Выбрать главу

Але насуперак гэтаму, ці ў дадатак да гэтага, пад канец пяцідзесятых гадоў, пад дэвізам сацыяльных рэформаў і барацьбы за незалежнасць і самастойнасць, значна актывізаваліся ўсе слаі грамадства на тых землях, якія анексіравала Расея.

Найбольш яскрава праявілася тое ў вёсках Каралеўства Польскага, а гэтак жа Літвы і Беларусі (Ліцьвініі) абвастрыліся замельныя канфлікты. Выклікала вялікае незадавальненне ад прымусу адбываць паншчыну. Гэта адчувалі тыя, хто быў набліжаны да расейскага цара, – тое найбольш адчуваў і ведаў цар.

1861-шы год... Аляксандр ІІ нечакана для многіх выдае распараджэнне аб вызваленні сялян ад прыгонніцтва. У тое цяжка было паверыць, і сяляне напачатку сапраўды не верылі “добраму цару-бацюхну”. Распараджэнне не толькі адмяняла паншчыну, а яшчэ і давала сялянам права ўласнасці на тую зямлю, якую яны доўгі час апрацоўвалі. За мізэрны выкуп.

Адных гэта радавала, але не ўсіх. Асабліва тых, хто жыў у Каралеўстве Польскім, у Літве, Беларусі і ва Украіне. На тыя землі распараджэнне не распаўсюджвалася. Гэта дадаткова абвастрыла сітуацыю ў вёсцы.

У навучальных установах Кіева, Масквы і Пецярбурга як грыбы пасля дажджу пачалі ўзнікаць патаемныя, канспіратыўныя, арганізацыі сярод студэнцкай моладзі. А студэнты ў асноўным – выхадцы з Літвы, Беларусі і Ўкраіны.

Нават у Акадэміі Генеральнага штаба ў Пецярбурзе афіцэр расейскай арміі Зігмунд Серакоўскі арганізаваў польскі тайны гурток афіцэраў, да якога быў далучаны і капітан Яраслаў Дамброўскі. Яго імя пазней увойдзе ў гісторыю як аднаго з будучых і актыўных кіраўнікоў Парыжскай камуны 1871 года.

А ў Кіеве пачаў дзейнічаць Тройніцкі саюз, які здолеў аб’яднаць польскіх і ўкраінскіх студэнтаў.

Тайныя саюзы пачалі ўзнікаць таксама ў навучальных установах Варшавы – Акадэміі мастацтваў і Медыцынскай хірургічнай акадэміі.

Палітычную эміграцыю на той час узначаліў Л.Мераслаўскі. Ён пільна сачыў за падзеямі, якія бурна пачалі развівацца на шырокай тэрыторыі.

Пачынаючы ўжо з 1860-га года ў Варшаве і яе правінцыях, а затым ужо і Літве, адбываюцца патрыятычныя выступленні. Прычыны быццам бы бяскрыўдныя – з нагоды нейкай даты, нейкай урачыстасці. Яскравы прыклад пераможнай барацьбы за аб’яднанне Італіі, якое ўзначаліў Джузеппе Гарыбальдзі, спрыяў пашырэнню патрыятычнаму руху сярод польскага грамадства і іх імкненняў да аб’яднання Каралеўства Польскага з землямі Літвы, Беларусі і Ўкраіны.

У год адмены прыгоннага права ў Гародні адбылося ўрачыстае святкаванне заключанай там у 1413 годзе Польска-літоўскай уніі з непасрэдным удзелам прадстаўнікоў тых земляў. Кола пратэсту хаця і пакрысе, але набывала нейкі рух.

…Браты Каліноўскія ўваходзяць у рэвалюцыйны гурток афіцэра генеральнага штаба Зігмунда Серакоўскага і капітана Яраслава Дамброўскага.

Знаёмяцца з Кіркорам і Шаўчэнкам.

……………………………………………………………

Вераніка Рыбінская выдзялялася сярод жанчынаў Мастаўлянаў.

Сымону Каліноўскаму яна прыглянулася з самай першай сустрэчы, калі ўбачыў яе, як яна выходзіла з касцёла. Адразу да яе падысці не асмеліўся – стаяла з бацькамі, а вось калі сустрэлася яму адна, на вуліцы, несла кошык з вялікоднымі пірагамі, накрытымі вышыванай сурвэткай, наважыўся загаварыць з ёю. Размова была кароткай, па некалькі слоў прамовілі, але і таго было дастаткова, каб ён прыняў цвёрдае рашэнне: “Вераніка павінна стаць маёй жонкай!..”

Тлумачыў яе бацькам, калі прыйшоў прасіць рукі іх дачкі:

– Родам з Рэплі, ёсць такая мясцінка непадалёк адсюль. Выхаванне меў дамашняе. Беззямельны я, так ужо сталася… Але маю гордае званне – шляхціц. Ведаю, гэта не багацце, але яно будзе, калі я стану ўладальнікам майстэрні ільняных вырабаў і калі за добрую памочніцу ў мяне будзе Вераніка. Бацька Стэфан і маці Тэрэзія для гэтай справы паабяцалі мне выдзеліць грошы… І вось у пацверджанне маіх намераў…

Паклаў на стол некалькі абрусаў, стос сурвэтак. Аздобленыя ўзорамі, нацыянальным арнаментам.

– Гэта я іх зрабіў сваімі рукамі. Маю такое захапленне – вырабляць рэчы з ільну і бавоўны.

Бацькі Веранікі былі ўражаны. Загадзя ведала, што бацькі дадуць згоду на шлюб, вунь як абрадаваліся, значыць, і Сымон спадабаўся ім…

Дваццаць першага красавіка 1833 года нарадзіўся першынец – сын. Назвалі яго – Віктар Отан Сямёнавіч Каліноўскі.

А другога лютага 1838 года на свет з’явіўся новы нашчадак. Нованароджанага сына двойчы запісалі ў хросныя кнігі Ялаўскага прыходскага касцёла – шостага лютага яму даюць імя Вікенцій, а чацвёртага красавіка, як і належыць католіку, два імёны – Вікенцій Канстанцін.