Мужчыны спачатку вылілі з даўбёнкі ваду, якой набралася праз старую шчыліну, затым сапхнулі човен з берага i зноў выплылі на раку. Зараз веславаць было не трэба. Плынь спорна несла ix уніз, трэба было толькі пільнаваць, каб не напароцца на якую тапеліцу-вывараць.
Насупраць сваёй вёскі падарожнікі прысталі да невялікай пясчанай выспы, аддзеленай ад берага вузкай плыцізнаю. Тут быў толькі хмызняк, дзве дуплістыя i пакручаныя ветрам i часам вербы ды стары будан пад імі.
Маладзейшы мужчына выцягнуў з будана каменную пліту, тонкую i спрацаваную. Затым на пліту насыпаў мокрага пяску, які быў пад рукою — толькі грабяні глыбей,— i пачаў церці аб яе адзін ca знойдзеных зеленаватых камянёў. Стары вынес з таго ж будана драўляны плашчак, елянцовую палку з насаджанай касцяной трубкаю i доўгі скураны пасак.
— Можа ўжо добра будзе?— перарваў працу ўпацелы малады мужчына.
Стары прыдзірліва агледзеў камень, які па форме ўжо нагадваў сякеру.
— Лязо тут крыху падвастры i хопіць. Потым будзем рабіць адтуліну.
Адтуліну свідравалі ўдваіх. Стары каменем націскаў на палку з трубкаю, у якой быў мокры пясок. Праваю рукой ён трымаў за канец скуранога паска, абкручанага вітком вакол палкі. За другі канец паска трымаўся маладзейшы, i яны абодва папераменна цягнулі пасак кожны ў свой бок. Палка круцілася, i касцяная трубка вымолвала мокрымі пясчынкамі ў нарыхтоўцы паглыбленне.
Так працавалі яны некалькі часу, пакуль у трубцы не скончыўся пясок. Тады стары насыпаў у яе новага.
— Ведаеш,— загаварыў стары ў час наступнага перапынку.— Неяк я шукаў патрэбныя камяні ніжэй па цячэнню нашай ракі. Там таксама ёсць абрывы, але пясчаныя. Адпаведных камянёў так i не трапілася, затое пад пяском была крэйда, a ў ёй шмат крэменю. Хоць яго набраў — для нажоў. Дык вось пад верх абрыва там выступае пласт з вуглямі, костачкамі i крамянёвымі аскабалкамі. Пэўна там таксама жылі людзі. Але, мусіць, вельмі даўно, бо ў каго са старых не пытаўся — ніхто не памятае. I ў пласце мне трапіўся вялікі абабіты крэмень, востраканечны, з закругленым абушком. Падобны на сякеру, але яго да рукаяткі, пэўна, прымацаваць цяжка, а вось ашчаперыць пясцю зручна. Мой нябожчык бацька, а ён быў вельмі разумны i пражыў шмат, казаў, што такімі секачамі карысталіся першыя людзі.
— А тубыльцы на прытоках нашай ракі яшчэ i зараз так робяць: абаб'юць кавалак крэменю, каб востры быў, i прывязваюць да рукаяткі. Гэта ў ix за сякеру. Даўней, кажуць, нават лязо не зашліфоўвалі.
— Так, так,— заківаў барадою стары.— А саму сякеру ўстаўляюць у выдзеўбаны кавалак рога з прасвідраванай для рукаяткі адтулінай. Ад нас навучыліся, бо мы так мацуем рабочыя сякеры — кліны... I не толькі гэтаму навучыліся, але перанялі ад нас земляробства i жывёлагадоўлю. А раней толькі i жылі тым, што давалі ім лес i рака. А замест удзячнасці нам крычаць: «Захапілі нашу раку!» I захапілі, бо ўмелі ваяваць i мелі баявыя каменныя сякеры. Такія, як вось гэта, якую мы з табою зараз зробім. Таму можа i цэнім гэту зброю, пакланяемся ёй. Нават у магілы нябожчыкам кладзём.
Нарэшце адтуліна была прасвідравана, i стары вытрас з касцяной трубкі цёплы каменны стрыжанёк — высвердліну.
— Засталося толькі выразаць хвацкую рукаятку i насадзіць,— зазіраючы ў круглую адтуліну, задаволена прамовіў ён.
* * *
— Нешта агрэсіўна ў цябе атрымалася,— хмыкнуў Іван Пятровіч, дачытваючы мае запісы,— «захапілі», «умелі ваяваць»...
— А што зробіш? — развёў я рукамі.— Такія былі часы. Пацыфізм, мусіць, ужо прадукт цывілізацыі. Праўда, сярод першабытных паляўнічых i збіральнікаў узброеныя сутычкі былі рэдкімі. А вось ужо ў земляробча-жывёлагадоўчым грамадстве, што тут грэх утойваць,— паміж плямёнамі часам вяліся сапраўдныя войны; бывала, што i да поўнага вынішчэння. Браліся за лукі i дзіды, каб адпомсціць за якую крыўду, захапіць жанчын i дзяцей, чужую маёмасць, выцесніць непажаданых суседзяў з урадлівых зямель. Часам трэба было адстойваць i свае абшары, калі з'яўляліся чужакі.
— Ну, a ў археалагічных знаходках гэта неяк прасочваецца?
А як жа. Часам пры раскопках пахаванняў у костках памерлых знаходзім наканечнікі стрэлаў. Ды i адмыслова аздобленыя бронзавыя кінжалы, мусіць, былі не толькі прыладамі працы або палявання, як i каменныя свідраваныя сякеры. Дарэчы, у бронзавым веку чалавек нават вынайшаў асаблівую форму наканечнікаў стрэл — з вострымі шыпамі, баявую.
ПАСТУШКІ, ВОЎК I САБАКА КУДЛАЧ
Гарачы поўдзень. Сонца прыпякае неміласэрна. На даляглядзе квола завязваюцца воблачкі, i тады прыходзіць снадзяванне, што яны вырастуць у хмару i на зямлю праліецца асвяжальны дождж. Але воблачкі знікаюць, i на выцвілым блакіце неба зноў застаецца ў адзіноце калматае, сляпучае сонца.