Выбрать главу

— Хлопцы — драчэ!

Крыкнуў хтосьці з касцоў. Голас трывогі, радасці i каманды.

Усе касцы, уся басаногая публіка розных узростаў як быццам толькі цяпер зразумелі, успомнілі, што ж такое павінна адбыцца, што тут у гэткі дзень бывала штогоду.

Драчы, відаць, таксама па нейкай сваёй камандзе, высыпалі з апошняга кліна травы на голую роўнядзь пашы.

Людзі — за імі. Першыя сыпанулі пастушкі. Тады касцы, пакінуўшы косы ў траве, рэдка каторы ўваткнуўшы яе касільнам у зямлю. Рушылі нават i пажылыя з аброцямі, нават i той біблейскі каментатар, ужо тым часам сівы i прыгорблены гультай, Самусь.

З гікам, свістам i смехам ляцелі яны па маленькай, выгрызенай траве, так ласкавай для ног, за пільніцу папораных іржышчам i ў малога i ў дарослага. Ляцелі ва ўсе бакі і, адначасна, усе ў адзін бок — наўздагон за прыткімі шэра-бурымі скрыпачамі, што нейкаю сутулай ды імклівай пехатой i смешным подлетам, не падцягнуўшы ног, сыпаліся ў недалёкую бульбу за пашай.

Як i заўсёды, кожнага году, ніхто нічога не дагнаў, ніхто нічога не злавіў. Бо нездарма ж яны, драчы, i ў вырай бегаюць пехатою. Ніхто нічога не забіў, хоць пастушкі каторыя i кідалі здуру кіямі. Затое смеху было, радасці усім. Не толькі чарнаногай малечы, якая спачатку, на вечы, цярпліва сядзела, а потым стаяла каля касцоў, добра ведаючы, чаго яна тут чакае. Не толькі нам, маладым ды нястомным. Не толькі мне, «паклонніку красы жыцця». Але i тым, хто, на думку маю i маіх аднагодкаў, тады ўжо быў стары, у каго ўжо для хатняй i надворнай лаянкі, для ўшчування ды вохкання былі не толькі бацькі, але ж i жонкі, i маладыя яшчэ i ўжо не вельмі.

Раскрыццё таямніцы ўражае па-рознаму.

Быў у маім пастушыным маленстве такі незвычайны выпадак. На пашы. Нечы конь, відаць, адмахваючыся ад заедзі, учапіўся хвастом за калючы дрот агароджы ад поля, ірвануўся i пабег, пакінуўшы на дроце, каля самага слупка, жменю заблытанага валосся. I вось шпаку чамусьці собіла сесці іменна там. Ён ублытаўся лапкай, i як жа, бедны, ірваўся, як верашчаў, калі я, адзін ca свіных пастушкоў, найбліжэй падбягаў да яго, браў яго, трапыхлівага, ваяўнічага, у руку, выблытваў з валосся яго лапку, а потым яшчэ трохі трымаў у дрыготкай жмені і глядзеў, угаворваў яго не баяцца. Майго першага i, як дагэтуль, адзінага шпака — так блізка, у руцэ. Я выпусціў яго, упершыню адчуўшы шчасце даць камусьці волю, упершыню як быццам зразумеўшы, што так яно, калі ён на дрэве, а я на зямлі, калі ён шчабеча, а я любуюся,— што так яно найлепш.

Потым я разумеў, што калі ў супакоеным жыце, калоссе якога яшчэ не хіліцца долу ад маладога, салодкага цяжару зярнят, а ледзь не да болю ў сэрцы, ледзь не да слёз прыгожа ружавее ды мігціць у неспякотна-ласкавых промнях вячэрняга сонца, калі ў духмяным i таямнічым бязмежжы гэтай красы, недзе з самага дна, ад самай зямлі пачынае падаваць свой голас перапёлка,— я разумеў, што гэта найлепш, калі яна там, а я тут, дзе я стаю або іду i раз-поразу спыняюся, каб паслухаць.

Я разумеў, гэта праўда. Але праўда i тое, што мне заўсёды хацелася, a калі дык i вельмі хацелася ўбачыць яе зусім блізка. Ужо не патрымаць у руцэ, як хацелася гэта раней, a толькі зблізку-зблізку паглядзець.

Таксама i з драчом.

Таксама i трохі інакш.

Перапёлка жыла для мяне не толькі ў збожжы — я ведаў песні пра яе, яны мне падабаліся, яны мяне хвалявалі, i гэта паэтычна аддаляла яе ад мае жмені i ад вачэй, што хацелі б наблізіцца да яе... ну — зусім.

А пра драча ніякіх песняў не было. Былі адны кепікі, хлёсткія, рыфмаваныя, але такія, што мы пры бацьках не асмельваліся ix паўтараць, хоць i бацькі нашы таксама ж былі ў свой час пастушкамі i ўсё такое ведалі. Драч, драч!..» Дзярыся, браток, толькі не пападайся. Хоць i вельмі хацелася б паглядзець, як гэта ты там сядзіш у роснай траве і як устаеш ды дзярэшся, рупліва паварочваешся ва ўсе бакі начнога свету, стольхі ўжо часу думаючы, што гэта ў цябе сапраўдная песня, што ўсе павінны чуць яе, што гэта не смешна, а вельмі хораша.

I вось тут раптам — колькі ix, лугавых скрыпачоў! Якое вясёлае раскрыццё травяной таямніцы! Колькі людзей — малых, дарослых i нават старых — бяжыць за вамі, смеючыся, хочучы злавіць i ведаючы, што не надта зловіш, i не кідаючы нічым наўздагон, каб не забіць з блазенскага дуру!..

Ведаю, ведаю я, што не гэтым смехам, не гэтай радасцю жылі тады людзі, што i наогул яны не гэтым, перш за ўсё, жывуць.

I самі яны, мае землякі, яшчэ лепш, гарбом ды нутром, ведалі, што ix трымае на вадзе.