Выбрать главу

Ну і потым «на службе ведь пострадал», як жа не зайсці. ...Агарошыў яго і выклікаў поўнае непаразуменне толькі адзін падарунак. Дубавец служыў тады на іншым тральшчыку, і вось ягоны мінёр Більдзюкевіч, таксама «зямеля», заўсёды расхрыстаны ва ўсім, акрамя работы, дабідуда і недалуга (за што і меў ад мічмана часта «фіцілі») — гэты мінёр прынёс яму ў шпіталь белую нейлонавую малпу.

У малпы быў сумны і маркотны выгляд: рот да вушэй, вушы, падобныя на пельмені, і журботныя вочы.

Більдзюкевіч, відаць, зразумеў ашаломленасць мічмана па-свойму:

— Ды гэта нічога, таварыш мічман. Калі наконт таго, што сумняваецеся падарыць — дык гэта глупства. Разумная не пакрыўдзіцца, а дурная — шайтан з ёю.

Дубавец так і зразумеў, што гэта не для яго, а для Жэні. Уся гавань казала, што ён з ёю «круціць раман». I злёгку «агарчыўся» («агарчэннем» у гавані называлі аднолькава і выхадку падначаленага, і «фіціль» ад начальства), бо лічыў, што ён занадта непрыгожы сам: выкапневая малпа.

Гэта было не так. Толькі вечная пахмурая паглыбленасць мічмана ў сябе перашкаджала яму заўважыць, што некаторыя — і нават даволі многія — жанчыны азіраюцца на яго на вуліцах горада.

Досыць высокі і шырокі ў касці, вялікароты, шыракавокі, брывасты, з магутнымі надброўнымі дугамі, крыху рудаваты ў пшаніцу.

Словам, як пажартаваў той жа «мастак» Анатоль Каня:

— Дурніца можа і не прышвартуецца, а разумная... Шкада, што гэтых разумных малавата. Астатніх, мабыць, чорт выпалаў.

Каня быў адзін з нямногіх, хто мог адкрыць перад мічманам душу. Можа цягнуўся, як да земляка. Але Дубавец не ішоў яму насустрач амаль ніколі. Вайна і ўсё астатняе нялёгкае жыццё выхавалі яго ў тым перакананні, што нельга ўголас гаварыць пра свае думкі і пачуцці, нават калі ты «тонкі чалавек». I нават калі бачыш, што прыгожа (а ён інстынктыўна адчуваў прыгажосць), дык казаць пра гэта смешна.

— Гэта што ж палучаецца. Ты, скажам, пусціш кагосьці ў душу, а ён, можа, зусім і не той, каго належыць пускаць.

Ён мала давяраў такім людзям і нават крыху недалюбліваў іх.

— Можа таму гэта ўсё і скончылася. Нават ясна чаму. I асвета розная, і ўзрост. Заплеснелы сухар, службіст, без гумару, не ўмее падтрымаць размову пра высокія матэрыі. Цалкам ясна, што не для яе ён быў. Толькі які ж там быў «раман»? Яна не ведала аднаго, што нікога ён больш не любіў, а толькі яе.

— Адналюб, як асёл,— сказаў пра яго неяк мічман суседняга тральшчыка, прыгажун Несцярэнка, і ён пачуў гэта без крыўды.

«Ну й няхай, як асёл... Усё лепей, чым ён, певень кахінхінскі». Ён уклаў у гэтыя словы ўсю пагарду сваю да несцярэнкаўскай пароды мужчын.

...Яна тады паехала на метэастанцыю, на востраў Рагвольд. Блізка, а нібыта на край свету. За два гады дзве выпадковыя сустрэчы. Абодва разы ён зрабіў выгляд, што не заўважыў яе. Няма чаго таму богу кланяцца, які на нас не зважае. Глядзі ты яе... польская панна.

Ён быў сухар, але сухар горды і ўпарты.

I таму малпа ўвесь час сіратліва вісела ў яго ў каюце.

Калі Дубавец злаваў на няўдалы выхад у мора, або на, як яму часам здавалася, несправядлівыя разносы начальства — ён паварочваў яе журботнай мордаю ў кут.

Дарыць ён яе не хацеў. Падоранае нельга дарыць. Гэта было адно з тысяч ягоных цвёрдых правілаў. I ўсё ж дарэмна Більдзюкевіч дарыў яму малпу. Ні ёй яна не прыдасца, ні будучаму сыну.

I ўвогуле — дарма.

Цішыня над бухтаю ўжо не была такая глыбокая. Яе нягуста разрывалі блізкія і далёкія гукі. Даносіліся цені галасоў. Спявуча ныў, выбіраючы якар, шпіль. Лязгаў, бегучы ў ланцужную скрынку, якар-ланцуг. Вось з вухканнем вырваўся з вады і сам якар. На імгненне Дубавец пачуў, як льецца вада. Пасля даляцеў грукат, удары аб корпус карабля; якар замацоўвалі па-паходнаму.

Караблі рыхтаваліся выходзіць у мора.

Мічман дастаў папяросу, пераканаўся, што ў пачку запалак няма, ляснуў сябе па кішэнях.

— Вазьміце, таварыш мічман.

За ціхім спевам дызеляў Дубавец не ўчуў крокаў мінёра Кані. «Карабельны мастак» падаваў яму запалкі.

— Дзякуй.

Пакурваючы, яны глядзелі, як агеньчыкі караблёў цягнуліся на выхад з гавані.

— Вам, мабыць, яшчэ ў вайну даводзілася сто разоў такое бачыць?

— У вайну пры выхадзе ані агеньчыка. Ані гуку.

Нейкая насцярожанасць заўсёды непакоіла Дубаўца, калі побач быў мінёр Анатоль Каня. Занадта ўжо непадобныя яны былі між сабою. I параўнанне тое было нявыгаднае для мічмана, а таму ён увесь час думаў над гэтым непадабенствам.

Не дужа высокі, але да таго ладны, што глядзець весела. Сядзіць на ім усё зграбна, падагнана. У двухсотрублёвым гарнітуры іншы так не выглядае, як гэты ў звычайнай шапцы, целагрэйцы, ватовых штанах і ботах. Такога хаця ў дзяружку зашый — усё адно фацэт.