Выбрать главу

Пакуль яны вядуць сваю будзённую, дзелавую гутарку, я любуюся Люсяй i ўспамінаю дзве старонкі яе біяграфіі. Выпускны вечар у дзесяцігодцы, «блакітны вальс», калі бойкая выпускніца асмелілася i вывела на круг самога старшыню, такога культурнага, толькі што з раёна. А пасля гутаркі з ім задумалася дзяўчо, ці не застацца ёй i сапраўды ў сваёй вёсцы цялятніцай. I гора маладзенькай цялятніцы ўспомнілася. Як адна з яе падласак па звычаю лясных кароў уцякла ў гушчар — цяліцца. Трое сутак шукала яе Люся. Спачатку проста хадзіла па лесе, гукала ды плакала, а потым здагадалася i пачала чакаць карову каля вадапою, лясное рачулкі. I дачакалася. Ужо з цяляткам.

Я непрыкметна, здаецца мне, назіраю за тым, якімі добрымі вачыма гэты пажылы, бывалы мужчына, цяжка паранены франтавік глядзіць на маладую, здаровую, вясёлую, амаль красуню, i ўспамінаю многіх яго памочніц, у іншых вёсках калгаса. Даяркі, заатэхнікі, учотчыцы, аграномы...

— Мяне часамі,— смяяўся неяк старшыня,— называюць бабскім угоднікам. I сябры, i начальства. Многа, бачыце, у мяне дзяўчат ды маладзіц на самых адказных участках. I праўда — больш, чым мужчын. I кожная, скажу вам, на сваім месцы.

Зноў едзем. Зноў любуюся няяркай, дзікаватай, не надта шчодрай на хлеб красою палёў. Узгоркаватых, з частымі пералескамі, з кустамі ядлоўцу i валунамі на абочынах дарогі.

Насустрач нам, па палявой дарозе, ідзе... Неўзабаве становіцца ясна — ідзе малады чалавек. Ледзь не падлетак яшчэ. Вез шапкі, светлавалосы. Пакуль мы з ім параўняліся, старшыня паспеў сказаць, што гэта адзін з трох сыноў каваля, старэйшы, дапрызыўнік. Усе тры хлопцы — механізатары. Талковыя. Вось жа работы ў полі сёння няма, свята, так сказаць, паняволі, а ён ідзе. Вядома ж, да свайго камбайна.

Мы спыніліся. Яны здароўкаюцца як дарослыя, юнец i пажылы, i пачынаюць гутарку. Зноў дзелавую. I я зноў заўважаю ў позірку старшыні, як i з Люсяй было, стрыманую бацькоўскую закаханасць. I сапраўды — прыемны хлапчына, гэты камбайнер. Ладная, відаць, сям'я ў таго не знаёмага мне каваля. Меншы яшчэ не дарос да камбайнера, ездзіць са старэйшым братам, вось гэтым, за памочніка. Пра гэта я даведаўся цяпер, з гутаркі, якую слухаю. I неяк цёпла ад нямоцнага жадання спытацца ў дзецюка ды пачуць у адказ, што той, які малы яшчэ, вядома ж, спіць сабе цяпер, законна папаўняючы пад дождж свае штодзённае недасыпанне.

Мы снедаем у хаце старшыні, удвух. За вялікім акном, у садзе i ў агародзе дождж. Свята да вечара. Шчыра кажучы, нам не пашкодзіла 6 узяць па маленькай, аднак мы паедзем далей, гаспадар за рулём, а госць адзін не прывык, дый на душы ў яго добра i так, сваім ходам, без чаркі.

Я слухаю гаспадароў расказ пра тое, як на пасяджэнні праўлення калгаса нядаўна разглядалася адна вельмі ж ужо непрыгожая справа. Сын адмовіўся даглядаць сваю адзінокую, старэнькую маці, якая жыве асобна.

— I мы сказалі яму: «Ты не варты таго, каб называцца сынам гэтай жанчыны. Яна ж столькі папрацавала на сваім вяку, столькі пагаравала». Два сыны яе, два браты гэтага булавы, загінулі на вайне. Гэта што — колькі слёз? «Не плачце, мама,— сказалі мы ёй на праўленні.— Мы вашу старасць дагледзім. Мы ў састаяніі вам...»

Мне ўжо не здаецца, што я любуюся субяседнікам непрыкметна для яго,— я заўважаю ў вачах яго слёзы i думаю, гледзячы ў гэтыя, крыху стомленыя, крыху журботныя вочы:

«Харошы ты, патрэбны, дружа мой, чалавек!..»

* * *

Позняя ноч. Цішыня. Старонкі добрай кнігі.

А за акном майго пакоя, на другім паверсе, у саснова-дубовай цемры раптам зноў, як гэта часта паўтараецца ўдзень, заклекаталі на гняздзе буслы.

Нібы воплескі пасля маўклівага слухання.

Сваё жыццё, свая радасць.

* * *

Узыходзіць сонца, а на ўвесь хмарны захад — вясёлка. З-за яе толькі варта ўставаць у чатыры, брысці сюды тры кіламетры, цярпліва, часта беспаспяхова сядзець над паплаўкамі.

Толькі што адзудзелі камары, супакоіўся пад аерным берагам бабёр, a ўжо над альховым кустам, за якім я, прытаіўшыся, сяджу, загаманіла звонкая пчолка.

Нядаўна над ціхай ракой праляцеў — важны, як паліцэйскі чын,— каршун.

Дождж трохі падзубаў валавяную роўнядзь вады, i вось вясёлка, што нядаўна знікла, зноў выядрылася, на ўсю сваю красу. I на небе, i, левым краем, у вадзе.