Выбрать главу

Чалавек падняўся па прыступках і прачыніў дзверы – зайшоў у прасторныя сені. Наведнікі тоўпіліся каля бочачкі – з селядцамі, тут жа стаялі кадкі з капустай, гуркамі. У вялізнай скрыні, у кутку, жаўцеў авёс, – коні ў падарожнага галодныя не будуць.

За акаванымі бліскучай меддзю дзвярыма, пераступіў парог, ён апынуўся ў светлай і прасторнай палавіне. Падлога была вышараваная дзеркачом – аж блішчэла. Выгабляваныя сталы стаялі пасярод залы і паўз сцены. Шырокія і доўгія лавы, вялікія вокны – па два з двух бакоў.

Хаця яшчэ быў не позні вечар, за дубовымі сталамі сядзелі мужыкі, гаманілі, медавуху разлівалі ў гліняныя кубкі. На яго ніхто не звярнуў увагі.

Прышэлец моўчкі сеў за стол, што прытуліўся ў кутку, – адтуль лацвей было глядзець за ўсёй залай. Ён не спяшаўся, таму не стаў гукаць таго, хто падасць яму піва.

Але з-за блакітнай перагародкі тут жа з’явілася нагнутая постаць карчмара – у чорнай камізэльцы, на галаве круглая ярмолка.

– Дзень добры шаноўнаму пану! Што пан загадае падаць?

– Мне паўкварты піва, горла прамачыць.

– Мо пан здарожыўся, то на перакуску ёсць у нас парасяціна, салёныя рыжыкі, ды і моцныя напоі розныя?

– Не, – пакруціў адмоўна галавой госць, – пакуль піва, а потым пабачым. Але да піва селядца можна.

– Як пажадае вяльможны пан. Піва ў нас гжэчнае, асалода піць такое. Толькі што ад бровара прывезлі.

Госць агледзеўся. Пакуль гаварылі з карчмаром, яшчэ падышлі мужыкі. Паселі, хто дзе. Заказвалі сабе сівухі, прыкусвалі капустай ці гурком, селядцом. На большае, мусіць, грошай не хапала.

У правым кутку ад дзвярэй, схіліўшы галаву над сталом, глядзеў у столь і спяваў на паўголаса не стары яшчэ дзяцюк, паныла цягнучы незразумелую мелодыю:

Пілі мы гарэліцу, ой пілі,

Га! Га, налі, карчмар, яшчэ налі…

Валасы звісалі да самага стала, хавалі яго твар. Ён зноў і зноў распачынаў сваю песню, не зважаючы ні на кога. Прыслухаўшыся, можна было падумаць, што чалавек плача і вылівае свае слёзы разам з болем, адначасова стваралася ўражанне, што чалавек пасміхаўся над самім сабой…

– Езус пахвалёны! – вывеў з задумення чыйсці зычны голас.

– Пахвалёны, добры чалавек!

– Ці можна да цябе падсесці? – Побач стаяў чалавек у зіпуне, глядзеў даверліва, камечыў у руцэ шэрую магерку.

– А чаму б не, месца усім хопіць, – адказаў ціха, запрашаючы прысуседзіцца. – І мне весялей будзе.

– Ото дзякуй, – абрадваўся новы наведвальнік, паклаў магерку побач з сабой на лаўку.

Агледзеўся, крутануў галаву ў адзін бок, у другі, як шукаючы каго.

– Відаць, ты не тутэйшы, – пацікавіўся, не адрываючы позірку ад чырвонай паркалёвай занавескі, за якой знік карчмар.

– Не. З-пад Вільні я, не так і далёка адсюль .

– Ото я бачу, і апранаха ў цябе не нашая, і гаворка трошкі адрозніваецца, – сусед скончыў свае агледзіны. – Мяне завуць Казімір Атрушкевіч. А цябе?

– Ясь. Вітажэнец.

Адказаў неахвотна, не ведаючы, што за чалавек перад ім і чаго дамагаецца. Распытваецца дзеля вясковай цікаўнасці ці мае што на мэце?

Казімір хмыкнуў, падкруціў абвіслыя вусы:

– Во якое супадзенне – Яська ды яшчэ з-пад Вільні. Мо яшчэ Яська-гаспадар?

«Не, позірк не насцярожаны, – падумалася, – і ў голасе няма той вывіжоўнай цікавасці, што ў шпігаў, значыць, на размову напрошваецца, адвесці душу хоча…»

– А што, непадобны? – хітра з-пад ілба зіркануў на Казіміра. – Не таго гатунку?

Да іх у гэты момант падышоў карчмар, паставіў перад Ясем кварту з півам, парэзаны селядзец з цыбуляю на гліняным сподку.

– Табе што прынесці, Казімір? – звярнуўся ён да новага наведвальніка – пэўна, ведаў яго.

Той узняў галаву, паглядзеў на карчмара, абыякава праказаў:

– А тое, што і заўсягды, Маісееў улюблёнец! Хоць Майсей і не загадваў табе, Іцко, спойваць праваслаўны народ, але ты харошы чалавек. І ў доўг наліць можаш, і рубля пазычыць…

Іцко зрабіў выгляд, што пакрыўдзіўся:

– Вуй, ну хіба так казаць можна пра беднага іўдзея? Чаму я спойваю людзей? Я ім весялосць даю, радасць. Прыйдуць сюды, пагамоняць, паспяваюць, душу адвядуць, а ты – «спойваеш». Я ж не прымушаю піць – во чалавек не захацеў маёй сівухі, дык півам душу адвядзе…

Казімір крутануў галавой, паглядзеў на Яся, з усмешкай прамовіў:

– Не прымушаеш? А аканомаву сівуху, што табе пастаўляе, паспрабуй не выпі, дык ён і так тыя грошы адбярэ… Жывадзёры вы, з ім заадно. Ды ладна, Іцко, цябе не перабораеш, – нясі тое, што на стол просіцца…