Гугон. (абурана) Але пан Амброзій!
Амброзій. Не адказвайце, не адказвайце… Разумею, сакрэт… Але ці можна Вас папрасіць ахвяраваць гэты цудоўны экзэмпляр для нашага школьнага гербарыя?
Гугон. (працягвае лябяду пану Амброзію) Вось і я белага зайца прыдбаў.
З’ява 12.
На рэпетыцыі школьнага тэатра.
Гугон на заднім плане адпрацоўвае з артыстамі фінальны паклон.
Частка артыстаў шалёна пляскаюць у ладкі — паказваюць такім чынам публіку. Раптам да Гугона пад час чарговага выхаду на паклон нехта падбягае з букетам лебяды. Гугон гоніць жартаўніка выспяткамі са сцэны. Гэтым часам на пярэдні план выходзіць Маргарыта. Трохі пазней да яе далучаецца Аляксандра, якую вядзе пад руку Францыск.
Аляксандра. Добры дзень, сяброўка!
Маргарыта. Сапраўды, добры марозны іскрысты дзень, сяброўка!
Аляксандра. Вас жа не трэба прадстаўляць адзін аднаму?
Скарына вітаецца ў паклоне. Маргарыта адказвае яму таксама паклонам.
Аляксандра. Як цырымонна…
Францыск. Колькі гадоў мінула.
Маргарыта. Людзі змяняюцца.
Аляксандра. У такім разе, шаноўная Маргарыта, дазволь прадставіць табе знакамітага палачаніна доктара Францыска Скарыну.
Маргарыта. О, я ведала дваццаць год таму аднаго палачаніна і, здаецца, імя яго было Францыск, але ён быў нікому не вядомы шкаляр.
Францыск. Я ведаў таго шкаляра, ён прыехаў у Вільню вывучаць лаціну.
Аляксандра. Усе мы ведалі таго самотнага шкаляра. Аднак вернемся да нашага знакамітага доктара. Ён перакладае Святое Пісанне на простую мову і вярнуўся нядаўна з-за мяжы на радзіму, каб знайсці дабрадзеяў, якія б дапамаглі яму ціснуць кнігі.
Маргарыта. Куды іх трэба ўціснуць?
Аляксандра. Дарагі Францыск, ці не патлумачыш ты цёмным кабетам, для чаго кнігі ціснуць?
Францыск. Калі коратка, слова ціснуць, або друкаваць, азначае спосаб вырабу таннай і даступнай паспалітаму люду кнігі.
Аляксандра. Дзякую, хоць нічога і не зразумела... Я нешта не сказала істотнага пра пана? Ах, забыла. Пан халасцяк. Ці не так?
Францыск. Так, нежанаты.
Аляксандра. А цяпер я маю гонар прадставіць у сваю чаргу пані Маргарыту, жонку віленскага радца Юрыя Адверніка.
Францыск. Я ведаў калісьці адну дзяўчынку ў Вільні — Маргарыту, дачку сябра майго бацькі, такога ж, як ён, купца.
Аляксандра. Наша пані Маргарыта, дарэчы, таксама з купецкага саслоўя. Трымае цяпер лаўку, вядомую ўсёй Вільні.
Францыск. Муж дапамагае?
Аляксандра. Муж вельмі заняты чалавек. Аднак увогуле гэта дружная, працавітая сям’я. Ці не так?
Маргарыта. Мне сын дапамагае, Іван.
Аляксандра. Хм… Дапамагае. Увогуле гэта таленавіты юнак, захапляецца тэатрам.
Маргарыта. Ён старэйшына класа.
Аляксандра. Хм… Конь на чатырох нагах, і той спатыкаецца.
Маргарыта. Годзе, дарагая сяброўка. Рада была знаёмству са знакамітым доктарам. Аднак мне трэба ісці.
Маргарыта адыходзіць на некалькі крокаў. Азіраецца.
Маргарыта. Дарэчы, доктар Скарына, мой муж цікавіцца рознымі
навінкамі.
Аляксандра. Здаецца, доктар, я знайшла для тваёй справы дабрадзея.
Францыск. Не ўсё мёд, што салодкае.
ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ
З’ява 13.
У хаце Домны. Прысутнічаюць два шкаляры і Францыск.
Першы шкаляр. Гугона як падмянілі.
Другі шкаляр. І прыказка цяпер у Гугона новая.
Першы шкаляр. І я заўважыў. Праз два словы ў яго: «вучыць трэба дурняў».
Другі шкаляр. А як вучыць? Па вызначэнню дурні лаціны не разумеюць.
Францыск. Самыя шкодныя сярод іх як раз на дзіва добра шпараць на лаціне.
Першы шкаляр. Нам бы з бясшкоднымі спачатку разабрацца.
Другі шкаляр. Вось тут Гугон і згадаў пра інтэрмедыю на простай мове.
Першы шкаляр. Эўрыка! (паказвае Гугона).
Другі шкаляр. Інтэрмедыю даручыў напісаць нам.
Першы шкаляр. Сам ён заклапочаны зараз дэкарацыямі.
Другі шкаляр. І тэму дазволіў выбраць на наш густ.