Жыгімонт. Нікога не было. Толькі я, каза і пятрушка.
Першы царадворац. Гэта які Пятрушка, Сакалоўскі?
Жыгімонт. Боны маёй пятрушка, каторая ў гаршку. Каза цягнецца да пятрушкі і есць, і не адцягнуць яе. Да чаго б гэта?
Першы царадворац. Непрыемны сон.
Жыгімонт. Што ты занудзеў! Сам ведаю, што непрыемны. А да чаго ён?
Другі царадворац. Лядашчая каза — гэта тая яшчэ алегорыя!
Жыгімонт. Гавары без алегорый.
Першы царадворац. Каза — жывёліна нячыстая, не перад ноччу кажучы.
Жыгімонт. Не нагнятай!
Першы царадворац. (звяртаецца да другога царадворца) Гавары ўжо як ёсць.
Другі царадворац. Каза — гэта ерась, якая падкрадаецца да пятрушкі, што сімвалізуе…
Жыгімонт. (перабівае) Што за бязглуздзіца!
Другі царадворац. Перапрашаю, я не скончыў і таму пакінуў Вас у непаразуменні. Дык вось, пятрушка каралевы Боны сімвалізуе Ваша блізкае атачэнне.
Жыгімонт. Што гэта значыць? Ерась, якая падбіраецца да майго двара? Якая ерась?
Першы царадворац. Верагодна, гэта гусіты.
Жыгімонт. Хто? Адкуль?
Першы царадворац. Ну, тут усё празрыста, гэта Скарына Францыск, што акучвае як пятрушку віленскіх купцоў са сваімі ерэтычнымі прапановамі. Усё гэта не на карысць прастолу.
Жыгімонт. Аднак у Скарыны выдатныя рэкамендацыі ад шэрагу хрысціяннейшых манархаў. Яго інакш і не называюць як «знакаміты доктар Скарына».
Першы царадворац. Аднак прафілактыка не зашкодзіць.
Другі царадворац. Нічога акрутнага рабіць і не трэба, дастаткова казу адлучыць ад пятрушкі, як справа стабілізуецца.
Жыгімонт. Што за рэбусы ты загадваеш?
Першы царадворац. Пан мае на ўвазе рэкамендаваць Скарыну пакінуць сталіцу і пашукаць дабрадзеяў недзе яшчэ, напрыклад, у Полацку.
Другі царадворац. Годзе яму ашывацца ля нашай кармушкі, цьфу, пятрушкі.
Жыгімонт. Быць па сяму!
З'ява 15.
У хаце Домны. За сталом піша Скарына. Побач знаходзяцца два шкаляры.
Домна. З самага рання таўчэціся ў хаце. Выйшлі б на вуліцу падыхаць свежым паветрам. Якое сёння надвор'е гожае!
Першы шкаляр. Зараз, цётка Домна, хутка ўжо. Не сярдуйце, мы і дроў вам наколем.
Другі шкаляр. Апошнюю з'яву дапісваем, а потым і вады з калодзежа прынясём.
Домна. Чуеш, Францыск, якія добрыя мальцы. Адно слова — скарынаўцы — і дроў наколюць, і вады прынясуць.
Францыск. А мы з табой, Домна, накрапаем кілбас і запросім гасцей.
Домна. Покуль вы тут корпаліся я ўжо справілася з кілбасамі, а гасцей запрашаць і не трэба, яны самі прыйдуць. Каляды ж!
Францыск. Сапраўды, нехта ідзе.
Уваходзіць гурт калядоўшчыкаў. Сярод іх Маргарыта-зораноша, Гугон-механоша, Аляксандра-«дзед», Прыўкрасны Іосіф-«баба», а таксама фараон і некалькі дробных кароў, падобных на коз.
Маргарыта-зораноша. (спявае) Прыехала каляда на белым кані, Яе конічак — ясен месячык,
Яе дружачка — ясна зорачка,
Яе пужачка — ясна звёздачка...
Аляксандра-«дзед». (спявае) Зайграйце, дудкі, тоненька, Скачыце, дзяўчаткі, хорашанька.
А вы, хлопчыкі, пазірайце,
Сабе дзевачак выбірайце.
Гугон-механоша. (прагаворвае) Прыйшла Каляда і забылась лебяда.
Вясёлых вам калядак і ладных аладак!
Раптам калядоўшчыкаў распіхвае і выходзіць да Скарыны жаўнер.
Першы шкаляр. А гэта хто пераапрануты, ці не Дзёмка? (паказвае на жаўнера)
Другі шкаляр. Ён не пераапрануты, гэта сапраўдны жаўнер.
Домна. А ці сапраўдны? Дай яго за вусы патузаю!
Жаўнер. (адступае на крок) Тузаць за вусы пры выкананні службовых абавязкаў не паложана!
Домна. Якія абавязкі, Каляды ж!
Жаўнер. Каму Каляда, а каму і бяда! (працягвае Скарыну світак папер)
Домна. Вядома, бяда, ні святаў табе, ні Калядаў!
Жаўнер. (паныла) Служба.
Францыск. (прачытаўшы світак) Я тваю бяду рукамі развяду, праходзь да стала, служывы. (паказвае на стол) І вы, госцейкі, таксама далучайцеся!
Калядоўшчыкі з жаўнерам адыходзяць да стала. Застаюцца