Смутак i жах мой былі неўзабаве развеяны мноствам іншых — зялёных, чорных, жоўценькіх i чырвоных — мітуслівых побліскаў.
I ахвота лавіць ix самому ад смутку таго не пагасла.
За гэта я самастойна ўзяўся трохі пазней. I памятаю толькі адну ўдачу,— з пятлі я выняў сініцу.
Я не хацеў быць страшным, аднак яна мяне вельмі баялася. Пішчала, трапяталася i там, дзе вісела на канапліне, учэпленая лапкай, i ў жмені маёй яе маленечкае сэрца білася вельмі моцна, i ў хаце, калі я пусціў яе, маю першую здабычу, на акно, яна адчайна, з піскам білася ў шыбу.
...Я не хацеў быць страшным...
Прамінула многае мноства белых, зялёных, сонечных, шэрых i чорных дзён. Пачатак ix успамінаецца мне цяпер у асеннім рускім лесе, дзе многа магутных, пяшчотных бяроз, дзе за акном маім зрэдку пачуецца самалёт, яшчэ радзей лена брахне сабака, а то чырыкне недзе верабей ці зацісікае зусім блізка сінічка.
Ціха i светла над сталом.
A часамі самотна i сумна...
Ну i што, калі праца мая патрабуе цішыні, адзіноты, паглыблення ў самога сябе, калі мы, літаратары, прызвычаены да гзтага больш за многіх?.. Горкі марыў, што ён дачакаецца дня, калі адчыняцца дзверы яго самотнай лабараторыі i нарэшце ўвойдзе геній!.. I мы чакаем. Не толькі генія. Усе мы чакаем друга. Таго, што не здрадзіць, не кіне ў бядзе, зразумее цябе не толькі ў празрыстым шчасці. Ix было многа спачатку, пачаўшы ад найбольшага,— ад той, што разумела i любіла як ніхто. Адны пайшлі з жыцця па яго пастаянных або часовых законах, другія жывуць для сябе i існуюць для нас, i калі ix спасцігне якая бяда, ты, магчыма, найпершы працягнеш ім руку звычайнай чалавечай дапамогі, але працягваць гэтую руку, як калісьці было, па-сяброўску, ты ўжо не хочаш, не можаш. На сцежках, якія не абмінуць, адны сустракаюцца з табой кісла або каменна абыякава, другім чамусьці трэба ўсміхацца, i яны ўсміхаюцца, хто менш, хто больш прыблізна... А тых, што сапраўдныя,— тых з кожным годам менш.
Нармальна гэта. A ўсё ж...
Мы чакаем яшчэ аднаго.
I кожнага прыблізнага, пакуль не расчаруешся ці не ашляхнеш, супакоішся, вітаеш шчыра, з даўняй гатоўнасцю.
I ціхая, патаемная прага на тыя пачуцці робіць нас часамі, калі на позірк збоку, залішне чулымі на іхняе падабенства.
Учора пад вечар, калі я вярнуўся з праходкі, мой вялікі i светлы пакой быў не пусты.
На белай раме акна, каля самага падаконня, сядзела.сініца.
Я не хацеў быць страшным. Можа, больш, чым калі-небудзь раней. Хацелася i павітацца, i пагаварыць. Аднак яна з адчайным піскам затрапяталася аб шкло, а потым закружыла пад столлю, пакуль не знайшла сабе месца — над шафай, на несхаванай праводцы. Нібы прыліпла да сцяны, аціхлая. I я стаяў каля парога, таксама стаіўшыся, чакаў, што вось яна — як жа проста! — шыбане адтуль у вялікую фортку, цераз якую i ўляцела.
Яны ж такія хітрыя, зладзеяватыя. У іншых пакоях, у іншых лясах яны таксама вось заляталі. Сініцы беларускія, латышскія, башкірскія... Хлеба госці такой паложыш — не дакранецца, a ў каўбасе, калі дзе пакінута непрыкрытая, выдзяўбе толькі драбочкі сала.
Няўжо ж табе цяжка дарогу знайсці, адрозніць шкло ад паветра?
Насцярожаны момант закончыўся прыкра: яна нырнула з-пад шафы проста ў акно, цялася галоўкай у шыбу i ўпала на стол...
Як часта ўжо я быў такі разгублены i няўдала бездапаможны! Ну што, узяў у прыгаршчы яе, яшчэ цёплую, з сутаргава расстаўленымі ў пагоне лапкамі, з раскрытай па-мярцвяцку дзюбай. Каб быў малы, дык, можа, i заплакаў бы. Цяпер панёс яе на двор, у сад i пасадзіў на кусце, у густых галінках. Проста так, без надзеі на цуд i... як быццам з надзеяй.
Позна ўвечары, вяртаючыся з цёмнай лясной алеі дахаты, падышоў да таго куста i госці свае не знайшоў. Уранні, на траве — таксама. Ну што ж, апроч сабак, тут яшчэ ходзяць, напэўна, сваімі ціхімі дарожкамі i каты...
Цяпер, калі я сяджу за сталом, адтуль, дзе голыя, нерухомыя лес i сад, бліжэй да нашага зялёнага драўлянага катэджа,— адтуль, удала выбраўшы адну з незлічоных хвілін мае цішыні, прыляцела i села на раму адчыненай форткі сініца. Aга, добры дзень!..
Нейкі момант мы пазіралі адзін на аднаго так блізка, што варта б мне толькі руку працягнуць... За гэты момант я паспеў падумаць,— можа, наіўна, а можа, проста шчасліва,— што гэта мая ўчарашняя госця, паспеў яшчэ раз паўтарыць у стоенай душы сваё даўнейшае i ўчарашняе «я не хачу быць страшным», паспеў заўважыць, як яна крутанула галоўкай, цісікнула: «Ведаем вашых!..» — i пырхнула ў сад.
Салодкай дурнап'янасцю канаплянай мяцёлкі над снегам мне зноў запахла — ужо без яе.
...А можа ўсё-такі цуд i адбыўся — можа сініца i адышла?