Гуртавое належала «ёдчыным». Аднак пакуль ішла падрыхтоўка да веча, пакуль тое веча цягнулася, тут збіралася многа людзей з усёй вёскі. Той вёў кабылу на пашу — падышоў сюды з аброццю. Другі ішоў па кабылу — таксама спыніўся, а потым прысеў. Хто з поля, хто з вёскі падышлі на гоман i засталіся, як на цікавым, вельмі нячастым відовішчы — на хвілінку — да самай касьбы.
— Дык што мы будзем, мужчыны, рабіць з Гуртавым?
Пытанне гэтае, здаўна i штогоду, ставіў звычайна хто-небудзь са старэйшых гаспадароў. Не дамаўляючыся пра чаргу, не забягаючы наперад, але ж з прыкметнай ахвотай i амаль з дзяржаўнай важнасцю.
Адказвалі яму, як i заўсёды, тое самае, як быццам у гэтай справе не было ўжо вопыту, пэўнага стандарту вырашэння. Зноў выстаўляліся на суд, даўно вядомыя, тры варыянты:
1. Разбіць на палосы i скасіць ды прыбраць кожны сваё.
2. Прадаць траву i купіць пажарную бочку.
3. Скасіць, згрэбці, скапіць гуртам i ў копах, па жэрабю, падзяліць.
Пачынаючы з пастушковага ўзросту, больш за дзесяць разоў я быў на гэтым вечы назіральнікам i слухачом, без права голасу. Спачатку па малалецтве, а потым, хоць i грабец і, нарэшце, касец, пры двух старэйшых братах — не гаспадар.
Зрэшты, так мне было зусім добра. Да гэтага ў мяне, гадоў ужо з пятнаццаці, былі свае адносіны...
Штогадовыя вечы помняцца мне перш за ўсё як вясёлы перабрэх. На розныя тэмы — ад найбліжэйшага, штодзённага аж да самага грэхападзення Адама i Евы, пра якое, як i пра шмат чаго іншага, расказваў — у сваім варыянце — вядомы на ўвесь наш свет рыбак, паляўнічы, гультай, канавал, бабнік, байдун i песеннік Самусь. Дарэчы, з «нагорскіх», незацікаўленых, але заўсёды, помніцца, прысутны.
Сяды-тады тэматыка набірала класавай вастрыні:
«З горла лезе, маць тваю перамаць, а на чужое ўеё роўна гонішся!..»
«Ты каміны не лічы, ты лічы дзесяціны: колькі ix на чый комін прыходзіцца!..»
«Пачакай, пачакай, ці не скончыцца ваша царства, ці не паглядзім мы, як ты тады заквохчаш!..»
Сварыліся, выгаворвалі адзін аднаму сабраныя за цэлы год нездавальненне i варажнечу, у пошуках аргументаў залазячы i ў папярэднія, нават далёкія гады. У якасці халоднае вады на галовы гарачых ішло што-небудзь такое:
«Ды што вы, хлопцы, як бабы, счапіліся?..»
«Паможаш хіба, калі памолішся?..»
«От дзе каб нашых баб i праўда сюды — от дзе б сечкі насеклі!..»
Часцей, аднак, сварку перабіваў, глушыў яе выбухам рогату нейкі новы расказ, Самусёў ці каго-небудзь іншага. Часамі ад сварак ды жартаў хто-небудзь хацеў перавесці цікавасць на песню. Дарма. Не выходзіла. На песню патрэбен быў вечар, патрэбна была цішыня, хоць часовае забыццё на ўсе беды i клопаты. Калі ж i пачыналася песня на пакошы, дык ненадоўга, як нядоўгія былі i сваркі. Больш было жартаў, смеху.
Што ж да маіх «сваіх адносін» да ўсяго, што адбывалася на гэтым лужку i ў вёсцы, i наогул на свеце, дык я не быў тады староннім назіральнікам, бесклапотным падлеткам ды дзецюком з нябеднай хаты, якога яшчэ не ўкусіла свая ўласная вош, аматарам абы з чаго пасмяяцца каля вясёлых. У мяне ўжо была свая таямніца, сваё запаветнае — я ўжо вучыўся, рыхтаваўся на пісьменніка. I таямніца мая, сяму-таму ў пэўнай меры вядомая, не адгароджвала мяне ад людзей. Наадварот — ад кніг, ад паперы яна вяла мяне да ix лепшым, глыбейшым i — мне хацелася гэтага — яшчэ больш іхнім. Кожны мой дзень быў вучобай: я не толькі чытаў i пісаў у вольны ад работы час — я прагна слухаў, глядзеў, запамінаў. Шчаслівае маўчанне няспыннай карпатлівай падрыхтоўкі да тае працы, якая, я верыў, чакае мяне, якая будзе патрэбна простаму чалавеку, карміцелю i бедняку,— патрэбна маёю шчырасцю, нашаю праўдай, якая сваімі фарбамі i гукамі сальецца з красою роднай прыроды, роднай мовы i песні, роднага суму i смеху.
Пажарнай бочцы не шанцавала. Клапаціцца пра тое, каб нарэшце-такі набыць яе, другую да нашай помпы, павінна была ўся веска, не адны толькі ўладальнікі Гуртавога «ёдчыны». «Ёдчыны» не хацелі ў гэтай справе перадаць i мелі сваю пашахонскую рацыю.