Выбрать главу

Домна. А яна ні ў якую! Так з вазонам яе і прывезлі Бону тую... Не глядзі, што на выгляд трава простая, а такую дарогу агорала, каб трапіць да нашага стала. А імя якое далікатнае мае! На лаціне гэта …

Гугон. Не вучы мяне, баба, лаціне! Колькі хочаш за яе?

Домна. Аддам ужо дарма ў добрыя рукі. Усю душу выматаў! Бяры на пробу, каб не гаварыў потым, то прадала табе лебяду.

Гугон. То добра, а што з ёй рабіць?

Домна. Кінь яе ў жур. Адменны наедак атрымаеш! Запісвай! (ставіць рукі ў бокі) Старадаўні рэцэпт «жур беларускі». Возьмем...

Гугон. Не вучы мяне, баба, жур варыць!

З’ява 9.

На гарадскім рынку.

Гугон даганяе свайго слугу.

Гугон. Дзёмка, спыніся, тпру. Ці не чуеш?

Дзёмка. (азіраецца, але спыняецца не адразу) Гаспадар, ці вы гэта?

Гугон. Спыніся, або не чуеш?

Дземка. Глядзі ты, праявы свету! (Спыняецца). Цьфу, спужаўся. Увесь час даганяў, а тут вы раптам у мяне за спіны аднекуль выскачылі, Праўду бабы баюць, што зямля круглая!

Гугон. Набраўся забабонаў як барбоска блох . (Перадражнівае) Адна баба казала… Запомні і дзяцей сваіх навучы: зямля пляскатая, як аладак і трымае яе…

Дзёмка. Ага, ведаю, гэта мы праходзілі... І трымае яе цуда-юда рыба-кіт.

Гугон. Ну, дзесьці так.

Дзёмка. Але бабы пра нашу зямлю казалі (прыстуквае па зямлі нагой). Вось пра гэту, дзе рынак стаіць. Тут як бы пагорак нейкі круглы, ці што… або лясун мяне водзіць.

Гугон. (сплёўвае праз левае плячо). Тут жа не лес! Які лясун цябе па базару водзіць? Ці дзёўбнуў ужо чарачку зрання?

Дзёмка. (ігнаруючы пытанне). І тут яшчэ з-за спіны вы як Пятрушка.

Гугон. (рэзка дастае з-за спіны руку). Вось табе пятрушка.

Дзёмка. (адхінуўшыся) Лебяда? Праявы свету!

Гугон. (смяецца, задаволены эфектам). Гэта пятрушка, валёнак, разумееш, петрунэля. Зварыш жур.

Дзёмка. (няўцямна). Варголам з лебядой карміць будзеш? Ну і сквапны ты, гаспадар, стаў з гадамі!

Гугон. (страчвае вытрымку). Які варгол, галган? У жур, кажу, кінь пятрушку! Траву гэту сама каралева Бона прывезла.

Дзёмка. Праявы свету! Вось карга валошская! Мала нам сваёй лебяды, дык яна...

Гугон. Но-но! Так і ствараюцца чорныя легенды.

З’ява 10.

На гарадскім рынку.

Паступова каля Гугона і Дзёмкі збіраюцца людзі, прыслухоўваючыся і прыглядваючыся да спрэчкі. Сярод іх прысутнічае Аляксандра.

Аляксандра. Вось дзе праведны чалавек, калі пост, дык і сам на вадзе і лебядзе, і слугу свайго пасадзіў на ваду і лебяду.

Гугон. (зацкавана азіраецца) Гэта прыправа для жура, петрунэля называецца.

Аляксандра. Глядзі ты, прыгожае імя. А мы яе па-простаму лебядой завём.

Гугон. Што я лебяды не ведаю, а гэта іншае пятрушка.

Аляксандра. Мы неяк не прывучаны ў сартах лебяды разбірацца. Лебяда і лебяда, а якая яна лебяда лебяда Петрунэля ці лебяда Сцепаніда...

Гугон. Я ёй пра абразы, а яна мне пра гарбузы! Прыглядзіся, ну якая гэта лебяда?

Аляксандра. Што прыглядайся, што не прыглядайся… Бачу, любіш ты траву есці. Відаць, мужчынка яшчэ іго-го (смяецца).

Гугон. Ат, дурня вучыць, псаваць толькі.

З’ява 11.

На гарадскім рынку.

Гугон азіраецца ў пошуку падтрымкі. Пазнае сярод натоўпу знаёмага выкладчыка. Хапае яго за рукаў.

Гугон. Ecce homo! Вось чалавек! Пан Амброзій, патрэбна Ваша кансультацыя.

Амброзій. Бачу тут вучоны дыспут, тээкс…

Гугон. Калі ласка, зірніце на гэты экзэмпляр! (працягвае расліну) Амброзій. (зацікаўлена) О, віншую, калега, цудоўны экзэмпляр!

Гугон. Звярніце ўвагу на гэтую далікатную серабрыстую павалоку ліста.

Амброзій. О, гэта характэрная прыкмета! Проста каралеўскі экзэмпляр!

Гугон. Каралеўскі? Так, я ведаю гэтую гісторыю з каралевай Бонай.

Амброзій. (азадачана пазірае на Гугона) Хм… Не будзем пра палітыку… Як Вам удалося?

Гугон. Што?

Амброзій. Вырасціць зімой такі раскошны куст лебяды?