Выбрать главу

— Травіць! Давай ход! За кармою — міна!

Не было ў гэтую хвіліну на палубе чалавека, які не падумаў бы, што нельга чакаць, пакуль дадуць ход, што хвалі кідаюць і карабель, і ягоную смерць, што вось-вось адзіны ўдар, і карабель — не, цяпер ужо караблік,— нахіліцца, пачне рваць бортам хвалі і, як распоратая, іржавая бляшанка з-пад кансерваў, пойдзе на дно. I выбух выкіне гэтых людзей, толькі што жывых і вясёлых. Выкіне, як сардзін з бляшанкі, у ледзяную ваду, дзе ўжо ніхто не знойдзе іх у снежнай кашы. Бо нават «SOS» падаць не паспееш, бо ніхто не спахопіцца раней чым за гадзіну-дзве, а пасля нельга будзе адшукаць у буране. Бо нават той, хто пратрымаецца, ухапіўшыся за нешта, проста замерзне.

Старлей скідваў рэглан, блытаўся ў ім і ніяк не мог сцягнуць рукавы.

— Адпорнік! — і ўсе не пазналі ягонага здзічэлага голасу.

I тут мічман са здзіўленнем пачуў ненавісны голас Кані:

— Дазвольце ў ваду.

Сцівен маўчаў. У ледзяной вадзе скакалі зеленаватыя камякі снегу, збіваючыся ва ўсё большыя і большыя. Крутая хваля кацілася з белай імглы... Але ж людзі, але ж караблік!

Твар ягоны скрывіўся. Ён сам схапіў адпорны крук і пачаў асцярожна адводзіць ім міну ад барта.

— Дабро,— ён не глядзеў у вочы.— Дабро.

I адразу ж глуха бухнула ў ваду.

Мічман не пазнаваў старлея. Звычайна такое маладое і нястрымна лёгкаважнае аблічча зараз быццам падсохла і скамянела... Але ён не пазнаваў і Кані ў адчайным ягоным учынку, у гэтым кідку ў невядомае, магчыма, у смерць. На парозе такога шчасця, халера яго бяры?

«Жыцця б ты не ведаў, шчанюк паршывы...

...а яна там як?.. што будзе рабіць?..

...плакаць будзе...»

Ён, які ніколі не лаяўся ўголас, мацюкаўся зараз сам сабе, але ногі ўжо самі сабою неслі яго да кармы.

На хвіліну стала нават радасна. Усё вырашалася без яго, але ён павінен быў бачыць гэта сам, яшчэ і таму... Не, не таму, а таму, што адказваў за мінёра перад позіркам усіх людзей... і яшчэ перад адным, таму, што ён раптам успомніў словы Кані: ...«у мяне адразу сутаргі», і словы іншых: «...на колькі яго хопіць», і ўсё, што ён заўсёды чуў пра сябе.

«Чаго ж яго панесла да вадзяніка? Забыў, напэўна. Ну і прападай, галава дурная».

Мічман зараз ненавідзеў мінёра яшчэ і за гэты ўчынак, і за тое, што павінны будуць з-за таго ўчынку рабіць іншыя. Зусім без ахвоты.

— Дубавец! Выратавальныя кругі! — Сцівен казаў гэта праз зубы, абы не закрычаць.— Дубавец, куды!?

Але Дубавец ужо не чуў яго. Ледзь прыкмеціўшы сярод імглы чорны паплавок галавы мінёра, ён, сам сабою, зусім не жадаючы гэтага, скокнуў з другога борта, скокнуў нехлямяжай, бо была на ім цяжкая вопратка, «ластаўкай».

Каля міны мільгалі ўжо цяпер два «плыўцы», выратавальны круг, сталёвы канец, што цягнуўся з карабля.

А пасля ўсё гэта растаяла, схавалася ў белым хаосе: загрукаталі машыны, і вада ад вінтоў адкінула міну і людзей, што кешкаліся ля яе.

«А раптам падрэжа міну,— у Сцівена сціснула горла. — Дзе іх тады шукаць?» Ён ледзь выціснуў тэлефаністу, што трымаў сувязь з мосцікам:

— Застопарыць ход... Травіць адцяжку... Даць слабіну! — яму пакутна хацелася вылаяцца, даць сабе волю.— Маць тваю... дабром успомню, даруйце, хлопчыкі... Чорт Дубавец, доўбня чортавая... Стоп травіць!

Бурун за кармой карабля, які рухаўся цяпер па інерцыі, знік. У мёртвай цішыні асабліва гучнымі здаваліся ўдары валоў і злавесны, звонкі спеў сталёвай адцяжкі, што адбягала за карму, адзінай ніці, якая звязвала цяпер людзей за бартом з жыццём, а карабель — са смерцю.

— Сігнал падаюць,— шэптам сказаў старшына Красоўскі, быццам занадта моцны голас мог перарваць нітку жыцця.— Адцяжка торгаецца.

— Выбіраць,— таксама шэптам сказаў старлей.— Выбіраць, хлопчыкі. Выбіраць, чорцікі. Яны ж там замерзнуць могуць.

— Спыніцца сэрца — і ўсё,— пацвердзіў старшына.

Хапаючыся адной рукой за леер, накідваючы другую адцяжку на плечы, спатыкаючыся, слізгаючыся, падаючы на палубу, якую ўвесь час абмывала хваля, матросы беглі на шкафут... Нібы проста выбіралі буй.

Праходзілі гадзіны, суткі...

Калі мінёр пагрузіўся ў ваду, яму здалося, што ў ягоны жывот нехта плюхнуў расплаўленым свінцом. Абпякло рукі, шыю, твар. Галаву сцялі нейкія вялізныя ціскі.

Пасля ён убачыў міну, што ляцела на грабяні хвалі. Велізарны рагаты шар падаў зверху, навальваўся, як пачварнае чорнае сонца. Анатоль нырнуў пад хвалю і, ліхаманкава працуючы нагамі і рукамі, ірвануўся ўбок.

Хваля прамчалася над ім з гарматным грукатам. Скакалі ў вадзе зеленаватыя хлапякі снегу. Злева ён убачыў карму, што навісала над ім, справа — міну, а побач з ёй — галаву мічмана. Учапіўшыся ў рым, мічман цягнуў сталёвы шар убок. Ён прырос да міны, як мідзія, і хвалі кідалі яго разам з ёй. Мічман быў без кіцеля, у адной сарочцы.