Першы шкаляр. З умовай, каб было павучальна.
Францыск. Віншую, гэта ж была ваша ідэя.
Другі шкаляр. Не зусім
Першы шкаляр. Ідэю падказалі Вы.
Другі шкаляр. Нам толькі рупіла, каб пані Маргарыта пачула ўрэшце з вуснаў свайго Івана ўцямную мову.
Першы шкаляр. Інакш скончыцца ўрэшце яе цярпенне.
Другі шкаляр. І не ўбачым мы новых дэкарацый.
Францыск. Пані Маргарыта будзе прысутнічаць на спектаклі?
Першы шкаляр. Будзе, так.
Другі шкаляр. Мы хочам прасіць Вас прыдумаць гэтую інтэрмедыю.
Першы шкаляр. Яна будзе нам за ўзор.
Францыск. Чаму ж не напісаць людзям простым паспалітым для навучання!
Першы шкаляр. Вялікі дзякуй!
Францыск. Чакайце дзякаваць! На вакацыі я вас не адпускаю. Будзем прыдумваць разам.
Другі шкаляр. Так нават цікавей!
Першы шкаляр. Трэба адразу вызначыцца з тэмай.
Францыск. Хай наша інтэрмедыя будзе люстэркам, у якім глядач пазнае сваё — тых каго ён любіць, тых, хто побач і каго ўжо няма.
Першы шкаляр. А што ў гэтым павучальнага — у люстэрку?
Другі шкаляр. Які ты нездагадлівы! А раптам, калі ты спаў, табе нехта, напрыклад, вусы падмаляваў. Калі не ўбачыш гэтага сам у люстэрку і не памыеш твар, цябе падымуць на смех людзі!
Францыск. Так, люстэрка можа паказваць нашы заганы, з якімі мы звыкліся і не заўважаем ужо.
Першы шкаляр. Гэта значыць, што наша люстэрка будзе кпіць і смяяцца?
Францыск. Гэта азначае, што наша люстэрка не будзе крывым. Яно пакажа як заганы, так і прыгажосць тых, хто ў яго глядзіцца.
Першы шкаляр. Наша люстэрка навучыць любіць сябе і сваіх!
Другі шкаляр. Любіць тых, хто побач!
Францыск. Гэтае дае таксама і нам шанц паказаць нашу любоў.
Першы шкаляр. Амін.
З’ява 14.
Пры двары вялікага князя. На троне сядзіць Жыгімонт. Побач — два царадворцы. На заднім плане — жаўнеры з алебардамі.
Жыгімонт. (пазёўвае) Сёння мне прысніўся дзіўны сон.
Першы царадворац. (зацікаўлена) О, мы слухаем з увагай!
Жыгімонт. Лухта. Няёмка і пераказваць.
Другі царадворац. Вашы сны маюць дзяржаўнае значэнне.
Жыгімонт. Ну ты і скажаш.
Першы царадворац. Праз сны валадароў гаворыць неба.
Жыгімонт. Ат, дробязі.
Другі царадворац. Ёсць жа гістарычныя аналагі. Напрыклад, калі Гедыміну прысніўся воўк, была заснавана новая сталіца.
Жыгімонт. Сплюнь тры разы. І мне прысніўся не воўк.
Першы царадворац. Будзьце міласэрны, нас гэта пачынае ўжо непакоіць.
Другі царадворац. Давайце я паспрабую здагадацца, хто Вам
прысніўся...
Жыгімонт. Паспрабуй з трох разоў.
Першы царадворац. Калі гэта быў не воўк, то… зубр!
Жыгімонт. (заклапочана) Зуброў ужо амаль і не засталося ў нашых пушчах. Трэба нешта рабіць з браканьерамі. Але сёння мы гэта абмяркоўваць не будзем. Зубр мне пакуль не сніўся.
Першы царадворац. Тады мядзведзь.
Жыгімонт. Гэта ты ўжо ў другі раз спудлаваў.
Другі царадворац. Можа я паспрабую? Гэта быў левіяфан!
Жыгімонт. Цьфу ты… Найбольш блізкай была першая здагадка. Даю падказку — гэта парнакапытнае. Кожнаму даю паспрабаваць яшчэ па аднаму варыянту.
Першы царадворац. Гэта быў тур?
Жыгімонт. Меншае парнакапытнае.
Другі царадворац. Э-э, лось?
Жыгімонт. Не лось. Гэта была каза. Я ж казаў, дробязь.
Першы царадворац. Але ж вы сказалі, сон быў дзіўны. Што ў ім дзіўнага?
Другі царадворац. Калега, можа нам і не варта заўжды быць такімі настырнымі. Ну, каза і каза...
Жыгімонт. (задуменна) Так, сон быў дзіўны. Дзіўны такі сон.
Першы царадворац. Гэта нешта злавеснае?
Жыгімонт. Як сказаць. Лядашчая такая каза.
Другі царадворац. Белая ці чорная?
Жыгімонт. Верыш, нейкая рабая.
Першы царадворац. І … І што?
Другі царадворац. Што яна…
Жыгімонт. Цягнецца вось так (паказвае) сваёй доўгай барадой.
Першы царадворац. Непрыемны сон.
Жыгімонт. Я яе па барадзе, па барадзе…
Другі царадворац. А дзе ж слугі падзеліся, дзе, пся крэў, Яська быў, што Вы свае рукі пэцкалі!