Шэрахвосты чорт Ладон прыплыў у Вільню на байдзе. Прыплыў, каб рабіць добрым віленчукам розныя дробныя паскудствы. Каму шыну ў ровары прапароць, каму ў шыбу камень пусціць, каго п’янага ў лужыну падпіхнуць. Ладон быў латэнтным ніцшэанцам і жыў пад лозунгам: “Падштурхні таго, хто падае ў яміну!” Штурхаў! Біў! Псаваў! Пакуль не злавілі яго паліцэйскія і не пасадзілі ў Жоўтую вежу.
Была некалі ў Вільні Жоўтая вежа з вязніцаю для асабліва небяспечных стварэнняў. Ладон, безумоўна, быў стварэннем, і небяспечным, таму і сядзеў на ланцугу ў гэтай вежы. Ён знаходзіўся за тоўстымі сценамі, але і праз іх прапаўзала ягонае шкодніцтва. Дастаткова было дзіцяці прайсці побач з вежай, як яно пачынала хварэць на сухоты.
Калі дактары вылічылі крыніцу захворванняў, паліцэйскія раззлаваліся. Яны выкапалі глыбокую яміну перад вежай, загналі ў яе Ладона і засыпалі пяском. Чорт спрабаваў выбрацца з-пад зямлі. Тры дні і тры ночы ён стагнаў і плакаў, а потым заціх і здох. Жоўтая вежа яшчэ тры месяцы распаўсюджвала вакол сябе сухоты. Яна і далей магла б выпраменьваць заразу, але вежу разбурылі. Жоўтую цэглу вывезлі з Вільні і ўтапілі ў лясных азёрах Латгаліі. На месцы, дзе высілася Жоўтая вежа, віленчукі пасадзілі дрэўцы і зрабілі акуратны сквер, у якім цэлае лета красуюць кветкі.
Шэрая качка
На паляванні Мацей Корч падстрэліў шэрую качку. Па дарозе ў Вільню паляўнічы думаў-гадаў, да якой з каханак завезці трафей. Да белакосай Вялеі ці да чарнабровай Чарэі?
Шэрая качка патрапіла на стол да Вялеі. Птушку жанчына патушыла з гароднінай. Мацей з белавалосай каханкай прабавіўся ўсю ноч. Заснуў пад раніцу. Калі ж прачнуўся, то пабачыў побач з сабою не сінявокую Вялею, а вішнёвагубую Чарэю. Мацей вырашыў скарыстаць момант, не ўставаць з ложка і цэлы дзень правесці ў ім з Чарэяй. Пасля салодкіх любошчаў ушчэнт стомлены Корч праспаў цэлую ноч, а прачнуўся ў абдымках светлатварай Вялеі. Тая згатавала сняданак з чорнай горкай кавай ды бутэрбродамі з белым сырам. Корч паснедаў, узяў стрэльбу і паехаў дамоў. Жонцы Мацей сказаў, што дарма біў ногі, бо паляванне атрымалася пустым.
Залацісты пясок
Кірыл і Раіна пражылі разам доўгае жыццё. Дзяцей у іх не было. Яна працавала швачкай, ён краўцом. Рабілі яны з раніцы да вечара. Працавалі спрытна, за што мелі добры прыбытак і павагу. Увечары пасля вячэры Раіна і Кірыл выходзілі на шпацыр. Яны прагульваліся ўздоўж крынічнай і празрыстай Віліі. Кожную нядзелю Кірыл і Раіна выходзілі па рачным беразе далёка за горад, дзе ладзілі пікнік з віном ды пірагамі.
Была нядзеля, стаяла лета, і было спякотна. Раіна і Кірыл выйшлі за горад, стаміліся і прыселі на траву каля самай рэчкі. “Нікуды больш не хачу ісці. Добра было б зайсці ў ваду, легчы на пясок і так ляжаць”, - сказаў Кірыл. Ён распрануўся, зайшоў у Вілію і лёг на залацісты пясок. Раіна гэтаксама распранулася, зайшла ў ваду і лягла на залацісты пясок. Сляпучае жнівеньскае сонца бачыла, як у крынічнай вадзе хуткаплыннай рэчкі на залацістым пяску старыя Кірыл і Раіна ператварыліся ў звычайных ракаў.