Стары Ясь Карпоўскі хацеў забіць вядзьмарку, якая нараіла перасяляць сыноў у чырвоны дом. Не забіў, бо Хрысціна сказала, што, забіўшы яе, дойлід страціць і сына Ігара. Практычны Карпоўскі не стаў спакушаць лёс. Ён перафарбаваў пракляты чырвоны дом у белы колер і выгадна прадаў яго армянскім уцекачам з Баку.
Рудагаловая дзяўчынка
Бутэлькі мне падабаліся заўжды. Гульня сонечных промняў у шкле і ў вадкасці мяне зачароўвала. Я доўгі час любіў бары, вінныя магазіны і ўласна алкаголь. Кінуўшы выпіваць, я не пазбавіўся любові да поўных бутэлек. Таму з радасцю наведваю крамы з каньяком, віном і віскі, дзе купляю падарункі тым, хто яшчэ любіць адкаркаваць бутэлечку і напоўніць чарку да краёў.
Неяк у віленскай краме “Ботлеры” я выбіраў для брата бутэльку аднасоладавага віскі, калі зачапіў парасонам пляшку з бурбонам. Тая даляцела да каменнай падлогі і спынілася. Яна спынілася ў якім сантыметры ад зямлі, павісела ў паветры, а потым узнялася і стала на паліцу. Пляшка. стала на тое самае месца, адкуль я яе скінуў сваім доўгім парасонам. Агледзеўшы краму, я пабачыў у цёмным кутку рудагаловую дзяўчынку. Яна пазірала на мяне круглымі вачыма. Калі я глянуў на выратаваны бурбон, дзяўчынка поглядам прыўзняла пляшку над паліцай і павольна апусціла яе на месца. Я хацеў падзякаваць рудагаловай, але язык мой адмовіўся слухацца. Давялося выйсці з крамы без падарунка.
Я даўно здагадваўся пра месца, дзе можа гняздзіцца шматаблічны чорт, але ў вобразе спрытнай рудагаловай дзяўчынкі не чакаў яго пабачыць.
Чорны саган
Гімназіст Яраслаў Сом любіў лыжы і рызыку. Як толькі выпадала вольная хвіліна, Яраслаў браў лыжы і кіраваўся на старыя могілкі. Там ён ляцеў з гары паміж каменных крыжоў ды металічных агародак, прыцярушаных свежым снегам. Разбіцца і забіцца ў час такога катання прасцей простага, але ў Ярыка быў іншы і больш складаны лёс.
Ягонае катанне надакучыла нябожчыкам. Больш за ўсё яно раздражняла і злавала не звычайных здранцвелых мерцвякоў, а земляных людаедаў. Яны і злавілі аднойчы гімназіста, запхалі хлопца ў мех і завалаклі ў капліцу. Пад ёй былі прасторныя сутарэнні, дзе стаяла электрапліта, на якой у чорным сагане людаеды намерваліся зварыць суп з маладой чалавечыны. Пакуль награвалася вада, Ярык вылез з меха, прайшоўся па сутарэннях, схапіў земляную дзяўчынку-людаедку і засунуў яе ў харчовы мех, а сам схаваўся за электраплітой.
У выніку земляныя людаеды замест гімназіста Сома зварылі і з’елі ўласную дачку. Наеўшыся варанага мяса, людаеды паснулі. Яраслаў вылез з-за электрапліты і ціхенька пакінуў прытулак земляных самаедаў. З таго дня хлопец больш ніколі не лётаў на лыжах з гары, пазастаўлянай каменнымі і жалезнымі крыжамі.
Шэры цырк
Раз на месяц у шэрым цырку ладзіліся баі без правілаў. Праходзілі яны ўначы. Запрашаліся на іх толькі правераныя людзі. Байцам дазвалялася ўсё, акрамя забойства на арэне. Біліся яны да страты прытомнасці. Ёсць баі. Ёсць азарт. Ёсць і пераможца. Па шэрым цырку ў пераможцах хадзіў баец з мянушкай Бык. Ён збіваў, ламаў і затоптваў усіх сваіх канкурэнтаў, ажно пакуль аднойчы на арэну не выйшла жанчына-баец з мянушкай
Каліта. Яна кінулася на Быка і ашчаперыла яго рукамі і нагамі так, што той ажно дыхаць не мог. Здушаны Бык раптам скінуў чалавечае аблічча і зрабіўся ваўком. Каліта схапіла звера за пашчэнкі і разадрала яго напалам. Акрываўленае воўчае сэрца вывалілася на арэну. Каліта зжэрла абсыпанае пяском гарачае сэрца і зараўла на ўвесь шэры цырк. Такім чынам яна абвясціла і адсвяткавала перамогу. Арганізатарам баёў давялося прыстрэліць Каліту за парушэнне галоўнага правіла - на арэне саперніка не забіваць.
Рыжы асілак
Дрэсіроўшчыца Люба закахалася ў ільва і нарадзіла ад яго рыжага асілка. Ён вырас у дарослага чалавека за тры доўгія дні і тры кароткія ночы. Асілак сказаў маці, што пасланы ў наш свет, каб знішчыць шасцігаловага цмока, які трымаў у страху ўвесь горад. Люба паказала на Замкавую гару і чырвоную вежу на ёй: “Там сядзіць шасцігаловы. Ён перамог і забіў шмат волатаў. Ты будзеш далёка не першым, каму цмок зняў галаву...” Асілак запэўніў маці, што пераможа ў паядынку.
Бітва волата з цмокам цягнулася тры доўгія дні і тры кароткія ночы. Рыжы асілак адсек шэсць цмокавых галоў. Адсечаныя галовы разам з крылатым целам ён абліў газаю і спаліў. Прах і попел рыжы волат развеяў над рэчкаю.
Вільня радавалася перамозе асілка над цмокам. Віленчукі спадзяваліся, што іх горадам цяпер стане кіраваць волат-пераможца. Але тое былі марныя спадзяванні. Рыжы асілак пакінуў Вільню і выправіўся ў Афрыку, дзе перакінуўся ў ільва і стаў жыць як самы звычайны цар звяроў. Дарэчы, маці волата - дрэсіроўшчыца Люба - стала гаспадыняй цырка і самай паважанай жанчынай у горадзе.