Канешне, было спакусліва некалі сесці на шырокую лаву з расшчапанага букавага камля побач з самымі слаўнымі людзьмі, але калі тое будзе? Трэба, каб у яго спачатку вырасла вялікая барада i каб яна пасівела. А найбольш трэба было нечым заслужыцца перад суродзічамі. Яму ж зараз не церпілася заглыбіцца ў гэты дзівосны лес, урыцца ў россып камянёў i знайсці чырвоны камень, які, калі яго пацерці пяском, гарыць, як сонца, i слепіць вочы. I рэчы з такога каменя самыя прыгажэйшыя на свеце.
Бацька ішоў паперадзе i доўгай рукаяткай каменнай сякеры варушыў леташняе лісце, раскідаў у бакі мох, расчышчаючы горную пароду.
— Вось рудавата-зялёны камень. Знайшоўшы такі, будзь асабліва ўважлівы,— супыніўся бацька.
Ён лоўка ўхапіў камень у левую руку i стукнуў па ім абушком сякеры. Скарынка вокіслаў абсыпалася, i ў кавалку руды заззялі чырванаватыя іскрынкі медзі. Але яе было зусім мала, i бацька адкінуў знаходку ўбок.
У адным месцы сярод граніту выступаў цэлы пласт такой пароды, i тут горназдабытчыкі прыпыніліся даўжэй. Бацька сякерай, а сын звычайным каменем збівалі вокіслы з меднай руды i, нарэшце, проста пад нагамі знайшлі ладны кавалак каштоўнай самароднай медзі.
Бацька замілавана ўзважыў знаходку ў руцэ, абмацаў яе, агледзеў, а затым асцярожна, быццам магла разбіцца, паклаў у скураную торбу. Потым трапіўся яшчэ з дзесятак такіх большых i меншых камянёў, якія ляжалі ў восыпу пад руданосным пластом.
Побач з бацькам завіхаўся i сын. Ен таксама шукаў i запіхваў у торбу самародкі i ўяўляў, як заўтра ці паслязаўтра бацька сядзе пад разложыстым каштанам каля іхняй хаціны, пакладзе на калоду гранітную пліту-кавадла i каменным малатком пачне выкоўваць з медзі вострыя шылы, шыракалёзыя нажы, тонкія пласцінкі, з якіх потым зробіць бранзалеты або трубачкі для караляў. А ён будзе дапамагаць бацьку — шурпатым бруском загладжваць паверхні каваных вырабаў, вастрыць, паліраваць пяском да зіхаткога бляску.
А вечарам прыбяжыць з поля яго старэйшая сястра, пакладзе серп на паліцу i пачне прымяраць бранзалеты i каралі.
— Ну як? — запытаецца яна ў брата.
— Прыго-ожа! — у захапленні адкажа ён, любуючыся сонечнымі пералівамі на аздобах.
— Што задумаўся? — весела гукнуў бацька.— На разе хопіць, а то i не занясём. Давай збірацца вячэраць.
Бацька пайшоў да зарасніку барбарысу, разгарнуў калючае голле i за ім адкрылася ўтульная пляцоўка перад адвесным выступам скалы. Пад ім цямнела невялікая сухая пячора. Побач шарэла старым попелам агнішча. Бацька быў тут не першы раз, таму гэту мясціну ўжо добра ведаў.
Медзешукальнікі дасталі з торбы прыпасы — ладны пшанічны праснак, кавалак казінага сыру, некалькі сушаных рыбін. Хлопец высыпаў побач прыгаршчы назбіраных арэхаў.
— У канцы гэтага лесу крынічка,— сказаў бацька i працягнуў сыну гліняны кубак, які вынес з глыбіні пячоры. Хлопец, пераскокваючы з каменя на камень, пабег па ваду. I сапраўды, там, дзе за хвойнікам пачынаўся зараснік кустоўя, з расшчыліны цурчэла вада. Пакуль струменьчык напаўняў кубак, хлопец агледзеўся i прыкмеціў на лапіне вільготнага жвіру каля крынічкі свежыя адбіткі капытоў. Пакінуўшы кубак з вадою на плоскім камені, ён асцярожна праціснуўся праз зараснік.
За кустоўем на горным схіле паміж россыпу камянёў пасвіўся казліны статак — старыя казлы з цяжкімі закручастымі рагамі, казліхі з казлянятамі, маладняк.
— Там горныя козы,— узбуджана зашаптаў хлопец бацьку, калі, спяшаючыся, прынёс ваду.— За крыніцай.
— А што? — падхапіўся мужчына.— Калі пашанцуе, паспрабуем свежаніны,— і, адклаўшы ўбок галоўкі дзікай цыбулі, узяўся за лук.
Бацька з сынам падышлі да крынічкі. Прыпыніліся. Затым бацька наслініў палец i ўзняў яго ўгору, вызначаючы напрамак амаль неадчувальнага тут ветру.
— Добра,— ледзь чутна прашаптаў ён,— на нас цягне, не ўнюхаюць.
Козы былі на тым жа касагоры. Мужчына прыцэліўся i выпусціў стралу. Бліжэйшы козлік страпянуўся i пакаціўся па схіле, a ўвесь статак, збіваючы капытамі камяні, з тупатам сыпануў наўцёкі. Паляўнічыя пабеглі па здабычу, пераганяючы адзін другога. I калі ўжо схапілі козліка за рогі i бацька ўскінуў яго сабе на плечы, пачулі, што на вяршыні, куды зніклі козы, загрукатала.
— Сцеражыся! — крыкнуў бацька, схапіў сына за руку i кінуўся пад бліжэйшую скалу.
Грукат вокамгненна бліжэў, мацнеў, перарастаў у аглушальны гром. Ca свістам праляцелі першыя камяні, а затым у скалу ўрэзалася лавіна каменяпаду. Скала ўздрыгнула, але ўстояла. Лавіна ж, расшчапаўшыся надвое, панеслася ўніз i там абрынулася ў прорву, у каменнае нутро, якое адазвалася стогалосым рэхам.