Міхась Чарняўскі
ВОГНЕПАКЛОННІКІ
Падрыхтаванае на падставе: Міхась Чарняўскі, Вогнепаклоннікі. Кніга для вучняў, — Мінск: Народная асвета, 1989. — 80 с.: іл.
ISBN 5-341-00147-8
Рэдактар: Я. С. Гучок
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
ЯК ГЭТА ПАЧЫНАЛАСЯ
З глухой i бяздоннай цемры выплылі гукі — галасы, бразганне металу, быццам побач мылі жалезны посуд. A калі яны рабіліся больш выразнымі, я пачаў разумець, што мая аглушаная наркозам свядомасць праясняецца.
— Ну, досыць спаць, прачынайцеся,— пачуўся нечы прыемны голас. I мяккая жаночая рука лёгенька паляпала мяне па шчоках. Можа ляпалі i мацней, але я адчуваў яшчэ слаба, бо чужым i нерухомым заставалася мае цела. А чуў жа я ўжо i разумеў усе.
— Не ўключаецца,— прамовіў той жа голас.— Хлопчыкі, на каталку яго i ў палату. Трэба вызваляць аперацыйны стол.
«Хлопчыкі» падхапілі мяне і пераклалі на штосьці няўстойлівае. «На каталку»,— здагадаўся я i паплыў некуды, пагойдваючыся, як на хвалях. Вяртаўся ў забыццё...
— Колькі ж вы будзеце спаць? — зноў пачуў я знаёмы голас, але ў ім ужо гучалі нецярплівыя ноткі.— Гадзіну буджу i ніякага толку. А мяне ж іншыя аперацыі чакаюць... Hy, раскратвайцеся! — ушчувала мяне нябачная жанчына.
Я напружваўся, колькі мог, каб падначаліць волі сваё бязладнае цела, якое ляжала недзе ніжэй маёй галавы, быццам адпілаванае. Адчайна намагаўся крануць пальцамі ног. Верылася, што калі варухну хоць адным, ажывуць ступні i ўсе ногі. Бо яны, натрэніраваныя за два дзесяткі гадоў у археалагічных экспедыцыях, былі моцныя, як машыны, i ніколі яшчэ не падводзілі; былі заўсёды гатовыя да руху.
— A божачкі, ён ужо пачаў халадзець! Каб жа толькі не памёр, а то будзе такі жах — не выйшаў з наркозу.
Мне i сапраўды рабілася ўсё халадней, быццам мароз скоўваў рукі i ногі. У дадатак пачаў апаноўваць страх — a калі сапраўды не прачнуся? Пачакаюць, памацаюць i скажуць — «адышоў» i павязуць у морг на халодны мармуровы стол...
Каля дзвярэй нехта зашлэпаў па падлозе — мусіць, палатачная нянечка.
— I як наш хворы?
— A, ніяк. Ужо заледзянеў увесь.
— А мы яго зараз пагрэем, калі заледзянеў,— лагодна прамовіла нянечка i выйшла ў калідор. Праз нядоўгі час я зноў пачуў яе крокі, а потым адчуў невыказна прыемнае цяпло на падэшвах ног. Яна прынесла грэлку!
Цяпло павольнымі i яшчэ кволымі штуршкамі, разам з аслабелай пульсацыяй крыві, пачало паступова напаўняць мае ногі, як апусцелую было пасудзіну. Затым пайшло вышэй.
I тады я зноў паспрабаваў паварушыць пальцамі ног. Удалося! Напружыўся i крануў ступнямі i затым пачаў перабіраць імі, не спыняючыся, быццам пайшоў прынёманскай сцежкай... I нарэшце, адплюшчыў вочы...
Папраўляўся я хутка. Назаўтра ж змог сесці на ложку, а праз дзень, хоць i хістаючыся, выйшаў на калідор. Адзінае, што турбавала,— дрэнны сон. У вогуле я засынаў нармальна i спаў колькі трэба, але мучыла тое, што ў сне бачылася. I нават не столькі мучыла, як трывожыла сваёй нязвыкласцю. Сніў я сябе на кавыльных раўнінах, дзе з гіканнем праносіліся, уздымаючы дзіды, вершнікі на неасядланых конях. Кідаліся на мяне ў лясных гушчарах вастрарогія туры, i я то заколваў ix рагацінай, то ратаваўся ўцёкамі. Бачыліся плеценыя з галля i крытыя трыснягом хаціны на берагах азёрных заток i чоўны-даўбёнкі на гэтых затоках. Мроіліся дымныя вогнішчы i танцы ведзьмароў навокал ix. Ноччу чуў я трубны рэў аленяў, рыканне зубраў, брэх здзічэлых сабак. Прачынаўся, устрывожаны водбліскамі пажараў, баявымі крыкамі воінаў i галашэннем жанчын. Сны складаліся ў каляровую мазаіку, сярод якой узнікалі цэлыя сюжэтныя карціны, а часам гэта былі абрыўкі нейкіх відовішчаў, цьмяныя ўспаміны, быццам зменлівае далёкае рэха.
Успамінаючы прымроенае ноччу, аналізуючы ўбачанае — каменныя шліфаваныя сякеры i бронзавыя кінжалы ў руках светлавалосых людзей, жней з крамянёвымі сярпамі на засеяных ячменем выгарынах, пласкадонныя гаршкі з трохкутнікамі i крыжамі пад брыжам — я пачаў здагадвацца, што ў сне трапляю ў часы бронзавага веку. Няўжо таму, што сам археолаг i якраз даследую гэтую эпоху? Нагледзеўся ўсяго каля раскапаных старажытных жытлаў i магіл i вось зараз яно лезе ў галаву... Але ж бачылася ў снах i многае, пра што я не меў ніякага разумення. Да таго ж, быццам ва ўсіх высненых здарэннях прысутнічаў сам я!
Неўзабаве прыйшоў у адведкі мой даўні i харошы знаёмы Іван Пятровіч, які ў адным з навукова-даследчых інстытутаў займаўся малазразумелымі для мяне пытаннямі псіхалогіі. Я расказаў яму пра свой стан.
— Якая ўдача! — радасна ўзмахнуў рукамі Іван Пятровіч.— Надзвычай рэдкі выпадак!