Выбрать главу

Лазарэвіч нарадзіла Сямёну пяцёра дзяцей.

А праз нейкі час у той жа Свіслацкай гімназіі ў канцылярскай кнізе “Аб вучнях, якія паступілі у вучэбныя ўстановы Беларускай вучэбнай акругі на 1847-1848 вучэбны год” з’явіўся запіс: “Спіс вучняў 1 класа. № 28 – Каліноўскі Вікенцій-Канстанцін Сямёнаў сын”.

Віктар у гэты ж час вучыўся ў чацвёртым класе гімназіі.

Ужо тады хлапчукі зачытваліся творамі Тараса Шаўчэнкі, а ў Вільні выйшла “Сялянка” В. Дуніна-Марцынкевіча, першая кніга першага беларускага прафесійнага пісьменніка. А яшчэ праз два гады выйшаў у свет “Маніфест Камуністычнай партыі”.

Віктар, сабраўшы вакол сябе навучэнцаў, тых, каму давяраў, расказваў пра тое, што адбыліся арышты сяброў “Саюза літоўскай (беларускай) моладзі”.

– І што стала з імі? – папытаўся аднакласнік Віктара Нікадзім Сахвоцкі.

– Што? На катаргу саслалі. Братоў Далеўскіх. А Зыгмунта Серакоўскага адправілі ў салдаты.

– Што неабходна рабіць нам? – дыпытваліся сябры, прызнаючы Віктара, ведаючы, што ён больш за ўсіх разбіраецца і ў рэвалюцыйных падзеях, і не па гадах дарослы, мае мудрасць і розум.

– Не забываць пра тое, што ў Вільні расстраляны выдатнейшы сын польскага народа – рэвалюцыянер Шыман Канарскі. Яго бліжэйшага сябра, паэта, прарока і трыбуна, якога мы можам смела аднесці да кагорты беларускіх рэвалюцыянераў, – Францішка Савіча, – саслалі на Каўказ простым салдатам. Гэта Савіча словы: “Патрэбен муж з сэрцам Вашынгтона і Іпсілантыя, з сілаю і розумам Напалеона”. З пінскіх балот і курных хатаў, пэўна, выйдзе гэты герой”. Не будзем адчайвацца і мы.

– Не будзем! – падтрымаў брата Кастусь. – Назапасім у сваіх сэрцах цярпенне і мужнасць для будучага змагання.

– Правільна, дружа! – адобрыў яго словы прамоўца. – Нам пра гэта падказвае рэвалюцыя ў Кракаве. Недарэмна аддаў жыццё яе правадыр – малады польcкі рэвалюцынер-дэмакрат, па ацэнках сучаснікаў таленавіты і адораны Божай ласкай Эдвард Дамбоўскі. Заходняя Галіцыя ўскалыхнула ўсю Еўропу. Там адбылося паўстанне сялян супраць сваіх прыгнятальнікаў – памешчыкаў. Сяляне нашага краю – Беларусі і Літвы – мараць зрабіць тое ж самае, што і іх браты ў Галіцыі.

– Калі гэта будзе? – не вытрымаў, папытаўся гімназіст Веніямін Гданоўскі. – І ці будзе тое?..

Маўчаць гімназісты. Разумеюць, што ў іх адбыліся не простыя пасядзелкі, а нешта больш адметнае…

Віктар, найбольш за ўсіх адчуўшы значнасць гэтай падзеі, прапанаваў:

– Назвем нашую групу “Маладыя змагары”. Паклянемся ў едансці і вернасці агульнай справе. Далучыце свае рукі да маёй.

І ён выдаўжыў руку, сціснуўшы яе ў кулак.

Да яго падыходзілі і падыходзілі “маладазмагарцы”, клалі даланю на яго кулак, ашчэплівалі, сціскалі. Усе дзесяць чалавек, што прыйшлі ў закінуты і стары будынак, змацавалі агульны кулак.

Самы апошні, завяршыўшы жывую гару рук, паклаў сваю далонь Вікенцій Канстанцін Каліноўскі.

…Неўзабаве Свіслацкая гімназія ператвараецца ў пяцікласнае павятовае вучылішча. Віктар Каліноўскі працягвае навучанне ў Гродзенскай гімназіі. Яго брат застаецца ў вучылішчы. Кіруе “Маладымі змагарамі” Вікенцій Канстанцін.

Аднойчы вартаўнік вучылішча падслухаў гутарку юнакоў і тут жа данёс дырэктару вучылішча.

Калі ж юнака выклікалі ў кабінет дырэктара, Кастусь здзіўлена спытаў:

– У чым мы вінаватыя? Тады хай разам з намі адказвае і настаўнік літаратуры Зыгмунт Янавіч.

– Чаму ён? – уперыўся дырэктар Янушоў чорнымі вачыма ў хлопца.

– Ён нам даў заданне напісаць да Новага года вершыкі, прысвечаныя нашай вучобе. Ды на кожнага выкладчыка… Мы сабраліся ў адрынцы і разам пісалі іх.

Янушоў не паверыў у шчырасць Кастуся, перапытаў:

– Дык чаму ж вы ў класе не збіраліся? Вам жа ніхто не забараняў.

– Дык той жа вартаўнік падслухае нейкае нашае слова. Пераверне яго дагары нагамі. І бяжыць потым да вас з даносам. Такое ж было месяц назад. То ж вы прасілі тады напісаць агульны ліст нашага класа з нашымі прапановамі і пажаданнямі. А тут вось зноў…

Дырэктар яшчэ раз пільна паглядзеў на гімназіста, зразумеўшы, што ніякіх падстаў няма падазраваць хлопцаў у нечым, перапытаў:

– А да Новага года вы паспееце напісаць?

– Ды мы амаль заканчваем!

– Ідзіце, Каліноўскі!

А яшчэ і не пачыналі пісаць тыя вершыкі. Прыйшлося добра папацець гурткоўцам, каб выканаць просьбу настаўніка, – каб яго не падвесці і свайго завадатара Кастуся Каліноўскага.

…Віктар скончыў гімназію, прыехаў у фальварак да бацькі.

– Куды цяпер, Віктар? – папытаўся брат. – З’едзеш?