Выбрать главу

Сяргей Шыдлоўскі

Ірына Андрэева

ВІРЫ СВОЯ

Трагікамедыя ў трох дзеях

Дзеянне адбываецца ў 1510-х гадах у Вільні, куды пасля шматгадовых падарожжаў прыехаў у пошуках фундатараў для кнігавыдавецкай дзейнасці Францыск Скарына.

Дзейныя асобы:

Францыск Скарына, беларускі першадрукар.

Гугон, арганіст і кіраўнік школьнага тэатра ў Вільні.

Дамініка, былая няня Францыска, цяпер — віленская мяшчанка.

Маргарыта, жонка віленскага радца Юрыя Адверніка, будучая жонка

Францыска Скарыны.

Аляксандра, сяброўка Маргарыты.

Жыгімонт I, вялікі князь літоўскі.

Пан Амброзій, настаўнік.

Дзёмка, слуга Гугона.

Жаўнер.

Два царадворцы.

«Драматургі» (яны ж першы і другі з алебардамі, калядоўшчыкі), два шкаляры, складальнікі п’есы.

Удзельнікі школьнага тэатра.

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

З’ява 1.

На рэпетыцыі школьнага тэатра.

На троне сядзіць фараон. Побач жэстыкулюе Прыўкрасны Іосіф. Ён час ад часу запінаецца і чухае патыліцу.

Леваруч меланхалічна пасвяцца мажныя каровы, кожную з якіх прадстаўляе па два чалавекі. Праваруч знаходзяцца худыя каровы, больш падобныя на коз. Прадстаўляюць іх па аднаму чалавеку. Худыя каровы надзвычай гарэзлівыя.

На пярэднім плане стаяць два чалавека з алебардамі.

Першы з алебардай. Маналогі Іосіфа варта было б скараціць.

Другі з алебардай. Як можна, гэта лепшае, што я напісаў. Нават Гугон мяне адзначыў!

Першы з алебардай. Ты ж бачыш, з нашага Прыўкраснага Іосіфа лаціна зыходзіць у момант, як з гуся вада. Ён будзе так запінацца і перад гледачамі.

Другі з алебардай. Можа, яму памяняцца з фараонам? Фараон пастава важная, а слоў амаль няма.

Першы з алебардай. А раптам гэта не спадабаецца пані Маргарыце, дабрадзейцы нашай. Не ўбачым тады новых строяў.

Другі з алебардай. Хіба так, але ж памарыць трохі можна.

Першы з алебардай. Марыць — дык ужо марыць. Каб мая воля, быць Івану не Прыўкрасным Іосіфам, а гізаваць вунь у тым нягеглым статку (паказвае на худых кароў). Там бы ён быў на месцы. «Му-му» і ўся роля.

Другі з алебардай. Не ўсё так проста. Ведаю, што многія толькі і прыходзяць сюды, каб на выбрыкі гэтых гарэз паглядзець.

Першы з алебардай. Сапраўды, памятаю аднойчы нехта дасціпны нават мех сена ім ахвяраваў як знак удзячнасці.

Другі з алебардай. Вось бачыш, нельга так рызыкаваць нашым поспехам.

Першы з алебардай. Што ж рабіць?

Другі з алебардай. Вось каб перакласці лацінскія маналогі на простую мову. Тут бы Іван не схібіў.

Першы з алебардай. Дзе ты бачыў, каб у тэатры дзею давалі на простай мове? Да таго ж і Гугон не дазволіць.

Другі з алебардай. А чаму не дазволіць? Нават Святое Пісанне на простую мову ўжо пераклалі. Дарэчы, перакладчык, палачанін Францыск Скарына, нядаўна прыехаў у Вільню. Сам яго бачыў.

Першы з алебардай. Вось яго нам і трэба сюды залучыць, каб ён дапамог пераканаць Гугона.

З’ява 2.

У хаце Дамінікі.

Францыск. Домна! Дамініка!

Дамініка. Бягу, Праня! Лячу, Пранічак!

Францыск. Як мяне толькі не называлі Францыск, Францішак, Франак, нават Георгій. І толькі ты адна на ўсім свеце завеш мяне Пранікам.

Дамініка. Бо я цябе, салодкі, вось такім (паказвае) на руках у Полацку гушкала, рыба мая!

Францыск. (задуменна) Рыба мая… Вось таму рыбы, што плаваюць у моры і ў рэках, чуюць віры свае.

Дамініка. Я заўсёды табе казала: дзе нарадзіўся…

Францыск. … да таго месца вялікую ласку маеш.

Дамініка. …там і згадзіўся. Але ж табе не сядзіцца дома.

Францыск. Чуеш? На каго сабакі на двары брэшуць? Не пускай нікога, хачу сёння адпачыць.

Дамініка. (вярнуўшыся) Нейкія падшыванцы пра цябе пытаюцца. Адправіла іх. Сказала, што нельга такой малечы паважнага чалавека турбаваць.