- Та-ак, - працягнуў Сташэўскi, зiрнуў на гадзiннiк i ледзяным тонам нагагаў яму дакладнае значэнне слова "дысцыплiна".
Выходзячы, ён забраў з сабой Дыега, якi падмiргнуў Грэхаву, а той прыладзiў крышталь iнфарманта ў свой iнфармблок i стаў таропка "перагортваць" запiсы, спадзеючыся за паўгадзiны да фiнiшу разабрацца ў матэрыяле хоць бы ў агульных рысах.
Тартар быў адкрыты выпадкова ў сто семдзесят чацвёртым годзе, гэта значыцца год назад, сумна вядомай экспедыцыяй да ядра Галактыкi, яе галаўным караблём "Спiр" з камандзiрам Яраславам Грантам... Грэхаў перастаў успрымаць тэкст, праслухаў некалькi фраз, не зразумеўшы iх сэнсу, i тут толькi ўспомнiў, адкуль яму знаёмае iмя камандзiра - Грант. Чарыянскi санаторый... мокры ад дажджу лес... дзве постацi, якiя нетаропка брыдуць па кароткай густой траве, сiвы мужчына i кволая жанчына... Дык вось хто адкрыў Тартар - Яраслаў Грант! Iронiя лёсу звяла iх разам i развяла, а чакае Грэхава выратавальны рэйд на адкрытай Грантам планеце, небяспечнай планеце...
Нейкi час ён сядзеў, бяздумна ўключаючы i выклключаючы iнфармблок, потым уздыхнуў i стаў слухаць далей. Са скорагаворкi чытаючага аўтамата ён зразумеў, што экiпаж карабля амаль увесь загiнуў (вось яна, траўма Гранта), ратуючы людзей, што былi на зоркалёце "Магiканiн", якi невядома як апынуўся на планеце. Яны ўратавалi двух, але загiнулi самi...
"Што ж, я разумею цябе, Грант, гэта цяжка. Але ты абвiнавацiў сябе ў iх гiбелi, i ў гэтым я з табой не згод ны. Ты быў камандзiр, а калi ў табе загаварыў проста чалавек, якi спалохаўся адказнасцi, ты забыўся, што камандзiр таму i камандзiр, што боль свой ён абавязаны хаваць у сабе. Зрэшты, не ведаю, цi вытрымаў бы я..."
Грэхаў раптам зразумеў, што не слухае запiс, i раззлаваўся. Хуценька пракруцiўшы запiс назад, пусцiў яго зноў.
- ...атмасфера: вадарод, семдзесят тры працэнты, гелiй, пятнаццаць, кiсларод, азот, неон, аргон... (вiдаць, ужо дадзеныя па планеце). Пароды мацерыка... (гэта потым). Акiяны (...таксама потым). Так, вось яно, галоўнае... Утварэннi, як мяркуецца, штучнага тыпу, названыя Гарадамi. Актыўнае жыццё ў насычанай радыяцыяй атмасферы... Гiпотэза ўнiверсалiста Сергiенкi: негуманоiдная цывiлiзацыя. Гiпотэза ўнiверсалiста Гiлкоўскага: супольнасць гнотабiёнтаў - арганiзмаў цi калонiй арганiзмаў, якiя жывуць у поўнасцю вядомых i кантралюемых варунках...
Далей прачытаць запiс Грэхаву не ўдалося. Карабель выйшаў на сiлавую падушку стартадрома доследнай Станцыi, i па адсеках пайшоў пявучы сiгнал адбою гатоўнасцi. Пакуль рупныя гномiкi - робаты тэхнiчнай службы - правяралi корпус карабля i рухавiкi на астаткавую дэфармацыйную няўстойлiвасць, ён разглядаў планету ў перыскоп без оптыкi. З вышынi Станцыi яна здавалася пушыстым палевым элiпсоiдам з крыламi жамчужнага зiхцення - там, дзе нябачнае зараз свяцiла асвятляла атмасферу; Станцыя якраз праходзiла над начным бокам Тартара. "Змрачнаватая назва для планеты", - падумаў ён мiмалётна.
- Экiпажу на выхад! - вымавiў дынамiк гучным голасам, i ён паспяшаўся з каюты.
У шырокiх светлых калiдорах Станцыi было нашмат менш народу, чым ён чакаў. Зрэдку сустракалiся навуковыя супрацоўнiкi вышэйшых рангаў, цвет навукi Зямлi, у аднолькавых светла-блакiтных з зялёнымi змейкамi шчыгульных гарнiтурах. Толькi эмблемы на грудзях i на рукавах у iх былi розныя. Грэхаў з цiкаўнасцю праводзiў вачыма спецыялiстаў фiзiкi прастораў, бо сам колькi гадоў назад яшчэ насiў iх эмблему: пунсовы дыск, перакрэслены залатой стралой i аточаны роем срэбраных iскраў. Але ўсе твары былi незнаёмыя, i лёгкi смутак закраўся ў сэрца: падзеi мiнулага заўсёды згадваюцца з сумам, не катастрофы, вядома, хоць катастрофы суправаджалi яго з дня нараджэння, такi ён ужо "ўдачлiвы" па-свойму чалавек.
Загледзеўшыся на гурт тэхнiкаў, што валаклi па калiдоры грувасткую скрыню (няма грузавых аўтаматаў, цi што?), Грэхаў торкнуўся ў спiну Вiрта i хутка ступiў убок. Перад iмi стаяў начальнiк сектара КАВС Кротас i ўважлiва разглядваў iх сваiмi светлымi вачыма. Побач з iм, крывячы худы нервовы твар, стаяў незнаёмы Грэхаву чалавек у шэрым аднатонным трыко без усялякiх эмблем i значкоў. Ён быў сiвы, маленькi, танклявы, ад крывой усмешкi беглi па твары маршчынкi, i нiяк нельга было дакладна вызначыць яго ўзрост.
- Грэхаў? Рад вас бачыць... э-э, жывога i здаровага.
- Дзень добры, - прамармытаў ён. - Даруйце, дзякуй.
Сiвы нахiлiў галаву, i Грэхаў прачытаў усмешку ў яго непранiкальна чорных вачах. Выручыў Грэхава Сташэўскi. Ён падышоў да iх аднекуль збоку, некалькi iмгненняў глядзеў на сiвога з няпэўнай мiнай на твары, потым рэзка працягнуў руку i адрывiста кiнуў:
- Наш праваднiк? Я - Сташэўскi, Святаслаў.
- Малчанаў, Эвальд, - нечакана ракатлiвым басам адказаў сiвы, i Кротас, што стаяў побач, з незразумелай палёгкай уздыхнуў.
- Хадземце. А шостай пасяджэнне навуковай рады. Спадзяюся, вы не галодны?
- Не, - коратка адказаў Сташэўскi.
Iх маўклiвую групу праводзiлi вачыма - усе ведалi, што прыбылi выратавальнiкi, - а Грэхаў, машынальна адказваючы на прывiтаннi, спрабаваў успомнiць, дзе яму ўжо сустракалася гэтае прозвiшча - Малчанаў.
Яны падышлi да каманднай залы Станцыi - паўсферычнага памяшкання з шэрагамi пультаў i туманнымi сценамi выключаных вiдэомаў*. У зале лёгка перакотвалася гамонка двух дзесяткаў людзей. Грэхаў, азiрнуўшыся, заўважыў тут Джаваiра, кiраўнiка другога сектара, Юрэвiча - начальнiка аддзела бяспекi, i яшчэ некалькi асаў, якiх ён ведаў па ранейшай рабоце. Амаль усё Кiраўнiцтва...
* Вiдэом - аб'ём каляровай вiдэаперадачы.
- Зараз пачнём, - цiха сказаў Кротас, як быццам адчуўшы хваляванне Грэхава.
- Што ж тут адбылося? - гэтак жа цiха спытаўся Грэхаў.
- Атрад вучоных i камунiкатараў пайшоў на паверхню Тартара i не вярнуўся... - адказаў начальнiк сектара i не дагаварыў.
У залу ўвайшоў высокi агнiста-рыжы мужчына з вялiзным носам. Грэхаў з цiкаўнасцю стаў яго разглядваць. Ён нi разу не бачыў намеснiка старшынi Камiтэта Камунiкацый у твар, толькi чуў пра яго, але памылiцца, вiдаць, было немагчыма. Лявада коратка павiтаўся з усiмi i прайшоў да пультаў.
Грэхаў дакрануўся пальцамi да пляча Сташэўскага - нейкi iнстынктыўны рух, дальбог, i падрыхтаваўся слухаць.
* * *
Дэсантны шлюп - iглакол, на жаргоне асаў, - павольна аддзялiўся ад ажурнага цела Станцыi i срабрыстай кропляй стаў падаць у бездань. Сiнi дыск Тартара здаваўся адтулiнай у чорнай тоўшчы, а iглакол - паветраным шарыкам, што ўзнiмаўся да неба з-пад зямлi.
Пакуль iх маленькi караблiк вялi па энергапромню да Станцыi, Сташэўскi быў спакойны: збоку iх нiхто не мог убачыць i запеленгаваць. Але ў атмасферы яны маглi спадзявацца толькi на вопыт i ўменне пiлота, i Сташэўскi мiжволi паглядваў на Дыега Вiрта, якi з нядбайнай грацыяй прафесiянала сядзеў ля пульта.
У цеснай рубцы iглакола размясцiлiся разам чатыры чалавекi: сам Сташэўскi, Вiрт, Малчанаў, што апраўдваў сваё прозвiшча, i Грэхаў, якi з цiкавасцю назiраў за ходам спуску. Тое, што iх экспедыцыя - выратаваўчы рэйд, яго турбавала мала. Дакладней, турбавала, вядома, але за тры гады працы ў КАВС ён даўно прывык да заўсёднай рызыкi, чакання сутыкнення з невядомымi цi вядомымi сiламi прыроды, таму гэтая экспедыцыя была для яго звычайнай формай работы. Яго работы...
Грэхаў цяпер ведаў, што з таго часу, як Тартар быў адкрыты, мiнула больш за год, але па-сапраўднаму вывучыць чужы свет за гэткi кароткi тэрмiн людзi не змаглi: не шмат чаго ўбачыш з тысячакiламетровых арбiт, аўтаматы ж, акрамя вымярэння асноўных фiзiчных параметраў планеты, нiчога больш не ўмелi. Да асэнсавання жыцця Тартара патрэбны былi працяглыя назiраннi, назiраннi прамыя i без пасрэднiкаў. Праўда, спробы гэтыя пакуль у большасцi заканчвалiся выратаваўчымi аперацыямi накшталт гэтай. Хiба што меншага маштабу.
Шэсць сутак назад, калi Грэхаў яшчэ блукаў па Лесе Журбы на Чары, група вучоных i камунiкатараў у колькасцi сарака шасцi чалавек накiравалася на ТФ-зоркалёце да аднаго з Гарадоў, найбольш загадкавых аб'ектаў Тартара, для дэталёвых даследаванняў. I вось ужо шэсць сутак залар з раёна пасадкi чуецца рэзкi голас аўтамата: "Увага! Выкiдваю..." - маўчанне, доўгi скрыгат, трэск i зноў: "Увага! Выкiдваю..." - маўчанне, скрыгат - i так без канца. Шэсць сутак запар людзi на Станцыi спрабуюць з дапамогай зондаў i тэлеробатаў разгледзець, што здарылася з караблём, спрабуюць, але беспаспяхова, наладзiць з iм сувязь. Здалёку калона карабля здаецца непашкоджанай i стаiць трывала, але яго нерухомасць трывожная, не з'яўлялiся каля яго i перасоўныя лабараторыi, з дапамогай якiх мелiся правесцi даследаваннi. Карабель не адчыняў люкаў, ператварыўшыся ў падабенства тых скал, каля якiх ён так дзiўна фiнiшаваў. Адзiным рухам у гэтым месцы быў рух "павуцiн", якiя чародамi кружылi вакол зямнога карабля. Дарма ўглядалiся ў мутны акiян атмасферы тэлезонды i чуйныя прыборы: у раёне пасадкi панавала дзiўная цiшыня.