Выбрать главу

Грэхаў высунуў з верхняй вежы перыскоп, зазiрнуў iм у прорву i ўбачыў толькi яскравае свячэнне, якое iшло з таемных глыбiняў. Свячэнне было роўнае i моцнае, i яму здалося, што там яшчэ поўна "павуцiнаў", якiя гублялiся за смугой туманнага свячэння.

Раптоўна пачуўся той жа самы пякельны трэск, з прорвы блiснула востра i моцна, i вясёлкавыя шары, як быццам iх падтрымлiвалi "павуцiны", адзiн за адным iрванулiся ўгору.

Экранчык перыскопа пагаснуў. У агульным экране яны бачылi скурчаны пачарнелы канец трубы, падобны на носiк закурадымленага iмбрыка.

- Д'ябал! - вылаяўся, спахмурнеўшы, Сташэўскi. - А гэта навошта?

- Можа, гэта зварот да нас? - асцярожна выказаў здагадку Дыега Вiрт. Папярэджанне або перасцярога...

- Не, - нявесела сказаў Малчанаў. - Шары - гэта закапсулiраваныя якiмсьцi магутным сiлавым полем ядзерныя выбухi. "Павуцiны" вышпурваюць iх у космас.

- Навошта? - здзiвiўся Дыега.

- Навошта - мы можам толькi здагадвацца. Паводле тэорыi таго ж Галкiна, шары - прадукты жыццядзейнасцi Гарадоў, адыходы, ад якiх "павуцiны" вызваляюць планету. Увогуле гэта вельмi рэдкая з'ява, нам проста пашанцавала...

Сташэўскi ўважлiва назiраў за прорвай. Гул узнiмаўся адтуль, трэслася глеба. На ўсякi выпадак Грэхаў адвёў танк ад абрыву метраў на пяцьдзесят i не паспеў яшчэ спынiцца, як глыбока ў целе планеты загучаў цяжкi грукат, над прорвай узляцеў густы рой доўгiх пунсовых iскраў, i сцены толькi што створанай цяснiны сталi зблiжацца. Страсенне глебы было не гэткае вялiкае, як раней, i яны заўважылi, як у момант судакранання сцен з вузкай шчылiны, што засталася ад цяснiны, вымахнуў вал аранжавага агню, затым з гучным чвяканнем сцены злучылiся, рэзкi штуршок падкiнуў танк на амартызатарах, i дарога стала вольная.

4

Яны ўжо ладна ад'ехалi ад месца штучнага цi натуральнага, невядома, катаклiзму, а зiхоткi шнур аранжавага туману, шчыльны, як вогненнае жэле, усё яшчэ трымаўся над глебай. Ён скручваўся ў трубу, дыхаў, але не разыходзiўся, i Грэхаў зразумеў, чаму плато назвалi плато Рубiнавых жыл. Давялося поўнасцю пераключыць увагу на дарогу, каб не звалiцца ў прорву пад час наступнага новаўтварэння.

Сташэўскi заняўся пеленгам i ўхiтрыўся-такi злавiць знаёмае ўсiм "...Увага! Выкiдваю...", выразна распазнавальнае скрозь трэск i выццё перашкод. Калi доўгi час паўтараць нейкае слова, сэнс яго знiкае, i ўрэшце Грэхаў перастаў успрымаць гэтую надакучлiвую песню-фразу. Рабiць здагадкi можна было бясконца, але, на думку Грэхава, гэта працаваў няспраўны аўтамат-перадатчык, а не маяк, што настройваецца - звычайна - на радыёбляск. Такiя бомбавыя аўтаматы скiдваюцца разведвальнымi караблямi ў месца маючай адбыцца пасадкi або любымi караблямi ў выпадках аварыйных сiтуацый.

Грэхаў паўтарыў у думках апошнiя словы, i марозны вецер хвалявання пагладзiў спiну шурпатымi пальцамi. "Лiха на iх! - падумаў ён. - Няўжо нiхто не разглядаў гэты варыянт - аварыя на караблi камунiкатараў? Цi, магчыма, наогул катастрофа?! Але што можа здарыцца з ТФ-караблём? Самым надзейным i магутным зямным апаратам? Чаму толькi гэтае дзiўнае сугучча мучыць слых на працягу ўжо сямi сутак? Цi сапраўды аварыя на караблi?"

Вiдавочна, ён чымсьцi выдаў сябе, бо Сташэўскi раптам уважлiва да яго прыгледзеўся, паказаў пальцам на дынамiк, адкуль усё неслася хрыплае гучанне двух слоў, i кiўнуў. Значыцца, i ён думаў пра тое ж. За тры гады сумеснай работы яны навучылiся разумець адзiн аднаго без слоў.

У нейкi момонт, што не запомнiўся сваёй ардынарнасцю, Грэхаў звыкла адзначыў сабе з'яўленне на гаразонце размытай чорнай гары, падумаўшы пры гэтым каб не давялося яе аб'язджаць. Потым цьмяны неспакой прымусiў яго прыгледзецца да гэтай гары пiльней, i, унутрана халадзеючы, ён зразумеў, што перад iмi Горад, той самы загадкавы Горад, каля якога павiнен быў размяшчацца карабель. Не паспеў ён так падумаць, як Малчанаў раптам сарваўся з месца i штосьцi здушана выгукнуў. Танк уз'ехаў на вяршыню доўгага адхону, i прыкладна за пяць-шэсць кiламетраў ад Горада яны ўбачылi карабель. Вiдаць ён быў кепска, быццам скрозь бруi вады, аднатонна шэры, падобны на тоўсты аловак, пастаўлены тарчма, i вельмi ўжо доўгiм здаваўся ён адсюль. I тут Сташэўскi сказаў нягучна:

- Ды ён жа вiсiць...

I тады Грэхаў зразумеў, у чым несамавiтасць карцiны. Карабель сапраўды вiсеў у паветры, не апускаючыся i не ўзнiмаючыся, вiсеў абсалютна спакойны i ў гэтым спакоi чужы. Можа, яны стартавалi, убачылi iх i чакаюць? Але навошта марнаваць энергiю на вiсенне? Спакойней i разумней было б дачакацца "седзячы"... Што ж гэта тады? Карабель вiсiць з той пары, як яны яго ўбачылi, i нiякай рэакцыi. Не можа ж ён вiсець так доўга дзеля задавальнення...

Але вось яны пад'ехалi блiжэй да мяжы яснай бачнасцi пыльнай атмасферы Тартара, i стаўся прыкметны нейкi рух вакол трансгала, як быццам празрыстае полымя мiгцела i струменiлася вакол яго... Грэхаву дужа захацелася спынiцца, асаблiва пасля таго, як над "алоўкам" карабля ён убачыў некалькi вялiкiх "павуцiн", што выгнулiся купалам над iм. А яшчэ каля дзесятка "павуцiн" утварылi штосьцi накшталт крацiстай сцяны памiж блiзкiм Горадам i караблём. Зноў "павуцiны"...

Сташэўскi, вiдаць, таксама нешта адчуў, ён паглядзеў на вадзiцеля неяк дзiўна, скоса, i Грэхаў спачатку запаволiў ход, а потым зусiм спынiў машыну. Мясцовасць перад iмi панiжалася, i пакат гэты цягнуўся да самага трансгала, што вiсеў над дном конусападобнай нiзiны на вышынi шасцiдзесяцi метраў. Трохi злева адтуль, дзе спынiўся танк, Грэхаў заўважыў грыбападобны выступ чорнай пароды: памерамi той не саступаў "Мастыфу", затрымаў на iм позiрк, падазроны ён ямў здаўся, потым убачыў яшчэ некалькi такiх жа "грыбоў", што ланцужком адступалi ў каламуць атмасферы.

- Ты чаго? - спытаўся Дыега Вiрт, паварочваючыся да яго. Малчанаў нi пра што не пытаўся але i ён захваляваўся, калi мiнула некалькi хвiлiн чакання, а нiчога не змянiлася. "Чакаю яшчэ хвiлiн пяць", - вырашыў Грэхаў, i ў гэты момант з чорнага "грыба" з такiм гукам, з якiм вылятае з пляшкi шампанскага корак, шугануў да зямнога зоркалёта, што лунаў паблiзу яго, гiганцкi язык найяскравага смарагдавага агню: пок!

Толькi дзякуючы фiльтрам колерабачання яны не аслеплi. Факел агню за секунду выцягнуўся да корпуса карабля, як бы абцёк яго, не кранаючыся самога корпуса, утварыўшы вогненны кокан, i тут жа ўцягнуўся назад пад "грыб". Затое ўспыхнуў яго сусед, такi ж "грыб", што i першы, выкiнуў язык агню, потым наступны, i пайшло: пок! пок! пок! - па перыметры вакол карабля. Агонь быў халодны, вонкавы тэрмавымяральнiк нават не спрацаваў, затое пад час кожнай успышкi скрыўляўся гарызонт, скрыўлялiся ўсе мясцовыя прадметы, скрыўлялася кабiна танка, i па нервах бiла хваравiта i моцна, быццам электраразрадамi. Уласна кажучы, i прыборы адзначылi iанiзацыю паветра звонку, такую, што не бывае нават у эпiцэнтры магутнай навальнiцы.

Языкi зялёнага агню абеглi па коле вакол карабля i знiклi, але ў вачах яшчэ доўга скакалi цёмныя плямы.

Усё адбылося так хутка, што Грэхаў не паспеў зрагаваць i вывесцi машыну з небяспечнай зоны, ды i наўрад цi гэта дапамагло б. Скрыўляць прастору ўмеюць i людзi, дастаткова ўключыць генератары форм або дэфарматар, але тады спрацавала б сiлавое поле, спрацавала вельмi лёгка, можна сказаць, нават элегантна, без адчувальнага змянення мас i палёў...

- Падобна на тое, што ўначы мы бачылi менавiта гэткiя ўспышкi, меланхалiчна заўважыў Малчанаў. - Я не ведаю, што гэта такое. Iнфармблок танка ўключаны?

- Вядома.

- Прабiла абарону? - пацiкавiўся Дыега Вiрт.

- Нельга сказаць, каб прабiла... - туманна адказаў Грэхаў.

- Так, - вымавiў Сташэўскi. - Нерашучасць - сiмптом няўдачы, а iсцi да карабля мы абавязаны. Цi, можа, хтосьцi думае iнакш?

Мяжу, уздоўж якой размясцiлiся "грыбы", што шугалi агнём, яны праехалi без усялякiх эксцэсаў. Iанiзацыя пайшла на спад, чырвоныя агнi iндыкатараў пацямнелi. Карабель вырастаў у памерах. Без адтулiн, шчылiн i дробных дэталей шэры маналiт, ён быў суровы i маўклiвы, ён быў падобны на манумент, на гiганцкi помнiк самому сабе, на гару мёртвага металу, застылага невысока над глебай... Вось такiя параўнаннi лезлi ў галаву Грэхава.