Выбрать главу

Гугон. І жартам сцеражыцеся выказваць падобныя думкі.

Францыск. У некаторых тэатрах простая мова гучыць. Хай толькі і ў перапынках паміж дзеямі. Ерасі ў гэтым не бачаць.

Гугон. І што ж там гучыць? Дурныя казкі аб тым, як мужык купіў на базары замест чорнага пеўня белага зайца?

Францыск. Хоць бы і так.

Гугон. Гэта ж дурнота.

Францыск. Гэта аб дурноце.

Гугон. Не, гэта менавіта дурнота. Дзе Вы бачылі такога ёлупня, які б зблытаў чорнага пеўня з белым зайцам?

Францыск. Чаго на свеце не здараецца.

З’ява 7.

У хаце Домны.

Францыск. Прыгожыя ў цябе, Домна, мушкеты ў вазонах. А тут што за траўкі?

Домна. Гэта мой хатні аптэчны агарод, зёлкі розныя карысныя.

Францыск. А ці ёсць у цябе зёлка, каб вылечыць разбітае сэрца?

Домна. Жаночае ці мужчынскае?

Францыск. Жаночае.

Домна. Ад гэтага няма зёлак, рыба мая.

Францыск. Што ж рабіць?

Домна. Любіць.

Францыск. А для мужчынскага сэрца ці ёсць лекі?

Домна. О, ёсць і многа. Вось, напрыклад, жабер-трава дазваляе дыхаць пад вадой. Лечыць разбітае сэрца любога валацугі, аматара вандраванняў. Ці яшчэ разрыў-трава. Разрывае жалеза, любыя кайданы. Яна дапаможа воіну...

Францыск. Дзякуй, не прадаўжай… Што, і лебяда лячэбная зёлка?

Домна. Лебяда? Гэта пустазелле само вырасла, не дагледзела. Трэба вырваць і выкінуць.

Францыск. Не спяшайся. І ад лебяды бывае карысць людзям. Ці гэта заўтра кірмаш?

Домна. Так, збіралася пайсці са сваімі зёлкамі.

Францыск. Арганіста Гугона ведаеш?

Домна. Пацешны панок, многія яго ведаюць.

Францыск. А ён цябе?

Домна. Такія, як я, для яго ўсе на адзін твар.

Францыск. Значыць, не ведае. Гэта добра.

З’ява 8.

На гарадскім рынку.

Гугон ідзе ўздоўж гандлёвых радоў. Часам спыняецца і прыцэньваецца.

Домна. (убачыўшы Гугона) Каму пятрушкі? З каралеўскага стала ў народ яна пайшла. Забіраем пятрушку! Ах, карысная прыпраўка, хоць і рэдкая ў нас траўка! (звяртаецца да Гугона) Панок, не прамінай, першаму пакупніку зніжка!

Гугон. (падслепавата мружыцца) Зусім здурэла, баба, лебяду прадаеш

(смяецца).

Домна. Прыгледзься лепш, рыба мая! Вось так трымай (паказвае). Цяпер бачыш?

Гугон. Што?

Домна. Вось і скажы, што ты бачыш?

Гугон. Лебяду, толькі ў профіль.

Домна. (з асуджэннем) Хама-нявернік! (раптам энергічна) А ну павярні галаву! Глядзі ж ты! (усплёсквае рукамі).

Гугон. (з павярнутай галавой, занепакоены) Што там?

Домна. Дужа ты, бацюхна, на Жыгімонта падобны, вось калі галаву так табе павярнуць (паварочвае яму галаву ў профіль). Рыхтык кароль, такі ж насаценькі, усе кропелькі падабраў.

Гугон. (сціпла пасміхаючыся). Усе дабрародныя людзі, баба, ад аднаго кораня ідуць.

Домна. Ад якога ж такога кораня?

Гугон. Генеалагічнага.

Домна. Я кабета невучоная, такое і не выгавару. Скажы прама, якога кораня. Хрэна ці што?

Гугон. (злосна) Якога хрэна ты мне зубы загаворваеш?

Домна. Хачу давесці, што хоць ты на Жыгімонта і падобны, але не кароль.

Гугон. (разважліва) Шляхціц на загродзе роўны ваяводзе. Але з пункту гледжання фармальнай логікі твая рацыя.

Домна. (згодна ківае галавой) Так і лебяда, хачу сказаць, пятрушка, на што б не паходзіла, усё адно застаецца пятрушкай.

Гугон. З’ еш яе сама.

Домна. Не па Юрку шапка. Хто я такая, панок, каб гэтай травой карміцца.

Гугон. Чым жа такім асаблівая лебяда твая?

Домна. (з уздыхам) Пятрушка гэта, а па-вучонаму петрунэля. Яе сама каралева Бона з чужаземшчыны сваёй у вазоне прывезла, як замуж выходзіла. Яе ўжо і мамкі адгаворвалі, каб людзей не смяшыла са сваім гаршком. А яна ўперлася, і ні ў якую. Без пятрушкі, маўляў, не паеду. Так

прывыкла спажываць гэтую траву! Нікога слухаць не хацела. Ведаеш, рыба мая, ні ў якую! Хоць казалі ёй, што ў нас і кмін ёсць свой, і мацярдушка…

Гугон. І хрэн.