Выбрать главу

Аднак чаму ж яны так радасна смяяліся, чаму так доўга i так светла помніцца мне гэты смех? Не гаснучы ў памяці, не зацёршыся ў безлічы іншых, куды значнейшых падзей. Як момант чыстай чалавечай блізкасці, глыток высокай радасці жыцця, хоць часовага забыцця пра клопаты, беды i сваркі будзёншчыны.

...З тых, што смяяліся тады, многіх ужо няма. Па трох, па двух, па адным-адзіным з хаты — многія не вярнуліся з вайны. З тых, што вярнуліся, адны ўжо спакваля за столькі год паперабіраліся з вёскі на ўзгорак за гасцінцам, дзе ім шумяць маладыя бярозкі i велічны, несмяротны дуб. Жывыя неўпрыкмет i даволі растрэсена пастарэлі, хто з выгляду цэлы, а хто без рукі, без нагі.

Я не пытаўся ні ў кога з ix, але здаецца мне, верыцца нават, што той наш далёкі перадваенны смех, той наш блазенскі крое за драчамі не толькі мне аднаму ўспамінаўся ў сумную або нялёгкую часіну, дома ці недзе далека ад родных мясцін.

1969

ДАЖДЖЛІВЫ, СОНЕЧНЫ ЖНІВЕНЬ

Трэці дзень цвіце мой адзіны жоўты гарлачык паміж талерак-лістоў. Трэці доень, то седзячы, то лежачы, гляджу на бела-блакітныя бочачкі паплаўкоў, Чаецей за ўсё — праз рэдкі частакол абгрызенага каровамі аеру.

Уранні туманец шпарка ішоў за плынню ракі, стараючыся не адстаць. Дзень праяўляўся без чыстага сонца, мяккім святлом. Яшчэ не абсохла paca, a ўжо з сітнягу, у якім я стаяў на мыску, пачалі стартаваць стракозы. Пад несціханы булькат ручаіны, што ўпадае ў Шчару. Бацька бусел ці, можа, маці бусліха з чарнадзюбымі падлеткамі спаважна хадзілі сабе паблізу, не вельмі каб зважаючы на рыбака. Сойка дзерлася на тым баку, у лістоце. Певень у недалёкай вёсцы прастадушна рабіў сваё — кукарэкаў раз-поразу, нібы адзін, той самы ўсё, а не на змену з іншымі.

Добра, спакойна на душы. I цяпер, адвячоркам, калі збіраецца памаленьку на дождж, пагруквае над заходнім даляглядам. I ўранні было, калі туманец спяшаўся за плынню. I ўчора, гэтай парой, калі мы, пакінуўшы, нарэшце, упарта нерухомыя паплаўкі, сышліся воддаль ад сваіх завоінак i весела плавалі ў вадзе ды ў сонцы ласкавага вечара.

Большую частку жыцця чалавек праводзіць у адзіноце. Чаму некаторыя людзі баяцца, не любяць яе?..

I яшчэ адно хоча ў блакнот:

Разлука з блізкімі, любімымі, разлука назаўсёды i туга па ix — гэта таксама адчуванне абавязку. Перад галоўным у жыцці. А разам з тым — i абавязак перад тымі, што нас пакінулі. Паколькі я не ў зямлі, а пакуль што наверсе, у шчасці свядомых дзён i хвілін.

Добра вось так пісаць — калі папера i душа ў траве.

* * *

Раніца сёння, пасля начнога дажджу, лагодна свежая, па-святочнаму, хоць i не свята, ціхая, пад шэрай павалокай хмар, якія ці то аддалі ўжо ўсё, што меліся аддаць, ці то яшчэ збіраюцца падсеяць,

Старшыня прыехаў па мяне, як дамаўляліся, у шэсць.

— Эх, дарагі мой, каб вы толькі бачылі — тры ласі на дарозе! Тры асілкі! Якія прыгожыя!..

Ён захапляецца нягучна, з асцярогай,— дом адпачынку калгасны, ды ў ім цяпер адпачывае інтэлігенцыя з дзецьмі. Ён паўтарае сваё захапленне i за рулём «газіка», які з памяркоўным гудзеннем нясе нас па лясной, з асаджаным пылам, дарозе.

— Вось тут стаялі! I я перад імі стаяў!

Радасць яго перадаецца мне. Яшчэ i зайздросна на дадатак, i прыкра, што вось жа мне зноў не пашанцавала. Але i прыкрасць, i зайздрасць — не безнадзейныя, нібы мне жыць яшчэ ды жыць...

Мы ведаем адзін аднаго нядаўна, але як быццам i нядрэнна. Часамі мне здаецца, што ў гутарцы са мной, пісьменнікам, ён крышку пазіруе, паварочваецца лепшым бокам. Тады, для раўнавагі, я дакараю самога сябе пытаннем: «А ты што, мала пазіруеш? I перад ім...» Але часцей мне думаецца, што мы са старшынёй забываемся пра такое, больш міжвольнае, чым свядомае, пазіраванне i проста жывём сабе побач, здаволеныя нашымі нячастымі сустрэчамі, ён — ахвотна знаёмячы мяне з тым, чым ён жыве, а я — ахвотна знаёмячыся з гэтым маляўнічым кутом, з новымі людзьмі.

Сёе-тое я ўжо тут ведаю.

З заатэхнікам Люсяй я, напрыклад, сустракаўся летась, тады яшчэ чуў пра яе. I цяпер, калі мы пасля некалькіх кіламетраў мокрага лесу выязджаем на палявую дарогу i неўзабаве спыняемся каля крайняга доміка яшчэ сонкай вёскі, я пазнаю гэты домік i загадзя, вачыма памяці, бачу яго маладую гаспадышо.

«Газік» наш прыпыніўся каля плота, за якім над мокрымі градамі сям-там тырчаць вялыя ад макрэчы сланечнікі i вішні з рэшткамі нядаўняй вераб'інай раскошы,— апошнімі недакляванымі ягадамі.

Люся выходзіць з доміка ці то на стрыманы покліч нашай машыны, ці то заўважыўшы яе цераз акно яшчэ да сігналу. У накінутай сцёганцы, у белай хусціне, з прыветлівай усмешкай. Вясёлая i працавітая. Гэтага мала. Такія ўжо бывалі. Таксама, як яе жыллё — ужо не хата з лучынай, a спраўны, пафарбаваны охрай домік пад шыферным дахам, з тэлеантэнай над ім, з электрычнасцю i газам на службе ў гаспадыні,— таксама i гападынька — не проста ласкавая, спраўная маладзіца, а загадчыца фермы i студэнтка-завочніца.