку “Максімы” паўстала аголеная жанчына. Адам Жур глянуў на жанчыну і знямеў. Ад яе ашаламляльнай прывабнасці, у якую імгненна закахаўся. А яшчэ у Адама адняло мову таму, што ў прыгажуні росту было ну ніяк не больш за метр.