Выбрать главу

Голас дзятла (бо стуканне — гэта ж не голас) я чуў толькі раз. Дзяцел той верашчаў, як парасятка, якое паднялі за заднюю нагу, толькі ж па-свойму верашчаў, пакуль мы пачулі яго крык, а тады беглі, а потым меркавалі, як тут памагчы...

У ствале старой яліны, на чалавечы рост ад зямлі, было дупло. I ён залез туды, па справе ці ад дурасці, ну, а назад — ніяк. Дзірка з двара ўсярэдзіну звужалася, дупло было цеснае — не павярнуцца, не то што раздзёўбваць выхад адтуль. I ён, стракаты цесля, забыўся пра ўсю сваю самавітасць — заверашчаў.

Калі аднойчы тапіўся наш друг i нас на вадзе было многа, а ён закрычаў да мяне, я быў потым да слёз удзячны яму i нашу з ім дружбу адчуў зусім небывала...

Параўнанне як быццам не тое, «не тыя маштабы», але ж i мне, як i другім, хто бег на дзятлаў крык, было прыемна бегчы ратаваць, i мне здавалася, што кліча ён — мяне.

Ніводная рука не лезла ў тую яловую пастку. Хоць ты бяры ды раздзірай яе, або да машыны бяжы, па сякеру якую... Мы былі калектыўна ў грыбах i, невялікаю групай, далёка забрылі ад усіх астатніх i аўтобуса. Дзяцел крычаў. Яшчэ, відаць, з болыдага страху,— убачыўшы нас. I мы як быццам схамянуліся,— убачылі, што з намі ёсць маленькі чалавек, які i бег не вельмі ззаду. Як ні напружваю памяць, праз нейкіх дваццаць год ніяк не ўспомню — быў гэта хлопчык ці была дзяўчынка. Хацелася б ведаць, як яна вырасла, тая дзіцячая ручка, i што яна робіць цяпер... Ды гэта, можа, i не важна, бо найважней — яна была, тая маленькая рука, i я выразна бачу, як яна працягнулася да дупла, як дрыжала ад страху ды радасці, пакуль дзіця трымалі пад пахі, узняўшы на патрэбную вышыню, як яна, ручка, усё-такі пралезла ў дупло, як ён там матлашыўся, дзяцел, i пішчаў i як яго тая ручка, заўзятая i дастаткова моцная, выцягнула на свет без стратаў у апярэнні, як ёй хацелася птушку патрымаць, а можа i забраць з сабою...

Ды дзяцел вырваўся i паляцеў.

Каб зноў ніколі не верашчаць, не клікаць нас, людзей, на дапамогу.

Каб толькі як быццам гулліва, але ж дзеля хлеба, упарта i майстравіта, абстукваць ствалы i галіны.

Нібы прасіцца гэтым сяброўскім, сваяцкім пастукваннем у дзверы нашай лясной або дарожнай адзіноты.

2.

Сяды-тады ўспамінаюцца пахі маленства. Для ўсіх, хто з вёскі, агульнае: як пахне дым асенніх пырнікавых вогнішчаў, у прыску якіх пячэцца, па-свойму хвалююча духавітая, бульба;

як пахне сырасцю адліжны, раскоўзаны нагамі снег, калі ты, стомлены, брыдзеш па ім са школы, адчуваючы яго сырасць, зябка i казытліва, прамоклымі нагамі;

як пахнуць пляцёнкі цыбулі, што вісяць над табою на печы, дзе ты вось-вось салодка заснеш ад стомы, ад цеплай яды i ад шчасця, якое так жа добра бачыцца цяпер, здалёк;

як пахне агарод: укропам, макам, морквай, капустай, сланечнікам — усім, што ты ведаеш i на смак;

як пахне гарачае сена — яшчэ над свежай, толькі ўчора ўранні аголенай пакошай, ужо ў валках ці ў копах, а то i на возе;

як пахне першая ралля, калі ты — ужо не толькі свавольны, але на гэты час i ціха руплівы, паэтычна задуманы пастушок — удосыт пройдзешся па баразне не да канца адмытымі надоечы нагамі, а потым сядзеш на пругкія скібы i добра вымасціш сабе месца, каб пасядзець, пакуль ажно не стане знізу холадна;

ну, i яшчэ, i яшчэ...

Апроч пахаў агульнавядомых, у кожнага ёсць i свае, спалучаныя з пэўнымі, толькі сваімі ўспамінамі.

Трэба ж, напрыклад, такому здарыцца, каб у далёкім замежным горадзе, у старадаўнім касцёле, адкуль павыходзілі ўсе, з кім ты сюды зайшоў як турыст, а ты застаўся з другам, які таксама маўчыць i не спяшаецца,-— трэба ж каб тут, у пустой, растрывожанай музыкай святыні, што аціхае разам з тваёю душой, a ў вышыні спявае ў сонцы вітраж з вялікім блакітным крыжам на свабодным, неперагружаным шкле,— каб іменна тут табе ажно зашчымела ў сэрцы ад такога вось просценькага ўспаміну.

У памяці ўсплыла камора старэйшай, замужняй сястры, вялікая i змрочная камора з шафамі, скрынямі i кубламі, з кажухамі на сцяне i пучкамi сушаных зёлкаў пад бэлькай, з рэшткамі угужавелых, не з'едзеных за гарачае лета каўбас на вешале, з вузенькім папярочным акенцам, што таксама, як i вітраж, прастрэленага промнямі вячэрняга сонца, i — самае галоўнае — з моцным, мядовым, непераможным пахам воску... Сястра была настолькі старэйніая за мяне, што з сынам яе, маім пляменнікам, я хадзіў у адзін клас, разам патрохі сталеючы i вырабляючы сяды-тады, на думку сталых, чортведама што. У камору ў той адвячорак, прыйшоўшы са школы i не застаўшы нікога дома, мы — праз замкі ды забароны — убіліся па мёд. Прыкрае слова «крадзены» ў гэтым выпадку не падыходзіць; скажам — не крадзены, а самахоць узяты мёд — куды смачнейшы. Мала з'ясі, a доўга помніцца.