Паціснуўшы пакрыўджана плячыма, «маісееў улюблёнец» пайшоў у свой закуток, а Казімір наўздагон хмыкнуў напаўголаса:
– Не спойвае ён, яшчэ і як спойвае.
Трохі памаўчаўшы, зноў звярнуўся да Яся:
– Дык мы пра гатунак… Яська-гаспадар? Вітажэнец? Ну, няхай не ты сам, дык мо сустракаўся, бачыў таго Яську-гаспадара з-пад Вільні?
Казімір перайшоў на шэпт.
«А ці не залішне ты цікаўны? – падумаў пра суседа Ясь,напружана гледзячы у блакітныя вочы вяскоўца.
– Пра якога гаспадара Яську ты ў мяне пытаешся?
Казімір дастаў з-за пазухі складзеную ў некалькі столак паперчыну, паклаў перад сабою. Прыкрыў яе напрацаванай, як не чорнай, даланёй. Яна была павернута так, каб можна было прачытаць суседу насупраць самы ніжні радок, прашаптаў:
– А пра гэтага, васпане, пра гэтага Яську. Мо калі жыццёвыя дарогі і перакрыжоўваліся? Вось мы маем яго «Мужыцкую праўду», а самога і ў вочы не бачылі. Мо найміт які з царскага двара, а мо і падбухторшчык які да паўстання. Мы падымемся, а ён – шусь! – ды і ў карчы, туды, дзе ваўкі клыкастыя, дрыгва бяздонная, – га?
Вітажэнец усміхнуўся, адпіў колькі глыткоў піва з куфля, пра якое нават забыўся, уражаны быў ад нечаканага павароту размовы.
– Чытаць умееш, Казімір?
– Ты лепей спытай, ці ведаю я змест гэтага нумара.
– Добра. Спытаю. Адкажы, пра што напісана ў ім.
Не адымаючы рукі ад паперы, але прысунуўшы яе бліжэй да сябе, набраўшы паветра ў грудзі, падрыхтаваўся нешта сказаць, але ў гэты ж момант да іх падышоў карчмар. Ён моўчкі паставіў перад селянінам палову штофа сівухі, смажаніну з цыбуляй, некалькі кавалкаў чорнага хлеба.
Казімір толькі кіўнуў галавой – ці то падзякаваў. Карчмар, бачачы, што перабіў ім размову, тут жа і адышоў ад іх.
– А напісана ў газетцы вось пра што. «Маскаль то хітры, ён-то, дзецюкі, хоча, каб не даці нічога, а народ думаў, што ўжэ мае ўсё як належыць. Не мерыўшы, судзеце хаця з гэтага аб яго хітрасці. Два рокі ўжэ таму, калі яшчэ ніякіх маніхвэстаў а вольнасці не аб’яўлялі, народ у Пецярбургу, Маскве і па цэлай Расеі пачаў вельмі крычаці, што калі ронд не дасць яму вольнасці, то ён цэлаю грамадою 19 фэвраля збунтуецца. Тагды цар, бачу, збаяўся і вялеў сэнатаві з’ехаціся, а народаві аб’явіць, што ў посце вольнасць дастане. Народ дурны паверыў да і разышоўся, а цар, з сэнатам паталкаваўшы, як мінула трывога, так і аб’явіў у мейсцу вольнасці маніхвэст, а ў маніхвэсце прыказывае мужыкам служыць да часу паншчыну па-старому, а па-новаму заплаціць больш грошай у казну на пісараў, пасрэднікаў, да і чорт іх ведае на што. Судзеце ж цяпер самі, чы ж не ашуківаюць нас?..»
Казімір сцішыў голас, агледзеўся вакол, забыўшыся на сівуху і вячэру:
«Но не на доўга здасца ім круцельства, бо, як я казаў, мы ўжэ пазналі, што нам не маніхвэстаў, а вольнасці патрэба – і то вольнасці не такой, якую нам цар схоча даці, но якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробімо. А для таго, дзецюкі, каб ніхто вас не мог ашукаці, цяпер ужэ талкуйце паміж сабою, якой вам вольнасці патрэба і якім адно спосабам мужык яе дастаць можа. Толька, дзецюкі, смела, бо з намі Бог і праўда, а калі мы з Богам, то з намі ваяваці трудна, бо боска моц вяліка, а народу многа.
Так з гэтага пісьма і відна: што няма чаго ждаці ад нікога, бо той толька жне, хто пасее. Так сейце ж, дзецюкі, як прыйдзе пара, поўнаю рукою – не шкадуйце працы, – каб і мужык быў чалавекам вольным, як е на цалюськам свеце. Бог нам дапаможа!!!
Яська-гаспадар з-пад Вільні».
– Адкуль у цябе газетка? – спытаў Вітажэнец, здзівіўшыся, як субяседнік прачытаў усё па памяці.
– Ехаў адзін чалавек у карэце, па тракце ехаў. Ішоў касец з касьбы. Карэта спынілася, выйшаў падарожнік, во як ты акурат ростам, і даў касару пук газет. А той касец – Мацей Цюхна – мой сусед. Мы носім газеты па ўсіх вёсках, раздаем людзям. Вечарамі збіраемся ў каго, чытаем… Я чытаць не ўмею, толькі запамінаю ўсё. Кожнае слова памятаю. А табе магу гэтую газету даць, «Мужыцкая праўда» называецца. Калі ты ўмееш чытаць, васпане.
Ясь усміхнуўся, ледзь заўважна кіўнуў галавой:
– Трошкі, Казімір, умею, дзякуй Богу! А дзе твой сусед, спадар Казімір?
Чалавек нахмурыўся, моўчкі наліў сабе сівухі, прамовіў:
– Зямля яму пухам.
«Не хлусіць, значыць, – падумаў пра сябе Вітажэнец, – ведае пра тое. Пра расстрэл і ў «Колоколе» было надрукавана.
Казімір прыкусіў скарынкай хлеба, задумаўся, уздыхнуў.
– Харошы чалавек быў мой сусед. Дужа харошы. Разумны. Чытаць і пісаць умеў. Чаго не ўмею я.
Жаваў без смаку, глядзеў некулы ўглыб стала. А потым нечакана ажывіўся, паглядзеў на Яся, пацікавіўся: