Ва ўсёй істоце быў шчасны, вызвалены, адлучаны спакой. Як тады, калі яны ўрэшце вырваліся са страшнага вока тайфуна. Цішыня. Не трэба ні за чым гнацца. I нічога не вернеш. I сам ты стаў іншы пасля вока тайфуна. Ды й ці трэба нешта вяртаць.
«Дурнічка ты. Неразумная,— падумаў ён.— Ну вось і на табе. Атрымай. Ці будзе ён трымаць так моцна, як... А, усё адно... Я ўсё ж адпомсціў табе. Н-на».
Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў на суседнім ложку Каню. Той шырока, ласкава ўсміхаўся, паглядаючы на яго. I раптам адвёў вочы на ілюмінатар, які лізала зялёная хваля, і сцепануўся.
— Ты пра што? — спытаў мічман.
— Во каб гэта зноў. Ды зноў такое купанне. Бр-р.
— Не каркай,— сказаў Дубавец, каб схаваць збянтэжанасць.— А то ведаеш як было? Плыве чалавек у шлюпцы — крушэнне было. Два дні без вады, пяць без ежы. I ўзмаліўся богу: «пашлі ты мне хаця які карабель, любы, на які твая, божая воля. I праўда,— карабель. Той махаць. У апошні момант яго з лайнера заўважылі, паднялі. Той матросам: «Як назва лайнера, каб было мне за каго бога маліць?..» А яму адказваюць: «Тытанік».— Памаўчаў.— А наконт купання што? Загадаюць — і купацца палезеш.
— Не загадаюць.
— У тым і справа, што не загадаюць. Тады б яшчэ брыкацца можна было. Сказаць, што запаленне «всегдалишнего» нерва... Сам палезеш...
Зноў трэба было саромецца словаў і хавацца. Але ён, іншы цяпер, не мог забыць пра начную цеплыню на шчаках, з ім ніколі не было такога, і таму ён, з залішняй, бадай, ганарыстасцю, сказаў:
— Ты за мяне ні зараз ні... ну, ніколі не перажывай, хлопец. Добра. Нічога такога не здарылася.
Каня не зразумеў, пра што гэта ён. Пра тую вар’яцкую ноч? Пра міну?
— I тое праўда,— з сарамлівай усмешкай сказаў мінёр.— Калісьці і я... Калісьці і ты мне. Ды й чаго там асабліва перажываць. Апошняя ці што? Іх тут яшчэ навалам.
Мічман зразумеў, што Каня кажа не пра тое, але хіба гэта мела значэнне.
— Ты малпу ў маёй каюце бачыў? — спытаў ён.— Ты забяры яе, падары, каму захочаш... Ну, ясна, не кажы, што ў мяне вісела. Не паложана так, могуць пакрыўдзіцца... Вазьмі і падары. Абавязкова.
I, прыміраючыся з непазбежнасцю, заплюшчыў вочы.