- Паспрабуй яшчэ раз, - парушыў маўчанне Сташэўскi.
Грэхаў паспрабаваў, але з тым жа поспехам.
- Гэта вы не праходзiлi? - паспрабаваў пажартаваць Дыега Вiрт, звяртаючыся да Малчанава, якi задуменна церабiў падбародак.
- Не, - адказаў той сур'ёзна. - З такой з'явай сутыкаюся ўпершыню, i, наколькi я ведаю, пра гэта не згадваў нiводны даследчык.
- Усё гэта добра, - уздыхнуў Сташэўскi, - якасна iншая з'ява i гэтак далей... Аднак трэба ж адсюль i выбiрацца.
Аддалены гул прымусiў усiх насцярожыцца. Гул нарастаў, задрыжала глеба. Яшчэ праз паўхвiлiны гул ператварыўся ў магутны грукат, трэснула сцяна скал, i ў пралом, якi ўтварыўся, слiзганула... велiзарная чорная скала i рушыла праз плошчу да Горада. Яна перасекла пустую прастору, пакiнуўшы пасля сябе дымiцца глыбокую баразну, i бясследна растварылася ў цяснiнах Горада.
Нядоўга думаючы, Грэхаў запусцiў рухавiк i кiнуў танк уздоўж баразны да пралому. Праз хвiлiну яны былi ўжо за межамi дзiўнай плошчы, якая не выпускала iх са сваiх абдымкаў больш за гадзiну.
Дыега паспрабаваў растлумачыць феномен "гравiтацыйным полем, якое плыве", але Сташэўскi папрасiў Грэхава "як былога спецыялiста" знiштожыць гэтае "тонкае разважанне", i той папулярна вытлумачыў Дыега, што ён кампетэнтны ў фiзiцы гравiтацыi гэтак жа, як ён сам у чорнай, а разам з ёй i белай магii. Праўда, Грэхаў таксама нiчым не мог вытлумачыць iх прыгоды, нягледзячы на тое, што сапраўды тры гады назад скончыў iнстытут фiзiкi прасторы. Для высноў патрэбны былi эксперыментальныя вымярэннi, паўтораныя не адзiн раз.
На ноч танк пакiнулi ў тым жа месцы, што i ў першы раз. Фарбы заходу хутка збляклi, затое зайгралi пералiвамi халоднага святла "павуцiны" i Горад. Магчыма, Грэхаў быў занадта эмацыянальны для работнiка КАВС, але ў сузiраннi маляўнiчай феерыi святла ён знаходзiў сапраўднае задавальненне. Толькi часам свядомасць як бы ўспамiнала свае абавязкi, i тады чутны быў шэпт - не вельмi прыемнае нагадванне аб прысутнасцi iншага загадкавага жыцця. Яны ўжо звыклiся з iм, як прывыкаюць i не заўважаюць скуголення ветру ў непагадзь.
Правялi чарговы сеанс сувязi. Што-нiшто змянiлася на зямным фарпосце. Да Тартара прыбылi энергазабеспячэнцы i эксперыментальны карабель, бiтком набiты рознага роду генератарамi.
- Намячаецца эксперымент, - паведамiў Кротас. - Фiзiкi хочуць "выразаць" кавалак прасторы разам з караблём i перакiнуць яго з планеты за межы атмасферы.
- А мы? - вельмi своечасова спытаўся Дыега Вiрт.
- А вас захопiць iглакол. Мантажнiкi заканчваюць зборку пад'ёмнiка, заўтра паспрабуем высвiдраваць канал у атмасферы. А пакуль вы будзеце карэкцiраваць наводку генератараў для эксперыменту.
- Зразумела, - адгукнуўся Сташэўскi, адказваючы ўсмешкай на ўсмешку Палiны, i сеанс скончыўся.
На гэты раз першы на вахту стаў Грэхаў. Чатыры гадзiны праляцелi незаўважна, ён нават спаць не захацеў, паглынуты назiраннямi за дзеяннямi цiкаўнiкаў i "павуцiн". Так, яны яўна штосьцi рыхтавалi, прыцягнулi аднекуль яшчэ некалькi "грыбоў", i цяпер вакол калоны карабля ўтварылася суцэльная чорная сценка. Аж перад самой здачай дзяжурства - Грэхаў якраз глядзеў на нерухомае воблака белага дыму, з якога вырастаў карабель, - воблака гэтае раптам з моцным трэскам апала, i над караблём усплыла слiпучая да болю ў вачах "павуцiна". Яна як бы падхалiла карабель знiзу, краi яе палезлi ўгору, i ўрэшце карабель быў загорнуты ў "авоську". Усё замерла на пэўны час. Потым "павуцiна" з доўгiм шыпеннем распаўзлася ранейшым белым дымам, i Грэхаў, расцiснуўшы ўспацелыя ад напружання кулакi, прамармытаў зларадна:
- Што, не выйшла, галубкi?
Некалькi "павуцiн"-назiральнiкаў тут жа ўцяклi да Горада, i, пакуль Грэхаў правяраў функцыянаванне галоўных сiстэм танка, адна з iх прывалакла чорны "грыб" i ўторкнула яго вышэй па схiле варонкi. Яны пачыналi будаваць другi ланцужок "грыбоў". Усё гэта адбывалася так мэтанакiравана, што Грэхаў раптам зразумеў тых, што баранiлi прысутнасць на планеце розуму. I калi ён сапраўды быў, то па ўсiх чалавечых мерках выходзiў за межы спасцiжэння. Нi ён, нi людзi не разумелi адзiн аднаго, i невядома было, што ж патрабуецца для таго, каб зрабiць першы крок да гэтага ўзаемаразумення. Адзiнае, што вынес Грэхаў са свайго назiрання, было тое, што валтузня "павуцiн" каля зямнога зоркалёта паказвала на iх зацiкаўленасць у iм, гэта значыцца з'явiлася надзея на паспяховае завяршэнне экспедыцыi як у самiм караблi, так i выратавальнай.
Пабудзiўшы Сташэўскага, Грэхаў спехам пераказаў яму ўсё, што бачыў сам, i папрасiўся размясцiцца на адпачынак у кабiне. Але камандзiр застаўся няўмольны, i яму, хоць i з неахвотай, давялося пайсцi. Сташэўскi ж сеў за перадатчык i выклiкаў Станцыю.
* * *
За бортам разгараўся дзень, быццам штампаваны па заказе, так ён быў падобны на астатнiя цьмяныя днi Тартара.
За ноч "павуцiны" пабудавалi яшчэ адзiн ланцуг загадкавых грыбападобных цел i тэрыконаў, падвоiўшы iх колькасць. Над танкам кружылi цэлыя тры "сеткi", таму ў адчуваннях людзей пераважала пачуццё цкаванага аленя. Пра перадачы на Станцыю не было чаго i думаць. Сташэўскi сказаў толькi, што роўна а шаснаццатай паводле ўнiверсальнага часу адтуль паспрабуюць праткнуць атмасферу планеты накiраваным полем i, калi ўсё адбудзецца добра, да вечара яны будуць дома.
Грэхаў машынальна агледзеў купал неба, валакнiстая зялёная смуга якога з цеснымi разводамi навiсла гэтак нiзка над галавой, што здавалася, над iмi вiсiць цэлая планета, закрытая слоем аблокаў, i яны звернуты да гэтай планеты нагамi ўгору. Вяршыня даволi блiзкага карабля хiсталася, размытая, быццам пагружаная ў струменiстую ваду, i там, на кiламетровай вышынi, Грэхаў убачыў, як перасоўваецца цёмная пляма. Яна павольна плавала на адной i той жа вышынi, часам ненадоўга замiрала на месцы, потым зноў апiсвала кругi i петлi, нетаропка i бязмэтна.
- Што гэта над караблём? - спытаўся Грэхаў у Сташэўскага ўпаўголаса.
- Дзе?
- "Шэры прывiд", - паглядзеўшы, басам сказаў Малчанаў. - Няўлоўнае i надзвычай цiкавае стварэнне. Галкiн неяк натыкнуўся на гравiстралка, i, калi б не "шэры прывiд", якi падплыў у гэты момант, жывы б ён не пайшоў.
- Я чуў пра гэта, - задумлiва вымавiў Сташэўскi. - Але думаў, што гэта легенда.
- Не, - суха сказаў Малчанаў. - Я быў разам з iм...
- Дык як жа... - пачаў Грэхаў, злавiў рух Сташэўскага i змоўкнуў.
Малчанаў усмiхнуўся.
- Не свiдруйце яго позiркам, Святаслаў, цiкаўнасць яго законная. На мяне гравiстралок не напаў таму, што я ў той момант знаходзiўся ў кабiнеце нульхода.
Штосьцi ён не дагаворваў, Малчанаў. Грэхаў зразумеў гэта па яго секундным замяшаннi, але працягваць камунiкатар не стаў, а распытваць далей было няёмка.
Грэхаў паспрабаваў уявiць умяшанне "шэрага прывiду" пад час нападу гравiстралка (якая тады яго сапраўдная магутнасць?!), але настаў адзiн з перыядаў "сну на хаду", калi яму пачыналi трызнiцца дзiўныя змазаныя карцiны, хутчэй за ўсё ўплыў "павуцiны", яе выпраменьваннi на мозг, i пэўны час давялося правесцi ў змаганнi з забыццём. На кожнага з iх выпраменьванне вiдаць, дзейнiчала па-рознаму. "Добра было б параўнаць адчуваннi..." мiмалётам падумаў ён.
У зоне карабля спрацавалi нейкiя таямнiчыя механiзмы, па перыметры вакол яго вежы замiльгалi надзвычай зыркiя сiне-зялёныя факелы полымя, скрыўляючыя кожны раз контуры зоркалёта. Праз некалькi хвiлiн успышкi спынiлiся. Прыборы бясстрасна адзначылi з'яўленне i змяншэнне iанiзацыi, танец электрамагнiтных палёў.
Грэхаў звыкла адзначыў час i, разважаючы, цiха сказаў:
- Не магу зразумець адно - чаму на планету, жыццё якой не разгадана, прысутнасць розуму на якой яшчэ нiкiм не даказана, паслалi атрад камунiкатараў. З кiм яны збiралiся наладжваць кантакт? З "павуцiнамi"? З "цiкаўнiкамi"?
- З пластунамi, - прамармытаў Дыега Вiрт. - Або з "шэрымi прывiдамi". Цi не ўсё адно...
- Так, тут вы маеце рацыю, - уздыхнуў Малчанаў, i вузкi маршчынiсты твар яго спахмурнеў. - З пасылкай камунiкатараў паспяшалiся. Але ў дадзены момант гэта ўжо не вiна, а хутчэй наша бяда. На Станцыi ў той час было занадта шмат гарачых галоў...
- Гарачыя галовы... - па-старэчы прамармытаў Сташэўскi, гледзячы на роўную калону карабля. - Гарачыя галовы... Раней казалi: колькi галоў - гэтулькi розумаў, але першых заўсёды больш. Поўнае супадзенне з рэчаiснасцю...